Жыхары Варшавы ўшаноўваюць памяць людзей, якія загінулі ад рук фашысцкіх акупантаў, у тым ліку мірных жыхароў сталіцы, якія сталі ахвярамі гітлераўцаў ды іх калабарацыяністаў. 1 верасня споўніцца 85 гадоў з пачатку Другой сусветнай вайны, а 1 жніўня палякі адзначалі 80-годдзе Варшаўскага паўстання.
Жыхары Польшчы панеслі вялізныя страты ў часе Другой сусветнай вайны. Варшава была амаль цалкам знішчаная, гітлераўскія акупанты праводзілі генацыд польскага народу. Гінулі не толькі салдаты на фронце, але таксама мірныя жыхары. У жніўні 1944 года фашысты кінулі вялікія сілы на тое, каб падавіць Варшаўскае паўстанне. Яны разумелі, што ўжо прайгралі вайну, але замест таго, каб вывесці войскі, на што разлічвалі камандзіры паўстання, яны пачалі помсціць жыхарам – жанчынам, дзецям, старыкам. Асабліва пацярпелі сталічныя раёны Воля (Wola) і Ахота (Ochota).
Надоечы, 11 жніўня, жыхары раёна Ахота ўдзельнічалі ў мерапрыемстве памяці ахвяр. Пётр Брулікіс (Piotr Brulikis), аўтар блога, прысвечанага паўстанню, правёў іх па месцах, звязаных з гэтымі трагічнымі падзеямі. Ён распавёў, што гвалт супраць мірных жыхароў не быў выпадковасцю. Гэта была палітыка Адольфа Гітлера, распрацаваная яшчэ перад вайной. Гісторык прывёў цытаты, якія гучалі падчас ваенных нарадаў Гітлера з камандзірамі Вермахту.
- Цытую: “Я ўтрымліваю свае падраздзяленні ў поўнай гатоўнасці забіваць без жалю і літасці мужчын, жанчын і дзяцей польскага паходжання і польскай мовы. Толькі такім чынам мы мажам атрымаць неабходную тэрыторыю”. Гітлер таксама казаў: “Кожны грамадзянін Германіі будзе разумець, што да кожнага паляка трэба ставіцца як да шкодніка. Не можа быць польскіх паноў, калі польскія паны яшчэ існуюць, трэба іх забіць. Двое паноў не можа жыць побач, таму неабходна знішчыць усіх прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі. Гучыць жорстка, але такое права жыцця”.
Падчас экскурсіі ўдзельнікі наведалі месцы, дзе фашысты забівалі мірных жыхароў. Таксама прагучалі ўспаміны сведкаў тых падзей. Збігневу Кабыліньскаму (Zbigniew Kobyliński) у жніўні 1944 года было чатыры гады. Ён разам з бацькамі трапіў на так званы Зеленяк (Zieleniak) – месца, куды фашысты заганялі мірных жыхароў, дзе яны чакалі размеркавання ў канцлагеры. Цяпер там знаходзяцца сельскагаспадарчы рынак і крамы. Праз Зеленяк прайшло прыкладна 60 тыс. чалавек. Яны чакалі часта па некалькі дзён, без ежы і вады, салдаты іх грабілі, білі і забівалі, гвалтавалі жанчын і дзяўчынак. Спадар Збігнеў добра памятае тыя жахлівыя некалькі дзён.
- Прыйшлі салдаты, якіх мясцовыя жыхары звалі ўкраінцамі, яны размаўлялі па-расійску, простай мовай. Загадалі хутка збірацца. Мне было чатыры гады, мае першыя ўспаміны з паўстання – як гарэў дом – як запалка. На Зеленяку мы з мамай правялі дзве ночы. Гэта быў размеркавальны лагер, нельга былі выйсці за агароджу. Мы спалі на дзяўчынках, каб схаваць іх, паколькі ўкраінцы шукалі маладых дзеўчын, выцягвалі іх з натоўпу і гвалтавалі. Маёй маме было каля 40 гадоў, ёй ужо не зацікавіліся. Каля нас была цэлая сям’я – суседзі з трыма дочкамі. Старэйшай было 16 гадоў. Яе не ўдалося выратаваць, яе выцягнуў украінец і забраў з сабой, згвалтаваў, але яна вярнулася. Я не ведаю, што было з імі далей. Пазней нас пагналі пехатой у Прушкаў, дзе быў лагер для жыхароў. Звярніце ўвагу, што сёння ў нас чамаданы на калёсіках, а тады ўсе рэчы прыходзілася несці. Калі хтосьці адставаў, яго забівалі. Паўстанцаў не было, яны спрабавалі заняць гэтую частку Варшавы, але не ўдалося. А гітлераўцы сюды кінулі падраздзяленні Расійскай вызвольнай народнай арміі (РОНА). Гэта было дрэнна ўзброенае войска, яно займалася галоўным чынам рабаваннем і забіваннем мірных жыхароў, а таксама гвалтаваннем жанчын. Нямецкія афіцэры паяўляліся, яны кантралявалі сітуацыю. А камандзіра “ронаўцаў” пазней расстралялі з-за таго, што яны грабілі для сябе, а не для немцаў.
У часы Польскай Народнай Рэспублікі трагедыя жыхароў паўстанцкай Варшавы замоўчвалася, паколькі ў масавых забойствах удзельнічалі салдаты Расійскай вызвольнай народнай арміі (Российская освободительная народная армия - РОНА), каля 1700 чалавек. Паводле афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі, Савецкі Саюз вызваляў Польшчу ад акупантаў, таму для прапаганды невыгодным быў факт удзелу ў ваенных злачынствах расійскамоўных салдат – расіян, украінцаў ці беларусаў. Калі ўжо і казалі пра калабарацыю з гітлераўцамі, дык часцей згадвалі ўкраінцаў, а не расіян.
Таму адразу пасля вайны гэтая трагічная старонка гісторыя не даследавалася, нават у 90-ыя гады пра масавыя забойствы і згвалтаванні мірных жыхароў было няшмат вядома. “А наш абавязак – памятаць”, - гаворыць дэпутатка Гарадской рады раёна Ахота Барбара Ляшчкоўска (Barbara Laszczkowska).
- У перыяд адзначэння гадавіны варшаўскага паўстання я стараюся быць на розных мерапрыемствах, звязаных з гэтай датай. Ёсць сустрэчы з паўстанцамі, гістарычныя экскурсіі, як гэтая. Жыхары ўсё больш цікавяцца гісторыяй. Раён Ахота – гэта спецыфічнае месца. Тут пачалася барацьба раней, чым у іншых раёнах сталіцы. Было шмат трагічных сітуацый і на пачатку вайны, і пад канец. Варшаўскае паўстанне на Ахоце закончылася практычна 11 жніўня (1944 г. – рэд.), паколькі змагары былі прымушаныя адступіць. А мірныя жыхары сталі ахвярамі гітлераўцаў. Дагэтуль старэйшыя асобы расказваюць свае страшныя ўспаміны з тых часоў. На маю думку, гэта наш абавязак – памятаць і адзначаць гэтую дату.
Дакладна невядома, колькі мірных жыхароў загінула падчас Варшаўскага паўстання. Гісторыкі называюць лічбы ў 150-180 тысяч чалавек.
нг
Памятная дошка ў месцы, дзе ў часы вайны расстралялі мірных жыхароў Варшавы.
Пётр Брулікіс расказвае пра адно з месцаў трагічных падзей.