12 гадоў таму памёр Вільгельм Брасэ. Дзякуючы яму бясследна не зніклі доказы нямецкіх зверстваў у канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц. Вільгельм Брасэ, якога называлі «фатографам з Аўшвіц», цягам некалькі гадоў па загадзе СС вёў фотадакументацыю, зрабіўшы 50 тыс. фотаздымкаў. Пасля пачатку эвакуацыі лагера яму ўдалося выратаваць некалькі дзясяткаў тысяч з іх, што паслужыла сведчаннем злачынстваў супраць чалавечнасці.
Вільгельм Брасэ нарадзіўся ў 1917 годзе ў горадзе Жывец у паўднёвай Польшчы, які тады ўваходзіў у склад Аўстра-Венгерскай Імперыі. Бацька будучага фатографа быў аўстрыйцам, а маці – полькай. Бацька Вільгельма, нягледзячы на сваю нацыянальнасць быў польскім патрыётам: ён ваяваў у польскай арміі падчас польска-савецкай вайны, а ў 1939 годзе, калі немцы напалі на Польшчу, уступіў у шэрагі Войска Польскага. Закончыўшы школу, Вільгельм Брасэ пайшоў вучыцца на фатографа. Вось як ён згадваў пачаткі сваёй прафесійнай кар’еры ў эфіры Польскага радыё ў 2010 годзе.
- Мая мама мяне паслала ў мясцовае фотаатэлье, каб я навучыўся і стаў фатографам. У 1935 годзе я здаў прафесійны экзамен і, будучы маладым фатографам, знайшоў працу ў Катавіцах. Я працаваў у вельмі добрым фотаатэлье ў самым цэнтры горада. Калі фатограф добры, то ён ведае, як паставіць чалавека, каб зрабіць яму добрую фатаграфію, як падабраць святло – ці больш вострае, ці больш спакойнае. Адным словам, у фатографа павінна быць добрае вока. Мне здаецца, што я быў добрым фатографам, бо мае здымкі падабаліся кліентам, і я нядрэнна зарабляў як на тыя часы.
Вільгельм Брасэ ў апошнія гады жыцця. Крыніца: YouTube/screen
Калі пачалася вайна і немцы акупавалі Польшчу, Вільгельм Брасэ адмовіўся падпісваць фольксліст як сын аўстрыйца. Ён свядома зазначыў у дакументах, што з’яўляецца палякам. У сакавіку 1940 года хлопец з сябрамі вырашыў накіравацца ў Францыю, каб уступіць у польскія ўзброеныя сілы, якія там фармаваліся. Аднак іх злавілі ўкраінскія паліцэйскія і перадалі немцам. У турме хлопец прасядзеў чатыры месяцы. Аднойчы яго выклікаў да сябе нямецкі афіцэр і сказаў, што калі маладзён падпіша дакументы і ўступіць у Вермахт, то яго вызваляць. Вільгельм адмовіўся і яго ў жніўні 1940 года перавялі ў канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц.
У лютым 1941 года Вільгельма і некалькіх іншых зняволеных выклікалі ў кабінет каменданта лагера Рудольфа Хёса, дзе праверылі іх навыкі фатаграфавання. Брасэ асобна адзначылі за прафесійную працу ў лабараторыі і ўменне абыходзіцца з камерай, а таксама за веданне нямецкай мовы, пасля чаго загадалі заняцца дакументальнай здымкай.
Вільгельм Брасэ з адным са сваіх здымкаў у 2005 годзе. Крыніца: commons.wikimedia.org/chicagodocfestival.org
Ужо пасля вайны Брасэ згадваў, што адчуваў сорам перад тымі, каго фатаграфаваў, аднак не мог нічым ім дапамагчы, баючыся парушыць загад. Праз паўтара года Вільгельм сустрэў Ёзэфа Менгеле – лекара, які праводзіў медыцынскія эксперыменты на зняволеных, якога называлі «анёлам смерці з Аўшвіц». Эсасаўцу спадабаліся здымкі Брасэ і ён загадаў фатографу зрабіць фота некалькіх блізнят, а таксама вязняў з заганамі развіцця, над якімі Менгеле праводзіў доследы. У прыватнасці, маладому фатографу прыйшлося зрабіць здымкі эксперыментаў па забойстве зняволеных газам Цыклон Б.
У размове з журналісткай Польскага радыё ў 2010 годзе Вільгельм Брасэ згадаў пэўны трагічны момант.
- Гэта была вясна 1941 года. Да мяне прывялі вязняў, каб зрабіць ім здымкі. І сярод іх я пазнаў сваіх знаёмых яўрэяў з майго роднага горада Жывец. Прывёў іх кат, на жаль, паляк. Звалі яго Вацлаў Рудзкі. Я яго папрасіў, каб ён іх забіў так, каб іх смерць не была пакутлівай. Вы ўяўляеце, што я цяпер вам расказваю? Іншым чынам я ім не мог дапамагчы...
Акрамя вязняў, фатаграфавацца да Вільгельма прыходзілі і людзі з адміністрацыі лагера. Дзякуючы такім падпрацоўкам Брасэ атрымліваў цыгарэты і ежу.
Калі Чырвоная армія набліжалася да канцлагера, начальнік Брасэ загадаў знішчыць негатывы фотаздымкаў. Немцы распалілі агонь і пачалі кідаць у яго стужкі. Аднак яны былі вырабленыя з цэлюлоіду, які не гарыць, а толькі плавіцца. Калі Брасэ застаўся адзін, то ён заліў агонь вадой, выцягнуў стужкі і разам з сябрам схаваў іх у фоталабараторыі.
Пасля ўваходу савецкіх войскаў у Польшчу, Вільгельма і тысячы іншых зняволеных перагналі ў канцэнтрацыйны лагер Эбэнзэ, адкуль іх у пачатку мая 1945 года вызвалілі амерыканскія войскі.
Вярнуўшыся дадому ў Жывец, Вільгельм паспрабаваў вярнуцца да фатаграфавання, аднак успаміны і карціны ўбачанага працягвалі пераследваць яго падчас працы. «Кожны раз, калі я глядзеў у відашукальнік, там з'яўляліся яўрэйскія дзяўчыны». У выніку ён кінуў фатаграфаванне і адкрыў невялікі прыватны бізнэс.
Брасэ не раз вяртаўся ў музей Аўшвіц, каб падзяліцца ўспамінамі з наведвальнікамі, і хоць у яго з сабой была маленькая даваенная фотакамера Kodak, ён ні разу не зрабіў ніводнага здымка.
У 2005 годзе ў Польшчы выйшаў дакументальны фільм пад назвай Portrecista, прысвечаны лёсу Вільгельма Брсаэ.
Вільгельм быў жанаты і меў дваіх дзяцей ды пецярых унукаў. Ён жыў са сваёй жонкай у Жыўцы да самай смерці ў 94 гады. Памёр Вільгельм Брасэ 23 кастрычніка 2012 года.
Валеры Саўко
рубрыка падрыхтаваная паводле архіўных матэрыялаў Польскага радыё
слухайце аўдыёфайл