Беларуская Служба

20 ліпеня 1944 году быў здзейснены замах на Гітлера

18.07.2019 19:40
Гітлер павінен быў загінуць, але толькі аглох ад выбуху бомбы.
Аўдыё
  • 20 ліпеня 1944 году быў здзейснены замах на Гітлера

Загавары і спробы вышэйшых афіцэраў вермахта зрынуць ці забіць Гітлера існавалі з другой паловы 30-х гадоў. Але ўсе яны былі безвыніковымі.

У 1942 годзе нямецкае камандаванне пачало распрацоўваць план «Валькірыя», які тычыўся вырашэння надзвычайных сітуацый у Нямеччыне.

Дзеля гэтага выкарыстоўваўся ўнутраны рэзерв. Генерал арміі Фрыдрых Ольбрыхт прапанаваў выкарыстаць войскі рэзерва дзеля захопу ўлады пад час ліквідацыі Гітлера, арышту кіраўніцтва СС. Пасля перавароту планавалася ўтварыць часовы ўрад, на чале дзяржавы павінен быў стаць былы кіраўнік генеральнага штабу Людвіг фон Бек. Новае кіраўніцтва павінна было дамовіцца з заходнімі краінамі і супольнымі сіламі працягваць вайну супраць СССР.

У 1943 годзе да загавару быў падключаны падпалкоўнік граф Клаус фон Штаўфенберг, які да гэтага быў адданы ідэям нацызму, але расчараваўся і лічыў, што Гітлер вядзе Нямеччыну да катастрофы.

У 1944 годзе Штаўфенберг быў прызначаны кіраўніком штабу арміі рэзерву, што дало яму магчымасць быць на ўсіх важных сустрэчах з Гітлерам. 6 і 11 ліпеня была магчымасць ліквідацыі Гітлера, але загаворшчыкі пастанавілі адкласці пакушэнне, вырашыўшы, што разам з Гітлерам трэба забіць Гімлера і Герынга.

Урэшце забойства Гітлера запланавалі на 20-га ліпеня. У гэты дзень у стаўцы Гітлера «Вольфшанцэ», ці «Воўчае логава», якое знаходзілася ва Ўсходняй Прусіі (недалека ад польскага гораду Кэнтшын).

Нарада распачалася а 12:30, Штауфенберг прынёс бомбу ў партфелі, які ён паставіў пад стол у некалькіх метрах ад Гітлера. Але, калі ён пакінуў залу, партфель з бомбай перасунулі, што і выратавала жыццё Гітлеру.

Выбух адбыўся а 12:42, з 24 чалавек, якія былі прысутныя на нарадзе, чацвёра загінулі. Гітлер не быў ліквідаваны. Ён толькі часова аглох ад выбуху. 

Хаця адразу пасьля пакушэння пачалася аперацыя «Валькірыя» і рэзервовыя войскі былі ўведзены ў дзеянне, інфармацыя пра тое, што Гітлер застаўся жывы, дэзарыентавала загаворшчыкаў і паралізавала дзеянні некаторых з іх.

К 11 гадзіне ночы ўсе асноўныя загаворшчыкі былі арыштаваны, у тым ліку і Штауфенберг. Уначы ён і яшчэ 4 галоўных удзельніка загавару былі хутка растраляныя кіраўніком рэзервовых войскаў Фрыдрыхам Фромам (які таксама быў удзельнікам загавару).

Але, загавар распачаў шырокую хвалю рэпрэсіі ў дачыненні да вайскоўцаў і палітыкаў Нямеччыны, якія не падтрымлівалі палітыкі Гітлера. Было арыштавана 7 тыс. чалавек., каля 5 тыс. было прыгаворана да смерці.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара