Сучасныя прылады даюць магчымасць зрабіць сэлфі на фэйс, твіціць, стрыміць, лавіць момант з дапамогай інстасторы або снапа ці гугліць у Інтэрнэце. Пра тэхналагічную лексіку пойдзе гаворка ў нашай сённяшняй перадачы з цыклу «Польская мова без межаў».
Мова, звязаная з тэхналогіямі, жыве ўласным жыццём, а новыя тэрміны не дапамагаюць яе зразумець, у прыватнасці асобам, якія не цікавяцца тэхналагічным развіццём.
Блог – з ангельскай мовы – weblog – першапачаткова «мемуары ў інтэрнэце». Цяпер від сайта, які аўтар запаўняе храналагічнымі допісамі на любімую тэму. Сённяшнія блогі часта маюць прафесійны або камерцыйны характар.
Госцем нашага эфіру з’яўляецца мовазнаўца, супрацоўніца Варшаўскага Ўніверсітэту Агата Хонця (Agata Hącia), аўтарка, між іншым, кніжкі «Што робіць язык за зубамі. Правільна па-польску для наймалодшых».
Новая тэхналагічная тэрміналогія, якая ўваходзіць у польскую мову, гэта пераважна словы іншамоўнага паходжання. Чаму нам прасцей прыняць чужыя словы, чым ствараць уласныя?
- Лянота. Нам выгадней прыняць тое, што ўжо гатова, чым напружваць сябе і прыдумваць адпаведнік іншамоўнага слова, выразу ці назвы. Людзі ад прыроды лянівыя, і гэта бачна па мове.
Аднак за апошнія 30 гадоў гэта крыху змянілася, бо калі ў мінулым мы прынялі слова «камп'ютар» такім, якім яно да нас дайшло разам з гэтымі прыладамі з Захаду, дык ужо часткі камп’ютара, як «клавіятура», motherboar, па-беларуску «матчына плата», па-польску płyta główna, або «памяць» палякі назвалі сваімі словамі, але іншыя засталіся ў арыгінальным гучанні – pendrive – па-беларуску флэшка, па-польску – пэндрайв.
- Я яшчэ сустрэлася з акрэсленнем «paluszek» (па-беларуску «пальчык»), таксама «stik», але «stik» – гэта таксама запазычанне, па прынцыпу як «пэндрайв». Гэта адаптацыя замежнага слова і прыстасаванне яго да польскай граматыкі. Так, моўная лянота пашыраецца. Аднак, хіба што, не трэба супраць гэтай зʼявы жорстка пратэставаць. Можна гэта патлумачыць такім чынам, што нас стымулюе столькі інфармацыі, столькі новага ў гэтай галіне, пра якую мы цяпер кажам, і выдумляць кожны раз адпаведнік ангельскага слова, падаецца непатрэбным высілкам. Паводле мяне, так яно і ёсць, і так многія мяркуюць.
Варта таксама адзначыць, што бальшыня слоў, якія ўваходзяць у родную мову, гэта назвы прыладаў, паслуг, або дзеясловы ад гэтых словаў, вельмі часта гэта ўласныя імёны. У такім выпадку, хутчэй за ўсё, цяжка прыдумаць адэкватны эквівалент.
- Уласныя назвы не перакладаем. У мінулым для такіх ідэй прыводзіліся контраргументы, што Гельмут Коль быў бы Гельмутам Капустай, а віскі Johnnie Walker (Джоні Уокер) трэба бы назваць «Янка Вандроўнік». Мы так не робім з уласнымі імёнамі. Ёсць яшчэ адзін аргумент за тое, каб пакідаць ангельскія словы і толькі прыстасоўваць іх да польскай граматыкі – гэта інтэрнацыяналізм. Ангельская мова цяпер з’яўляецца дамінуючай мовай у свеце. Ангельскія словы лепш будуць зразумелымі, нават калі іх адаптуем да нашай граматыкі, напрыклад, гульцамі камп’ютарных гульняў, чым адпаведнікі на роднай мове, прыдуманыя замест ангельскіх словаў.
СМС – абрэвіятура з ангельскай мовы short message service – або паслуга адпраўлення кароткай інфармацыі на сотавы тэлефон. Першае смс-паведамленне адправілі ў 1992 годзе, а цяпер залаты век ужо за ім, таму што пераважная колькасць камунікацыі адбываецца праз Інтэрнэт.
Мы ўжо тут некалькі разоў згадалі ангельскую мову, і таксама варта гэта падкрэсліць, што гэтая мова з’яўляецца ў пэўным сэнсе прыродай ІТ-індустрыі ды бізнесу. І найперш вось гэтыя сектары ўводзяць новыя словы.
- Так. Гэта так. Гэтыя колы не толькі фарміруюць грамадскую думку, яны таксама ствараюць новыя словы. Спачатку мова карпарацый, ці мова гульцоў з’яўляецца ўнутраным, уласным відам мовы, але іх словы даволі хутка пранікаюць у агульную мову.
З гэтым звязана пэўная праблема, бо маладыя людзі, захопленыя тэхналогіямі, карыстаюцца новымі словамі вельмі лёгка, як часткай роднай мовы. А ў выпадку людзей звонку гэтых колаў, назіраецца гэтак званая з’ява лічбавага выключэння.
- Гэта вельмі добрае акрэсленне – «лічбавае выключэнне», калі гутарка ідзе пра людзей, якія не ўдзельнічаюць у інтэрнэце вельмі інтэнсіўна, назіраецца адсутнасць разумення, бо бар’ерам зʼяўляецца мова. І варта задумацца, што з гэтым зрабіць. «Лічбавыя тубыльцы» – так пра іх кажуць, пра тых, для каго новыя медыі, мова тэхналогіі з’яўляюцца іх мовай, яны павінны ведаць, што іх мова не адзіная ў свеце, павінны ведаць, што яны ўжываюць толькі варыянт польскай мовы, а не агульна зразумелую ў Польшчы мову. Я б хацела, каб нейкі «лічбавы тубылец» патлумачыў мне свой свет. Тады той, хто не ведае гэты свет, больш прыхільна паставіцца да «лічбавых тубыльцаў» і крыху вывучыць іх мову.
Стрыміць – перадаваць у рэальным часе мультымедыйную інфармацыю з дапамогай Інтэрнэту. Стрым можа адносіцца да музыкі або кінапрадукцыі, змешчанай на нейкім уэб-сайце, а можна таксама стрыміць уласны відэазапіс ужывую.
А ці мы можам або павінны абараняць чысціню мовы, ці ўжо нават думаць аб гэтым надта позна.
- Я не ведаю, ці варта казаць пра «чысціню мовы». Паводле мяне, такой з’явы фактычна не існуе. Нехта палічыў, што запазычаных слоў або выразаў з іншамоўным коранем у нас 70%, а не запазычаныя словы – гэта толькі 30%. Гэта вельмі мала, таму чысціня мовы – гэта міф, пры чым, шкодны міф. Аднак мы можам навучацца пераключаць коды. Польская мова неаднародная. Дбайнасць, клопат пра мову палягае на тым, каб падабраць адпаведны код да сітуацыі – з кім гутарым, на якую тэму і г.д. Свядомасць існавання разнародных кодаў і здольнасць іх мяняць з’яўляецца сродкам дбайнасці пра польскую мову.
Госцем нашага эфіру была мовазнаўца, супрацоўніца Варшаўскага Ўніверсітэту Агата Хонця (Agata Hącia), аўтарка, кніжак і падручнікаў па польскай мове, між іншым напісала кніжку для дзяцей «Што робіць язык за зубамі. Правільна па-польску для наймалодшых».
Цыкл «Польская мова без межаў» часткова фінансуецца Фондам «Дапамога палякам на Ўсходзе» у рамках ажыццяўлення падтрымкі Сенатам Польшчы польскай дыяспары і палякаў за мяжой.
яс