З 1992 году ў Расійскай Федэрацыі распачалося супрацьстаянне паміж прэзідэнтам Барысам Ельцыным і З’ездам народных дэпутатаў РФ, а таксама Вярхоўнай радай. Ельцын катэгарычна настойваў на глыбокіх зменах у канстытуцыі з мэтай пашырэння паўнамоцтваў прэзідэнта і правядзення маштабных ліберальных рэформаў.
Гэтым намерам супрацьстаяў З’езд, які абапіраўся на канстытуцыю, па якой менавіта З’езд з’яўляўся вышэйшым органам улады. Супрацьстаянне фактычна паралізавала дзейнасць усіх органаў улады. У сакавіку 1993 году Ельцын аб’яўляе пра прыпыненне дзеяння канстытуцыі і ўвядзенне асаблівага парадку кіравання краінай.
Канстытуцыйны суд прызнаў дзеянні прэзідэнта неканстытуцыйнымі і акрэсліў іх як магчымую прычыну для адхілення Ельцына з пасады прэзідэнта.
28 сакавіка З’езд спрабаваў правесці імпічмент.
Падчас галасавання за адхіленне Ельцына ад улады прагаласавала 617 дэпутатаў пры неабходнай колькасці ў 689. Пасля гэтага быў ініцыяваны рэферэндум па пытаннях даверу прэзідэнту Ельцыну, але ізноў Ельцын утрымаў свае пазіцыі.
21 верасня 1993 году Ельцын падпісаў загад №1400 «Аб паступовай канстытуцыйнай рэформе РФ», загад таксама абавязваў З’езд народных дэпутатаў спыніць сваю дзейнасць і на снежань 1993 году прызначаліся новыя выбары ўжо ў Дзяржаўную думу.
У адказ на дзеянні Ельцына З’езд (абапіраючыся на Канстытуцыю і рашэнне Канстытуцыйнага суду) адхіляе Ельцына ад улады, прэзідэнцкія паўнамоцтвы былі перададзены віцэ-прэзідэнту, былому паплечніку Ельцына Александру Руцкому.
Будынак З’езда стаўся цэнтрам праціўнікаў Ельцына, туды пачалі сцягвацца таксама ўзброеныя людзі.
Фактычна ў Расіі на кароткі час усталявалася двоеўладдзе. Тым не менш, Ельцын працягваў кантраляваць сілавікоў. Палітычнае супрацьстаянне пераўтварылася ў вайсковае (з 4 па 5 кастрычніка), калі ў Маскву былі ўведзены войскі, а будынак (Белы дом) З’езду і Вярхоўнай рады быў абстрэлены танкамі.
Павал Усаў