Мільярдэр і ўладальнік кампаніі SpaceX Элан Маск у апошнюю суботу прэзентаваў прататып зоркалёта Starship, які, па яго словах, зможа перавозіць людзей і матэрыялы на Месяц, а таксама на Марс, пасля чаго вяртацца на Зямлю.
У сваёй прамове ў касмічным цэнтры SpaceX у вёсцы Бока-Чыка, на поўдні Тэхаса, Маск заявіў, што першы выпрабавальны палёт Starship адбудзецца праз 1-2 месяцы.
Касмічнае судна павінна быць узнята на вышыню некалькіх дзесяткаў кіламетраў, а потым яно вернецца на Зямлю.
Маск падкрэсліў, што для касмічных палётаў на вялікія адлегласці неабходна стварыць касмічныя караблі шматразовага выкарыстання. Мільярдэр дадаў, што такія палёты ў бліжэйшы час стануць неабходнымі ў сувязі з вычэрпваннем прыродных рэсурсаў Зямлі.
- Чалавецтва павінна пачаць шукаць новыя крыніцы паставак сыравіны і энергіі, а вывучэнне космасу з дапамогай беспілотных апаратаў дае абмежаваныя магчымасці, – лічыць Маск.
Прэзентацыя Starship адбылася ў 11-ю гадавіну першага палёту ракеты SpaceX на арбіту Зямлі.
яс