Тыднёвік Newsweek заняўся тэмай халасцякоў у Польшчы. Аказваецца, што ў краіне агулам жыве больш за 9 млн сінглаў. У гэтым 5 млн кавалераў і амаль 4 млн паненак. Найбольш халастых мужчын жыве на поўдні краіны ў рэгіёне Малапольска. Жыхар вёскі Одмэнт (Odmęt) 24-гадовы фермер скардзіцца, што ніяк ня можа знайсці сабе дзяўчыну. Маладзён моцна заняты гаспадаркай, паненкам не падабаецца тое, што ён рэдка перапісваецца з імі на мэсэнджары. «А як мне пісаць, калі я на трактары і рукі занятыя», – расказвае Марцін, гаспадар на 40 гектарах з жывёлагадоўляй быкоў. Марцін наракае, што ўсе дзяўчаты ўжо за мужам, або зʼехалі ў Галандыю ці Нямеччыну. – І што там яны робяць? Працуюць у полі для іншых чужых мужыкоў. – Польскія жанчыны павінны заставацца ў Польшчы і быць жонкамі польскіх моцных і багатых мужыкоў, – так кажа сваяк Марціна, кандыдат у Сэйм ад крайне правай партыі Канфэдэрацыя Януша Корвіна –Мікэ. І таму Марцін прагаласуе за свайго пляменніка, які балатуецца кандыдатам ад гэтай партыі.
Па гэтай жа прычыне іншы Марцін і Марэк, абодва халасцякі пад трыццатку, чыноўнік дзяржаўнай адміністрацыі і прафесіяльны кіроўца, падтрымаюць на выбарах (13 кастрычніка) кіруючую «Права і справядлівасць». Яны ненавідзяць левых палітыкаў, якіх вінаваць у тым, што з-за іх жанчыны сталі незалежнымі ад мужчын, а мужчынскі пол хутка не будзе ўвогуле патрэбны жанчынам.
- Сучаснай жанчыне хопіць банк спермы ды сябра гей, з якім яна пойдзе на сальсу, і пабалбатаць за латэ з абястлушчаным малаком, – наракае чыноўнік.
- Трэба зладзіць нейкую вайну, каб бабы ўбачылі б, што мужык умее абараняць і забяспечваць ежай. Мужчынскі пол не для танцаў і балбатання, – злуецца кіроўца.
Абодва збіраюцца галасаваць на выбарах за правых палітыкаў, каб левыя больш не блыталі ў галовах польскім жанчынам.
З халасцякамі, якія наракаюць на сучасных жанчын, сустрэлася карэспандэнтка Newsweek Эльжбета Турлей.
яс