Беларуская Служба

5 кастрычніка 1945 савецкія войскі стварылі на тэрыторыі Польшчы Паліцкі анклаў

05.10.2019 15:20
Згодна з дамоўленасцямі, горад павінен быў быць перададзены польскай адміністрацыі, але савецкае вайсковае кіраўніцтва «скіравала прашэнне» пра часовую перадачу гораду пад кантроль савецкай арміі.
Аўдыё
  • 5 кастрычніка 1945 савецкія войскі стварылі на тэрыторыі Польшчы Паліцкі анклаў
Тэрыторыя Паліцкага энклаву пасьля вайныBy Hoa binh - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=68700890

Да 1945 году горад Паліцы (Police) уваходзіў у склад нямецкага Трэцяга Рэйху. У адпаведнасці з дамоўленасцямі паміж СССР і заходнімі краінамі, некаторыя тэрыторыі Нямеччыны пасля вайны павінны былі быць далучаны да Польшчы, у тым ліку горад Паліцы і тэрыторыя ў 90 кв. кіламетраў, якая знаходзілася недалёка ад Шчэціна. Менавіта гэтае мястэчка мела вельмі важнае эканамічнае значэнне.

У 1937 годзе ў Паліцах немцы распачалі будаўніцтва вялізарнага заводу па вырабу сінтэтычнага паліва.

На тыя часы, гэты завод і тэхналогіі, якія там выкарыстоўваліся можна было назваць самымі сучаснымі. Яе сутнасць заключалася ў тым, што з вугалю, пры выкарыстанні адпаведных тэхналогіяў, выраблялася паліва. Прадукцыя заводу забяспечвала 20% усіх патрэбаў Нямеччыны ў паліве. Пад час вайны завод абслугоўвалі вязні канцэнтрацыйных лагераў.

Не гледзячы на велізарныя знішчэнні пад час налётаў, Масква праяўляла вялікае зацікаўленне ў гэтым заводзе.

4 кастрычніка 1945, згодна з дамоўленасцямі, горад павінен быў быць перададзены польскай адміністрацыі, але савецкае вайсковае кіраўніцтва «скіравала прашэнне» пра часовую перадачу гораду і прылеглай тэрыторыі пад кантроль савецкай арміі.

Ужо 5 кастрычніка ўся гэтая тэрыторыя юрыдычна не належала да Польшчы. Быў створаны Паліцкі анклаў.

Анклаў гэта тэрыторыя іншай дзяржавы, якая знаходзіцца ўнутры тэрыторыі іншай дзяржавы. Згодна з загадам, на гэтую тэрыторыю быў забаронены ўваход польскіх грамадзянаў. Мэта ўтварэння анклаву была відавочная – Савецкі Саюз жадаў вывесці ўсю тэхніку і абсталяванне, якое засталося на гэтым заводзе не гледзячы на ваенныя знішчэнні.

Падчас дэмантажу заводу саветы выкарысталі немцаў

Было задзейнічана больш за 20 тыс. чалавек, гэта былі пераважна нямецкія вязні. Толькі пасля таго, як усё абсталяванне было вывезена, тэрыторыю перадалі пад кантроль польскай адміністрацыі. Як кажуць, нават сёння можна пабачыць руіны былога заводу.

Трэба адзначыць, што прыклад гораду Паліцы быў толькі часткай агульнай і маштабнай аперацыі па вывазу ўсіх матэрыяльных і тэхнічных аб’ектаў. З тэрыторыі, якая мела адыйсці да Польшчы, вывазілася ўсё: сталь, чыгуначныя рэйкі, турбіны вугаль і г.д. Толькі з адной Ніжняй Сілезіі за 3 месяцы было вывезена каля 1 міл’ёна тон вугалю

Дзеля гэтага 20 лютага 1945 году Сталін выдаў адмысловы загад

У адпаведнасці з ім быў арганізаваны сістэматычны вываз стратэгічных рэсурсаў з усходніх тэрыторыяў былой гітлераўскай Нямеччыны. Даследчыкі лічаць, што кошт вывезенага абсталявання і іншых рэсурсаў на сучасныя грошы складае больш двух мільярдаў долараў.

Павал Усаў 

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара гісторыя