Беларуская Служба

«Мова адлюстроўвае змены, якія адбываюцца ў нашай культуры»

19.10.2019 14:11
Мовазнаўца Агата Гонця расказвае, якім чынам змены нашых звычаяў уплываюць на мову.
Аўдыё
  • „Мова адлюстроўвае змены, якія адбываюцца ў нашай культуры”
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння мы будзем разважаць аб чарговых тэндэнцых у польскай мове, якія выкліканыя зменамі нашых звычаяў і культуры. Нашым госцем з’яўялецца мовазнаўца Агата Гонця (Agata Hącia) з Варшаўскага Універсітэта.

Нашая мова мяняецца – гэта нармальная справа. Аднак цягам апошніх 10 гадоў згаданыя змены праходзяць вельмі хутка. А можа занадта хутка?

- Гэтага я не ведаю. Аднак, напэўна, я праціўнік кіравання мовай, то бок тармажэння ейнага развіцця. З другога боку, мне таксама не падабаецца паскаранне натуральных працэсаў. Найлепш пакінуць мову ў спакоі. Хай на яе ўздзейнічае тое, што адбываецца ў навакольным свеце. Хай яна адлюстроўвае змены, якія адбываюцца ў культуры, паколькі гэта доказ таго, што мова жыве і жывем мы. Гэта доказ нашых кантактаў са светам. Калі мы сустракаемся з нечым новым, напрыклад, прадметамі, ідэямі, думкамі, то мова стараецца нагнаць. Змены тканкі мовы з'яўляюцца доказам узаемаадносін грамадства з выклікамі часу. Менавіта змены мовы адлюстроўваюць працэс нашага мыслення.

Якія змены ў мове вынікаюць з нашых звычаяў? Тое, што мне зараз прыходзіць у галаву, гэта фемінізацыя назваў прафесіяў. Ці мы павінны гаварыць „міністр” ці можа „міністарка”?

- Шматлікія гады мы (даследчыкі- рэд.) былі перакананыя, што ў польскай мове ў выпадку прафесіяў жанчынаў трэба спасылацца на мужчынскія формы. Напрыклад, спадар „міністр”, „спадарыня міністр”. Розніцы былі бачныя толькі падчас скланення. Падобным чынам адбывалася і ў выпадку назоўнікаў „дырэктар”, „старшыня”. Пазней аказалася, што ў даваеннай польскай мове назвы прафесіяў, якія выразна паказваюць на пол, былі вельмі частыя, напрыклад, „дырэктарка”, „лекарка”, „прафесарка”. Шмат жаночых назваў прафесіяў выкарыстоўвалася ў штодзённым жыцці. Пасля вайны мовазнаўцы ад гэтага адмовіліся. Такім чынам цяперашняя тэндэнцыя да фемінізацыі назваў прафесіяў не з’яўляецца новай. Паводле некаторых, гэта вяртанне да даваеннай традыцыі. Мне непакоіць адна справа, то бок спалучэнне гэтай тэндэнцыі з ідэалогіяй. Гэта шкодная з'ява для мовы.

Мы гаворым пра змены, якія адбываюцца ў нашых звычаях і культуры, і якія ўплываюць на нашую мову. Напрыклад, вельмі часта выкарыстоўваем некаторыя сказы ці словазлучэнні. Возьмем словазлучэнне „асяроддзе ЛГБТ”. Аднак няшмат людзей на самой справе ведае, што згаданая абрэвіятура азначае.

- Сапраўды, у нас ёсць з гэтым праблемы, асабліва ў выпадку, калі назва неадназначная, ці калі гэта абрэвіятура, як прыгаданае ЛГБТ. Некаторыя дадаюць да формы ЛГБТ яшчэ іншыя, дадатковыя літаркі. Дарэчы гэткімі непразрыстымі абрэвіятурамі лёгка маніпуляваць. Гэта некарысная з’ява. Добра было б, калі б мы разумелі, што гаворым, то бок разумелі значэнні словаў. Нагадаю, што за мовай ідуць нашыя думкі. Сапраўды мы маем праблемы з новымі з’явамі. Свет мяняецца настолькі хутка і настолькі хутка мяняюцца новыя моўныя прапановы, што гэта пачынае нас непакоіць і мы ўсё часцей шукаем стабільнасць ў традыцыі. Тым часам я не ўпэўненая, ці гэта добра для мовы.


Адной з сучасных з’яваў у мове з’яўляецца выкарыстоўванне брыдкіх слоў.

- Нейкі час таму былі праведзеныя даследаванні моўных звычаяў моладзі, а таксама маладых жанчынаў і мужчынаў. Аказваецца, што сучасныя маладыя людзі больш талерантна ставяцца да моўнай свабоды, а нават да моўнай нядбайнасці і вульгарнасці. Многім асобам не перашкаджае публічнае выкарыстоўванне словаў, якія лічацца вульгарнымі і абразлівымі. Яны не бачаць у гэтым нічога дрэннага. Паводле мяне, гэта наступства нейкай змены культуры, змены звычаяў і нораваў. Лічу гэта дрэннай з’ява.

Таблаідызацыя грамадскага жыцця таксама мае вялікі ўплыў на мовы.

- Таблаідызацыя з’вязаная з завужэннем успрыняцця навакольнага свету, а таксама мовы. Яна прыводзіць да таго, што чалавек пераходзіць з адной крайнасці ў іншую. У такім простым свеце ўсё павінна быць чорнае або белае; добрае або дрэннае. Інакш кажучы, угару або ўніз, управа, або ўлева. Тут няма месца на сярэдзіну. Няма глыбіні жыцця, таксама глыбіні культуры. У таблаідызаваным свеце дзейнічаюць крайнія эмоцыі. Тым часам свет так не выглядае. Таму таблаідызаваны свет і мова несапраўдныя, паколькі не паказваюць нам рэчаіснасці, у якой мы жывем, але стварае фальшывую рэчаіснасць.

Наступная тэндэнцыя гэта кандэнсацыя думак, якая зводзіцца да іх перадачы мінімальнай колькасцю слоў ці знакаў. Прыкладам з’яўляюцца смайлікі.

- Смайлікі – гэта крайні прыклад кандэнсацыі зместу, то бок імкнення да скарачэнняў. Гэта вынікае з таго, што мы спяшаемся. Гэта характэрная рыса маладосці. Маладым не хапае цярпення. Яны хочуць, каб усё адбывалася неадкладна – тут і цяпер. Ім цяжка расцягваць у часе саве пачуцці, думкі і дзеянні. Калі гэткія тэндэнцыі мінаюць, то-бок калі чалавек перарастае жаданне ўсё скарачаць, то гэта добра. Аднак, калі ў нас гэта застаецца, маем дычыненне з праблемай. Мы перастаем заўважаць дэталі жыцця, у тым ліку дэталі мовы.


У якім напрамку могуць крочыць змяненні мовы?

- У мове назіраюцца дзве найважнейшыя крайнія тэндэнцыі. Першая з іх, гэта тэндэнцыя да скарачэння, то бок спрашчэння мовы. Другая – тэндэнцыя да дэталёвасці, то бок да расцягвання. Абедзве яны назіраюцца ў мове на працягу стагоддзяў, больш менш, на аднолькавым ўзроўні. Адпаведна, на працягу гэтага часу яны аказваюць уплыў на развіццё мовы.

Нашым госцем была мовазнаўца Агата Гонця з Варшаўскага Універсітэта.

Нагадваем, цыкл перадачаў «Польская мова без межаў» пастаў пры фінансавай падтрымцы фонду «Дапамога палякам ва Усходняй Еўропе» ў рамках апекі Сенату Рэчы Паспалітай над палякамі замежжа.

Эва Плісецка/аз


Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў