Беларуская Служба

Польшча робіць стаўку на вадарод

01.09.2020 10:02
Спецыялісты называюць вадарод палівам будучыні.
 .
Заправачная станцыя.IADE-Michoko/pixabay.com/CC0

Toyota Motor Poland і Польская нафтагазавая кампанія (PGNiG) падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне развіцця вадароднай тэхналогіі ў Польшчы. У рамках пагаднення, між іншым, будзе пабудаваная пілотная станцыя запраўкі вадародам.

„Пагадненне садзейнічае партнёрскім адносінам паміж двума суб'ектамі, якія актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы польскай вадароднай стратэгіі. Сумесныя дзеянні павінны прывесці да ўвядзення вадароду на польскі рынак у якасці чыстага паліва для электрамабіляў”, - чытаем у паведамленні PGNiG.

Запуск пілотнай станцыі для запраўкі вадароду – гэта першы крок PGNiG у рэалізацыі польскай праграмы па вадародзе. Пры тэставанні заправачнай станцый каампанія будзе супрацоўнічаць з канцэрнам Toyota - вядучым вытворцам транспартных сродкаў, якія працуюць на вадародзе.

Абвешчаная PGNiG праграма даследаванняў вадароду ахоплівае яго вытворчасць, уключаючы „зялёны вадарод”, з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі, захоўванне і размеркаванне, а таксама выкарыстанне ў прамысловай энергетыцы.

Праграма прадугледжвае таксама запуск вадароднай заправачнай станцыі, якая будзе пабудавана ў варшаўскім раёне Воля. Па гэтай інвестыцыі кампанія PGNiG падпісала ўжо кантракт з польска-брытанскім кансорцыумам на праектаванне і будаўніцтва.

Toyota Motor Poland як польскі прадстаўнік сусветнага лідара ў галіне развіцця вадароднай тэхналогіі ў аўтамабільнай прамысловасці, у будучым годзе выпусціць на рынак легкавыя аўтамабілі Mirai другога пакалення. Гэта першы серыйны аўтамабіль, які працуе на вадародзе. Пасля запаўнення рэзервуараў аўтамабіль зможа пераехаць 650-900 кіламетраў, то бок на 30% больш у параўнанні з папярэдняй версіяй.

Запраўка займае ўсяго некалькі хвілін, што робіць машыну цалкам функцыянальнай для карыстальнікаў і экалагічна чыстай.

Між тым у апошнюю пятніцу была ўрачыста адкрытая дзейнасць Міжведамаснай групы па вадародай гаспадарцы. Яе ачольвае ўпаўнаважаны ўрада па вадароднай гаспадарцы, кіраўнік палітычнага кабінета прэм'ер-міністра Кшыштаф Кубаў (Krzysztof Kubow). Неўзабаве да працы ў групе будуць запрошаныя кампаніі і даследчыя суб’екты. Дзейнасць групы дапаможа аб'яднаць у адным месцы працу, якая праходзіць у розных ведамствах.

Міністр Кубаў звярнуў увагу на тое, што да канца 2020 года плануецца прыняць польскую стратэгію па вадародзе, якая вызначае асноўныя напрамкі развіцця ў галіне яго вытворчасці, транспарту, захоўвання і прымянення. Ён нагадаў, што Польшча – адзін з найбуйнейшых вытворцаў вадароду ў Еўропе.

„Вадарод можа адыграць важную ролю ў пераўтварэнні энергетычнай галіны, а таксама ў запуску новай галіны эканомікі, што звязана з новымі інвестыцыямі і стварэннем мноства працоўных месцаў”, - сказаў чыноўнік.

Нагадваем, на пачатку ліпеня міністр па пытаннях клімату Міхал Куртыка паведаміў, што восенню будзе абмяркоўвацца Вадародная стратэгіяй Польшчы да 2030 года.

Паводле ацэнак Міністэрства па пытаннях клімату, развіццё сектара вадароду ў наступным дзесяцігоддзі можа істотна паспрыяць памяншэнню выкідаў парніковых газаў і іншых забруджвальных рэчываў у атмасферу, у прыватнасці, у транспартным сектары.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі