Беларуская Служба

Польскі даследчык: Да дэмакратычнай еўрапейскай беларускай Беларусі, магчыма, трэба пачакаць яшчэ адно-два пакаленні

28.07.2022 15:39
Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага будзе больш увагі прысвячаць польска-беларускім адносінам, анансуе намеснік дырэктара ўстановы гісторык і палітолаг Лукаш Адамскі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Л.Адамскі пра Цэнтр дыялогу.
   2020 .
Мінск у жніўні 2020 г.Pixabay.com

У ноч з 26 на 27 ліпеня Цэнтр польска-расійскага дыялогу і паразумення стаў называцца Цэнтрам дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага. Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда 15 ліпеня падпісаў адпаведныя папраўкі да закона аб цэнтры. Адгэтуль цэнтр будзе яшчэ больш увагі прысвячаць польска-ўкраінскім, а таксама польска-беларускім адносінам.

У тлумачальнай запісцы да закона аб Цэнтры дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага, які афіцыйна існуе 27 ліпеня, сказана, што «працяг дзейнасці Цэнтра польска-расейскага дыялогу і згоды ў ранейшым выглядзе, пры адсутнасці аналагічнай установы, якая займаецца ўкраінскімі ці беларускімі справамі, успрымалася б як відавочная схільнасць з боку польскай дзяржавы да дыялогу з Расіяй».

Мэта дзейнасці Цэнтра дыялогу ім. Юліюша Мерашэўскага заключаецца ў тым, каб ініцыіраваць, падтрымліваць і прыкладаць намаганні па наладжванні дыялогу і паразумення паміж палякамі і народамі Усходняй Еўропы, у прыватнасці, украінцамі, беларусамі, грузінамі, малдаванамі і расіянамі.

Сярод задач новага цэнтра: правядзенне навуковых даследаванняў; ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці; распаўсюджванне ведаў аб палітычным становішчы, гісторыі, культуры і спадчыне народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў Польшчы і за мяжой; правядзенне і забеспячэнне адукацыйнай дзейнасці; барацьба са стэрэатыпамі; супрацьдзеянне дэзінфармацыі; арганізацыя канферэнцый, семінараў, лекцый і публічных дэбатаў; ажыццяўленне стыпендыяльных праграм; кантакты з акадэмічнымі, экспертнымі, навуковымі, культурнымі і палітычнымі супольнасцямі і інш.

Трэба адзначыць, што цэнтр названы невыпадкова ў гонар Юліюша Мерашэўскага, польскага публіцыста, дзеяча антыкамуністычнай эміграцыі. Ён быў бліжэйшым аднадумцам паляка, ураджэнца Мінска Ежы Гедройця. У 1974 годзе сумесна з ім Мерашэўскі сфармуляваў фундаментальную для польскай палітычнай думкі «Дактрыну Гедройця — Мерашэўскага», паводле якой дзяржаўны суверэнітэт і еўрапеізацыя Украіны, Літвы і Беларусі (якія абазначаліся імі як ULB) спрыяюць бяспецы Польшчы, а дамінаванне СССР і Расіі ў гэтым «буферным» рэгіёне адкрывае шлях да страты Польшчай незалежнасці.

Аб адносінах палякаў з усходнімі суседзямі, у т.л. беларусамі, у кантэксце дзейнасці Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага разважае намеснік дырэктара гэтай установы гісторык і палітолаг Лукаш Адамскі. Ён удакладніў, якім чынам дзейнасць цэнтра ахопіць розныя краіны Усходняй Еўропы.

Лукаш Адамскі:У законе аб цэнтры ідзе гаворка аб народах, а не аб дзяржавах. Адпаведна, нашай задачай з'яўляецца дзейнасць у імя дыялогу і згоды ў адносінах не, напрыклад, Польшчы і Беларусі, а палякаў і беларусаў, іншых народаў Усходняй Еўропы. Характэрна, што ў законе на першае месца пастаўлены ўкраінцы. Г.зн. пералік народаў складзены не па алфавіце. А затым ідуць ужо па алфавіце: беларусы, грузіны, малдаване і ў канцы — расіяне.

Намеснік дырэктара Цэнтра дыялогу ім. Юліюша Мерашэўскага, у кантэксце вайны Расіі супраць Украіны і ўдзелу на баку Масквы рэжыму Лукашэнкі, падзяліўся сваім бачаннем гэтай сітуацыі, якая адбіваецца і на праектах цэнтра.

Лукаш Адамскі:Фармальна і Расія, і Беларусь з'яўляюцца дзяржавамі-агрэсарамі. Але, вядома, ступень іх адказнасці несувымерная. Адказнасць Беларусі ў тым, што яна прадставіла РФ сваю тэрыторыю. Адпаведна, у святле міжнароднага права можна гаварыць пра суагрэсію, але гэта зусім не тое, што робіць Расія.

Іншае пытанне — гэта адказнасць народа. Я б тут адзначыў, што паводле ўсіх даступных сацыялагічных даследаванняў, большасць расіян — каля 70% — падтрымліваюць г.зв. спецыяльную ваенную аперацыю, як яна называецца ў афіцыйных крыніцах. Акрамя таго, расіяне неаднаразова дэманстравалі падтрымку Уладзіміра Пуціна і імперыялістычнага кірунку расійскай знешняй палітыкі. І толькі меншасць расіян выступае супраць.

А ў Беларусі ўсё наадварот. Большасць беларусаў два гады таму, выходзячы на ​​вуліцы, з усёй відавочнасцю паказалі, як яны ставяцца да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі (падчас пратэстаў пасля сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта РБ у жніўні 2020 г. — Рэд.). А цяпер шмат хто, я б сказаў, высакародныя прадстаўнікі беларускага народа часцяком знаходзяцца або ў эміграцыі, або сядзяць у турмах.

З іншага боку, я не ведаю такіх сацыялагічных даследаванняў, паводле якіх большасць беларусаў падтрымлівалі б вайну. Таму я аддзяляў бы ў гэтым плане расіян ад беларусаў.


Лукаш Адамскі. Лукаш Адамскі.

Я папрасіў Лукаша Адамскага паспрабаваць спрагназаваць, наколькі гэта магчыма, што павінна паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, каб яна магла выйсці з «русского мира».

Лукаш Адамскі:Неабходна будзе паставіць крыж і ўбіць асінавы кол на вар'яцкай «агульнарускай» ідэі, якой апраўдваецца вайна РФ супраць Украіны і якая фарміруе ўяўленні расіян пра Беларусь, а таксама з'яўляецца ў нейкай ступені асновай функцыянавання «беларускага» рэжыму Лукашэнкі.

Калі такія перамены адбудуцца ў РФ, то палепшыцца і сітуацыя ў Беларусі. Таму што развіццё палітычнай сітуацыі ў гэтых дзвюх краінах узаемазвязана.

Маё бачанне будучыні Беларусі падобнае да бачання будучыні Украіны. Але трэба ўсведамляць, што на ажыццяўленне гэтага бачання патрэбна прынамсі адно пакаленне. І гэта пры вельмі аптымістычным сцэнарыі. Тут я маю на ўвазе такую Беларусь як дзяржаву, якая, так сказаць, вернецца да сваіх еўрапейскіх каранёў, у якой будзе такі ж грамадска-палітычны лад, як у Польшчы, Літве і ў цяперашняй Украіне, і якая верне сабе сваю нацыянальную ідэнтычнасць. І, натуральна, гэта будзе суверэнная дэмакратычная незалежная дзяржава, шчыльна звязаная з Польшчай, Літвой, Украінай. І ў самым аптымістычным варыянце я бачу Беларусь у складзе аб'яднанай Еўропы.

А песімістычнае бачанне будучыні Беларусі можа быць такое, што расійскі рэжым не адпусціць Беларусь, а ў самой РФ не наступяць у найбліжэйшай будучыні дэмакратычныя перамены.

Лукашэнка цяпер фактычна з'яўляецца расійскай марыянеткай, але стараецца яшчэ захаваць рэшткі фармальнай незалежнасці Беларусі. Паводле самага песімістычнага сцэнарыя, Лукашэнка перастане быць кіраўніком Беларусі, а расіяне інтэгруюць Беларусь з РФ да такой ступені, што на практыцы можна будзе гаварыць пра адну дзяржаву. А большасць беларусаў з гэтым згодзяцца. Бо тыя, хто мае іншую ідэнтычнасць (нярускую. — Рэд.) і іншае бачанне будучыні Беларусі, будуць сядзець у турмах, будуць запалоханы або будуць у эміграцыі. Гэта песімістычнае бачанне.

З 24 лютага, калі РФ пачала чарговую агрэсію супраць Украіны, Лукаш Адамскі, вядомы ў Польшчы як даследчык Украіны, ужо тры разы наведаў гэту краіну і зноў збіраецца туды ехаць. Ён падзяліўся сваімі асабістымі ўражаннямі ад убачанага за гэты час.

Лукаш Адамскі:Я маральна натхнёны тым, што бачу ва Украіне, прынамсі, у Львове, Кіеве, бо на фронт, на ўсход Украіны, не ездзіў.

Аказалася, што ўкраінская дзяржава больш стабільная, чым здавалася многім заходнім разведкам і палітыкам, а таксама, можа быць, самім украінцам.

Тое, што ўдалося разбіць расіян пад Кіевам, а цяпер затрымаць іх наступленне ў Данбасе і ідзе падрыхтоўка да контрнаступлення ў Херсоне, тое, што Украіна не падпарадкавалася Расіі, а ўкраінцы масава падтрымліваюць празаходні курс Украіны і вайну з РФ, — усё гэта паказвае, што перад гэтай краінай адкрываецца вялікая будучыня.

Я ўпэўнены, што пасля завяршэння вайны ва Украіну накіруюцца такія інвестыцыі, а грамадства так зменіцца, што рэформы ва Украіне пойдуць нашмат хутчэй.

Натуральна, я не магу прадказаць, ці ўдасца Украіне адваяваць тэрыторыі, занятыя Расіяй. Маё бачанне сітуацыі аптымістычнае і сярэднетэрміновае — у першую чаргу, для заходняй і цэнтральнай Украіны, а таксама, магчыма, для той часткі ўсходняй і паўднёвай Украіны, якую цяпер кантралюе Кіеў. Але я не ўпэўнены, хаця хацеў бы гэтага, ці ўдасца выгнаць Расію з акупіраваных тэрыторый Украіны. Калі ж гэта не адбудзецца, гэтыя тэрыторыі чакае катастрафічны сцэнарый — таталітарызм і русіфікацыя.

Аптымізму ў адносінах да будучыні Украіны Лукашу Адамскаму, паводле яго слоў, дадае размова, якая ў яго адбылася з таксістам у Кіеве.

Лукаш Адамскі:Гэта было ў маі. Пабачыўшы маё польскае імя і прозвішча, таксіст спытаў, ці не хацеў бы я ўвайсці ў яго будаўнічую брыгаду. Я ўсвядоміў, што ён жартуе, але не зразумеў, што ён меў на ўвазе…

І ён мне патлумачыў: «Разумееце, мы маскалёў з Украіны выкінем. Але нас па-ранейшаму замала і нам не хапае сіл, каб дайсці аж да Крамля і яго разбурыць, разабраць на кавалкі. Таму нам патрэбна польская дапамога. У сувязі з гэтым я ў вас і пытаю, ці не хацелі б вы дапамагчы ў разборы цаглінак з Крамля?» Гэта размова з таксістам, які быў родам, як аказалася, з-пад Палтавы, паказала, што калі людзі пасля двух месяцаў жорсткай вайны захоўваюць гумар і веру ў перамогу, то з такім народам Пуцін не справіцца.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

На Беларусі, на Украіне ці ў Беларусі, ва Украіне? — гэтым пытаннем задаюцца і ў Польшчы

05.05.2022 17:26
Выкарыстанне польскага выразу na Ukrainie сведчыць пра гістарычную і эмацыянальную, палітычную блізкасць з гэтай краінай, лічыць польскі гісторык Лукаш Адамскі.