Цяпер у Беларусі, ва ўмовах дыктатуры Лукашэнкі і ягонага прарасійскага рэжыму, складаная сітуацыя як у палітычным, так і ў грамадскім жыцці. Не будзе перабольшаннем сказаць, што разгромлены, сышлі ў падполле не толькі многія беларускія грамадскія аб'яднанні, але і тыя з іх, якія стваралі мясцовыя палякі: Саюз палякаў Беларусі, Polska Macierz Szkolna і інш. Гэтым польскім арганізацыям вялізную дапамогу аказвалі як улады Рэспублікі Польшча, так і розныя польскія грамадскія арганізацыі, у т.л. таварыства Wspólnota Polska («Польская супольнасць»).
Анна Кетліньская, старшыня Падляскага аддзялення таварыства Wspólnota Polska, даўно працуе ў кірунку дапамогі палякам у Беларусі. Аднак апошнім часам гэта праца значна ўскладнілася з-за рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць арганізацый палякаў у Беларусі.
На міжнароднай навуковай канферэнцыі “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI стагоддзя”, якая традыцыйна прайшла ў лістападзе, на гэты раз у Беластоку, Анна Кетліньская расказала пра тое, як Wspólnota Polska наладзіла масты з суайчыннікамі ў Беларусі.
У прыватнасці, пані Кетліньская згадала пра адну з першых паездак у Беларусь, у Гродна, у 2009 годзе ў якасці старшыні Падляскага аддзялення таварыства Wspólnota Polska.
Анна Кетліньская: — Я афіцыйна сустракалася з мясцовымі палякамі, аб'яднанымі ў Саюз палякаў Беларусі, а таксама наладжвала супрацоўніцтва з таварыствам Polska Macierz Szkolna. Адначасова я назірала за тым, што адбываецца ў грамадскім жыцці.
Спробы (польскай дзяржавы. — Рэд.) наладзіць дыялог з уладамі Беларусі не прыносілі адчувальнага станоўчага выніку палякам Беларусі. Таксама гэта не адбівалася на нашай працы.
Я сустракалася з жанчынамі, якія ў пачатку 1990-х гг. прадстаўлялі ў Гродне таварыства Wspólnota Polska. Яны тады дзейнічалі зыходзячы з патрэб мясцовых палякаў. Гэтыя жанчыны расказвалі, што пачалі сваю дзейнасць са стварэння клубаў польскіх жанчын — не толькі ў Гродне, але ў меншых мясцовасцях.
Мы, у сваю чаргу, падтрымлівалі развіццё адукацыі на польскай мове. У Беларусі польская мова захавалася найперш у сем'ях і касцёлах. І таму трэба было развіваць адукацыю на польскай мове і давесці гэту справу да стварэння польскіх школ — і дзве такія школы з'явіліся. Але на гэтым усё замарудзілася.
Улады Беларусі стваралі не ўмовы, а перашкоды для развіцця сістэмы школьнай адукацыі на польскай мове ў мясцовасцях кампактнага пражывання палякаў, а такіх раёнаў на паўночным захадзе Беларусі многа. І па сутнасці толькі падтрымка мясцовых палякаў такімі польскімі грамадскімі арганізацыямі, як Wspólnota Polska, дапамагала захоўваць польскую мову і традыцыі.
Дарэчы, як успамінае Анна Кетліньская, праца з беларускімі палякамі спачатку вялася адначасова са станаўленнем грамадзянскай супольнасці ў Польшчы.
Анна Кетліньская: — У пачатку 1990-х гг. мы ў Польшчы самі толькі авалодвалі шматлікімі навыкамі дэмакратыі. А затым польскі вопыт мы пераносілі ў Беларусь. Мы ўвесь час падтрымлівалі мясцовых палякаў, былі з імі амаль кожны дзень побач.
Калі я ў 2009 годзе занялася падтрымкай палякаў у Беларусі, то існаваў СПБ, былі самі палякі, было таварыства Wspólnota Polska, а пасля з'яўляліся розныя іншыя таварыствы.
Тады мы ажыццяўлялі сумесна не «праекты», якія цяпер паўсюль рэалізуюцца, а аказвалі рознага роду дапамогу, якая была неабходна ў канкрэтнай сітуацыі.
Гэта значыць, мы не ажыццяўлялі дзейнасць зверху, а рэагавалі на тыя патрэбы, пра якія ішлі знізу. Калі нешта было патрэбна — то мы гэта рабілі. Напрыклад, патрэбна была медыцынская дапамога — мы яе аказвалі. Патрэбна была адукацыйная падтрымка — мы яе забяспечвалі. Трэба было пабудаваць польскую школу ў Гродне — мы садзейнічалі.
Анна Кетліньская падкрэслівае, што польскае грамадскае і культурнае жыццё ў Беларусі хоць і развівалася пры падтрымцы Польшчы, але ў першую чаргу — сіламі тутэйшай польскай грамадскасці. Аднак запатрабаванні палякаў у Беларусі раслі. І да іх падтрымкі далучыліся таксама консульствы РП у РБ.
Анна Кетліньская: — Многае ўдалося зрабіць якраз дзякуючы консульствам. Гэта стала магчыма дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў справе многіх людзей, якія разумелі, што гэта патрэбна і прыслухоўваліся да думкі грамадскасці.
З перспектывы сённяшняга дня можна сказаць, што мы ажыццяўлялі пэўную палітыку польскай дзяржавы ў дачыненні да палякаў, якія жывуць у Беларусі.
Але калі я пачынала працаваць у гэтым кірунку, то яшчэ не разважала ў такіх катэгорыях, што, маўляў, мы праводзім пэўную палітыку. Мы працавалі, бо так было патрэбна.
У нас, бадай, нават было крыху сентыментальнае стаўленне да гэтай справы. Я, напрыклад, па адукацыі паланіст, а паланіст па-свойму ўспрымае свет, у яго гісторыка-літаратурны сентымент. І мы лічылі, што мусім наладжваць сувязі з палякамі за мяжой, а сваю дзейнасць разглядалі як абавязак з боку нашага грамадства, народа.
Анна Кетліньская, аналізуючы характар узаемадзеяння таварыства Wspólnota Polska з палякамі ў Беларусі за апошнія больш як дзесяць гадоў, адзначае пэўную тэндэнцыю.
Анна Кетліньская: — Калі мы прыязджалі ў Гродна, Брэст або Мінск, то штодзень супрацоўнічалі з консульствамі. Пры гэтым не з’яўляліся палітыкі. Мы не абмяркоўвалі, у які бок павінна быць накіравана дзейнасць, каго падтрымліваем, каго не падтрымліваем. І я лічу, што гэта было правільна, бо мы засяроджвалі нашу ўвагу на польскай грамадскасці (у Беларусі. — Рэд.), на людзях.
Мы цудоўна ведалі, што адбывалася ў 2005, 2009, 2017 гг. (рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць СПБ. — Рэд.). Прымаліся пэўныя рашэнні на палітычным узроўні. Аднак наша дзейнасць па сутнасці не мянялася. Мы ведалі, што рабіць, бо прыслухоўваліся да людзей, якія там жывуць.
Анна Кетліньская падкрэслівае, што нягледзячы на палітычны фон становішча палякаў у Беларусі, Wspólnota Polska старалася прытрымлівацца апалітычнай лініі. Аднак немагчыма было заставацца абыякавым да шматлікіх падзей.
Анна Кетліньская: — І тады, калі (у Беларусі. — Рэд.) адбыліся падзеі 2020 года (пратэсты супраць узурпацыі ўлады ў краіне Лукашэнкам. — Рэд.), а нашы сябры былі арыштаваны (Анжаліка Борыс, Анджай Пачобут і іншыя сябры СПБ. — Рэд.), гэта нас выбіла з каляіны.
Аднак мы працягваем працаваць, бо думаем пра людзей. Так, былі складаныя сітуацыі, калі мы не маглі перадаць сродкі, не маглі паехаць у Гродна, Ваўкавыск, каб там працаваць.
Аднак мы па-ранейшаму працуем, у т.л. разам з СПБ. Сітуацыя прымусіла выпрацаваць пэўныя метады. І мы спраўляемся. Хаця хацелася б, каб сітуацыя вярнулася да ранейшай.
Бо СПБ вырас на нашых вачах ва ўзорную арганізацыю палякаў за мяжой, якая прапануе разумныя рашэнні і ажыццяўляе іх з сэнсам. А мы знаходзімся побач з СПБ і працягваем руку тады, калі ёсць патрэба ў нашай падтрымцы.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё