У Варшаве гэтай восенню адкрыўся «Усходнееўрапейскі дом» (Dom Wschodni). Ён знаходзіцца на пл. Канстытуцыі, 6. Ёсць у ім месца і для беларусаў. Збігнеў Глюза, заснавальнік і старшыня фонду Ośrodek Karta, з’яўляецца адным з ініцыятараў стварэння «Усходнееўрапейскага дома». Гэта пляцоўка павінна стаць тым месцам, дзе грамадскія і культурныя дзеячы з розных краін Усходняй Еўропы будуць шукаць шляхі паразумення. А ідэя нараджалася так...
Збігнеў Глюза: — Канцэпцыя “Усходнееўрапейскага дома” нарадзілася даўно — яшчэ ў 1990-я гг. Сям'я Пшаўлоцкіх, якая была выкінута з палацава-паркавага ансамбля ў Мордах пад Седльцэ, заявіла, што калі праз суд верне сабе гэты маёнтак, то перадасць яго грамадству, а менавіта фонду Karta. І мы вырашылі, што калі так здарыцца, то гэта месца стане пляцоўкай для дыялогу паміж Польшчай і Усходняй Еўропай. Але мы чакалі занадта доўга — цэлых дваццаць гадоў. Толькі ў 2018 г. сям'я Пшаўлоцкіх вярнула сабе свой маёнтак. А ў 2019 г. разам з гэтай сям'ёй мы стварылі фонд «Усходнееўрапейскі дом», які стаў уладальнікам гэтага маёнтка. Фонд ставіць за мэту стварыць там такое месца, дзе будзе, па-першае, знаходзіцца збор дакументаў аб Украіне, Беларусі і Расіі, але і аб іншых суседніх краінах, а па-другое, гэта павінна быць месца дыялогу паміж усходнееўрапейскімі нацменшасцямі, якія пражываюць у Польшчы, і Усходняй Еўропай.
Таксама трэба сказаць, што маёнтак у Мордах — гэта помнік архітэктуры і гісторыі, датаваны XVI і наступнымі стагоддзямі, уключаны ў дзяржаўны спіс помнікаў. Яму неабходна рэстаўрацыя. А гэта працягнецца нейкі час, перш чым там пачне працаваць «Усходнееўрапейскі дом».
Збігнеў Глюза ўспамінае, што калі ў лістападзе 2021 г. рэжым Пуціна пачаў ліквідацыю расійскага таварыства «Мемарыял», якое займалася даследаваннем сталінскіх рэпрэсій і дапамагала ахвярам пуцінізму, было вырашана, што трэба спяшацца і адкрываць «Усходнееўрапейскі дом» у Варшаве, каб падтрымліваць калег з РФ арганізацыйна. А потым Пуцін аднавіў вайну з Украінай.
Збігнеў Глюза: — Гэта вайна ва Украіне прывяла да таго, што ў нас не засталося ніякіх сумненняў у тым, што трэба тэрмінова пачынаць дзейнічаць: і збіраць дакументы, і адсочваць рэпрэсіі ў Расіі і Беларусі, і дапамагаць Украіне ў ліквідацыі наступстваў вайны, і аказваць падтрымку ўкраінцам у іншых краінах, куды яны трапляюць як бежанцы.
І мы сталі шукаць памяшканне ў Варшаве. У рэшце рэшт, яго ўдалося знайсці на пл. Канстытуцыі, 6, на рагу з вул. Кашыковай. Яго плошча 300 кв. м. Гэта дае магчымасць адкрыць тут бібліятэку і архіў з матэрыяламі на трох мовах — украінскай, беларускай і рускай. Тут адкрыецца чытальная зала, дзе можна будзе карыстацца інфармацыяй на папяровых і электронных носьбітах.
Гэта месца павінна стаць свайго роду клубам, дзе грамадскасць з нашых краін зможа сустракацца. Таксама мы бачым “Усходнееўрапейскі дом” свайго роду цэнтральнай арганізацыяй, якая аб'яднае іншыя – тыя, якія захочуць існаваць пад нашым дахам і працаваць над тым, каб вырашаць тыя праблемы, якія цяпер адольваюць Усходнюю Еўропу.
Заснавальнік і старшыня фонду Ośrodek Karta верыць у плённасць пачатай справы.
Збігнеў Глюза: — Гэта павінна служыць справе міру, які наступіць. У нас ёсць вопыт па дакументаванні дзеяннящ савецкай сістэмы. І мы лічым, што «Усходнееўрапейскі дом» можа стаць месцам, у якім праціўнікі рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі аб'яднаюць свае намаганні.
Мабыць, спачатку з'явяцца асобныя кірункі — украінскі, беларускі і расійскі, а таксама, можа быць, і іншыя — літоўскі або армянскі. А з часам яны пачнуць аб'ядноўвацца ў адзіны рух супраць абодвух дыктатараў.
Збігнеў Глюза плануе, што ва «Усходнееўрапейскім доме» прадстаўнікі розных краін і народаў Усходняй Еўропы будуць ажыццяўляць агульныя праекты і планаваць сумесныя мерапрыемствы.
Збігнеў Глюза: — Трэба, напрыклад, стварыць пляцоўку для дыялогу ў будучыні паміж украінцамі і расіянамі, якія выступаюць супраць рэжыму Пуціна. Бо сённяшняя поўная абструкцыя расіян не з'яўляецца прадуктыўнай.
Неабходна, каб постсавецкай сістэме, якую ствараюць Пуцін і Лукашэнка, супраціўлялася як мага больш людзей.
Збігнеў Глюза упэўнены, што рух ад слоў да справы ўжо пачаўся.
Збігнеў Глюза: — Цяпер трэба стварыць рух усіх краін Усходняй Еўропы супраць рэжыму Пуціна. Але, натуральна, цяпер самым галоўным з'яўляецца перамога, г.зн. ваенны рух. Аднак ваенная перамога яшчэ не будзе перамогай грамадства. Бо грамадства можа быць моцна падзелена. І трэба будзе выпрацаваць асновы суіснавання і ўзаемаразумення. Мы бачым, што цяпер цяжка знаходзіць агульную мову, бо ва ўкраінцаў ёсць шмат прадузятасці ў адносінах і да расіян, і да беларусаў. І шмат чаго яшчэ можа здарыцца...
Таму вельмі важна, каб вялася сістэматычная работа над тым, каб выпрацаваць агульныя крокі, каб узаемадзейнічаць. І «Усходнееўрапейскі дом» якраз гэта і прапануе.
Збігнеў Глюза паведаміў, што пад дахам “Усходнееўрапейскага дома” ўжо згуртавалася некалькі асоб і арганізацый, якія падпісалі супольнае пагадненне.
Збігнеў Глюза: — Сярод іх у т.л. г.зв. парасонавыя арганізацыі, якія ў сваю чаргу аб’ядноўваюць іншыя арганізацыі. Напрыклад, Цэнтр беларускай салідарнасці, які аб’ядноўвае больш за дзясятак беларускіх арганізацый, якія дзейнічаюць у Польшчы. І гэты цэнтр з намі супрацоўнічае.
Мы супрацоўнічаем з аб’яднаннем “За свабодную Расію”, створаным перш за ўсё самімі расіянамі. І гэта аб’яднанне супрацоўнічае з сеткай расійскіх структур у Еўропе, якія выступаюць супраць рэжыму Пуціна. А аб’яднанне “За свабодную Расію”, якое мае офіс у Варшаве, уваходзіць у склад “Усходнееўрапейскага дома” як партнёр.
Мы ўжо на працягу амаль 30 гадоў супрацоўнічаем з Саюзам украінцаў у Польшчы. І гэта арганізацыя таксама пагадзілася далучыцца да “Усходнееўрапейскага дома”.
Сярод канферэнцый, якія арганізаваны разам з украінцамі, адна прысвечана аперацыі “Вісла” (прымусовая дэпартацыя ўкраінцаў у 1947 г. з іх этнічных тэрыторый — з усходу на захад Польшчы з мэтай абмежавання падтрымкі ўкраінскага нацыянальна-вызваленчага руху мясцовым насельніцтвам. — Рэд.).
Усе гэтыя арганізацыі і тэмы зліваюцца струмянямі ў адно цэлае ва “Усходнееўрапейскім доме”. І гэта месца будзе адкрыта на іншыя ініцыятывы, накіраваныя на вызваленне Усходняй Еўропы. Мы будзем працаваць над тым, каб наблізіць пералом — перш за ўсё ў грамадстве, і я спадзяюся, што перамены адбудуцца і ў Расіі.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё