Беларуская Служба

У Варшаве ў цэнтры горада адкапалі фрагмент былой забудовы

03.08.2023 15:20
Архітэктары хочуць узнавіць сетку старых вуліц і абрысы забудовы.
3-     Plac Defilad.
3-га чэрвеня пачаўся рамонт плошчы Plac Defilad.mat.prasowe

Падчас рамонтных работ на плошчы Plac Defilad каля Палацу культуры і навукі ў Варшаве, дзе ў камуністычныя часы праходзілі першамайскія парады і іншыя буйныя дзяржаўныя мерапрыемствы, былі знойдзены фрагменты былой забудовы вуліцы Złota.

Да Другой сусветнай вайны гэтае месца ўяўляла сабой сетку вуліц з дамамі. Пад будаўніцтва Палаца культуры і навукі былі знесены рэшткі разбураных вайной будынкаў.

Намеснік мэра Варшавы Міхал Альшэўскі кажа, што раней ніхто не выяўляў і не інвентарызаваў тое, што было знішчана і засыпана падчас будаўніцтва плошчы Plac Defilad.

- Сёння ў нас адкапанае скрыжаванне вуліцы Wielka i Złota, фрагмент бруку па вуліцы Złota і трамвайныя рэйкі. Работы вяліся на мінулым тыдні, у выніку паслядоўна адкрываліся новыя фрагменты вуліц, фрагменты падвалаў, фундаменты будынкаў, выразна бачна, што будынкі былі знесеныя а падвалы проста засыпалі.

Пад трыбунай на плошчы Plac Defilad, якая засталася да нашага часу, знаходзяцца тэхнічныя памяшканні, якія таксама не прайшлі інвентарызацыі.

У варшаўскай мэрыі пакуль не вырашылі, што рабіць з выяўленымі фрагментамі будынкаў і ці будуць працягнутыя раскопкі. Гарадскія ўлады кажуць, што рашэнне на гэты конт будзе прынятае пасля кансультацыі з археолагамі і кансерватарам помнікаў.

3-га чэрвеня пачаўся рамонт плошчы Plac Defilad. Яна стане інакш называцца – Plac Centralny. Паводле планаў, будзе зняты бетон і асфальт і на гэтым месцы з'явяцца дрэвы, кусты і алеі для прагулак. Архітэктары хочуць узнавіць сетку старых вуліц і абрысы забудовы праз уладкаванне тратуараў і зялёных насаджэнняў.

яс/IAR

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка