Беларуская Служба

Даследчыца: Лісты з Варшаўскага гета ў пачатку нямецкай акупацыі даходзілі нават у Японію

30.11.2023 14:52
Мартына Русіняк-Карват з Інстытута палітычных даследаванняў Польскай акадэміі навук вывучае лёсы яўрэяў у даваеннай Польшчы і падчас Другой сусветнай вайны.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Лёс яўрэяў у РП у пачатку ІІ сусв. вайны.
 .
Иллюстративное фото.pixabay.com

Пасля нападу гітлераўскай Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 года ў самым складаным становішчы апынуліся яўрэі, якія складалі большасць насельніцтва многіх гарадоў і мястэчак, у тым ліку на тэрыторыях, якія прынята называць “Заходняю Беларуссю”. Туды 17 верасня ўвайшла Чырвоная Армія. Жыхары даваеннай Польшчы апынуліся між двума агнямі. Аднак горш за ўсё склаўся лёс менавіта яўрэйскага насельніцтва.

Мартына Русіняк-Карват з Інстытута палітычных даследаванняў Польскай акадэміі навук вывучае лёсы яўрэяў у даваеннай Польшчы. У прыватнасці, яе цікавіць перыяд Другой сусветнай вайны. Шмат матэрыялаў, якія праліваюць святло на трагедыю яўрэйскага насельніцтва ў гэты драматычны перыяд, вучоная выявіла ў Вільні, якая была адным з цэнтраў грамадскага, культурнага і навуковага жыцця яўрэяў як даваеннай Польшчы, так і Літвы, Беларусі, яшчэ з часоў ВКЛ, увогуле ўсёй Еўропы і свету.

Вынікамі сваіх даследаванняў Мартына Русіняк-Карват падзялілася з шырокай грамадскасцю падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вільня і яе супольнасці ў XIII–XXI стагоддзях: сем стагоддзяў гісторыі суіснавання ў горадзе. У сувязі з 700-годдзем першай згадкі Вільні ў гістарычных крыніцах», якая прайшла 25-27 кастрычніка ў віленскім Нацыянальным музеі «Палац уладароў Вялікага княства Літоўскага» (форум быў арганізаваны Інстытутам гісторыі Літвы, Віленскім універсітэтам і іншымі навуковымі ўстановамі Літвы і Польшы).

Мартына Русіняк-Карват асаблівую ўвагу звяртае на асабістыя ўспаміны яўрэяў, многія з якіх да нядаўняга часу былі невядомы. Што і нядзіўна. Яны часта напісаны на малараспаўсюджанай сёння мове ідыш.

А ў 1918-1938 гг. ідыш быў адной з чатырох афіцыйных моў БНР, а затым савецкай Беларусі, разам з беларускай, рускай і польскай. Надпіс лозунга “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!” быў выкананы на гэтай мове на Дзяржаўным гербе БССР. Аднак у 1938 г. ідыш быў пазбаўлены статусу дзяржаўнай мовы Беларусі.

У 1939 г., калі да БССР была далучана г. зв. Заходняя Беларусь, якая раней уваходзіла ў склад Польшчы, насельніцтва, якое гаварыла на ідышы, падвоілася, у тым ліку за кошт мігрантаў з “карэннай” Польшчы, якія ўцякалі ад гітлераўскіх нацыстаў.

Мартына Русіняк-Карват авалодала моваю ідыш у Вільні, і цяпер свабодна ёю валодае. А галоўнае — гэта дазваляе ёй чытаць дакументы, успаміны на гэтай мове. Напрыклад, даследчыца вывучае перапіску яўрэяў, якія апынуліся ў Варшаўскім гета, і іх сваякоў, якія ўратаваліся за мяжой акупіраванай немцамі Польшчы.

Мартына Русіняк-Карват тлумачыць вядомы не кожнаму факт наяўнасці ў яўрэяў дзвюх моў — ідыша на германскай аснове і іўрыта на семіцкай. У даваеннай Польшчы, як і ў Беларусі, Літве, Украіне, большасць яўрэяў гаварыла на ідышы.

Іўрыт быў мовай старажытных кніг. І таму, не ведаючы польскай, а валодаючы толькі ідышам, многія яўрэі на землях даваеннай Рэспублікі Польшча, акупіраваных немцамі, не маглі ўратавацца...

Мартына Русіняк-Карват: — У некаторых штэтлах (населеных пунктах або раёнах гарадоў, населеных яўрэямі. — Рэд.) усе размаўлялі на ідышы. Няведаннем польскай мовы асабліва характарызаваліся артадаксальныя абшчыны. І калі ў такіх людзей і была магчымасць уцячы з канцлагераў, то яны не рабілі гэтага, бо разумелі, што не выжывуць у польскамоўным асяроддзі, іх проста не зразумеюць па-за гета. Ці проста апазнаюць як яўрэяў, таму што яны будуць żydłaczyć — г.зн. размаўляць з яўрэйскім акцэнтам.

Прасцей было асіміляваным яўрэям. Яны маглі растварыцца ў польскім асяроддзі. Дарэчы, сярод іх былі нават выпускнікі аддзяленняў польскай мовы ўніверсітэтаў.

Мартына Русіняк-Карват, вывучыўшы ідыш, спрабуе перадаць гісторыю лёсаў яўрэяў даваеннай Польшчы нам, сваім сучаснікам.

Мартына Русіняк-Карват: — Калі польскія яўрэі з'язджалі ў ЗША ці ў Ізраіль, то свае ўспаміны пісалі і публікавалі на ідышы. І хоць ёсць і іншыя даследчыкі, якія ведаюць гэту мову, іх увогуле не так ужо і шмат. А на гэтай мове напісаны самыя падрабязныя ўспаміны аб падзеях пярэдадня і перыяду Другой сусветнай вайны. Часам гэта 400 ці 600 старонак тэксту.

Дарэчы, яўрэі, якіх ссылалі (пасля анексіі ўсходніх тэрыторый даваеннай РП, у т. л. з тэрыторыі БССР. — Рэд.) углыб СССР, таксама пісалі на ідышы. І іх сведчанні змяшчаюць інфармацыю, якую нідзе больш не знойдзеш.

Даследчыца прыводзіць прыклад дакументальнай спадчыны Хаіма Фінкельштэйна, які да 1 верасня 1939 г., пачатку нямецкага ўварвання ў Польшчу, паехаў на кангрэс у ЗША і там застаўся, а ў Варшаўскім гета апынуліся яго жонка і дзве дачкі.

Мартына Русіняк-Карват: — Ён дасылаў ім, у Варшаўскае гета, лісты, і пакідаў сабе іх копіі. Такім чынам захавалася перапіска двух бакоў. Гэта рэдкі выпадак.

Сярод дакументаў мною знойдзены ліст маці, якая знаходзілася ў Варшаўскім гета, да 16-гадовай дзяўчынкі, што разам з 21-гадовым братам апынулася ў Японіі. Ліст датуецца 1941 г., калі нічога добрага чакаць не даводзілася, у гета быў голад... І тым не менш, маці на адлегласці абнадзейвае дачку. Яна піша: «Ты ўжо вялікая дзяўчынка, табе 16 год. Усё будзе добра». Маці затушоўвае інфармацыю пра сябе, пра тое, як яна выжывае ў гета, і на адлегласці тысячы кіламетраў супакойвае дачку.

Таксама захаваўся ліст да гэтай дзяўчынкі ад яе сяброўкі з гета. Яна дзякуе ёй за памяць, а таксама за дасланую з Японіі гарбату.

У мяне складваецца ўражанне, што аўтары лістоў з гета не расказвалі ўсяго пра тое, што адбываецца, як па прычынах цэнзурнага характару, так і каб не засмучаць сваіх блізкіх. А можа, і каб не выклікаць у сваякоў пачуцця віны з-за таго, што тыя выратаваліся, уцёкшы, а нехта застаўся.

Гэтыя лісты – унікальныя дакументы для даследчыкаў гісторыі Варшаўскага ці Кракаўскага гета. Гэта never ending story, гісторыя без канца.

Мартына Русіняк-Карват звяртае нашу ўвагу на тое, якую ролю адыгрывалі ў той час лісты і паштовыя зносіны.

Мартына Русіняк-Карват: — У той час не было ні мабільных тэлефонаў, ні электроннай пошты. Але нягледзячы на вайну, інфармацыя перадавалася на сотні кіламетраў. Хаця была і цэнзура, а пазней і забарона на перапіску. Дарэчы, шмат лістоў на ідышы напісана ў лацінскай транслітарацыі, каб яны маглі хутчэй прайсці цэнзуру. Часам першыя літары радкоў складваліся ў паролі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выстаўка пра Халакост у Беларусі экспануецца ў Музеі Незалежнасці ў Варшаве

16.07.2020 10:02
Арганізаваць у варшаўскім Музеі Незалежнасці экспазіцыю «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці» дапамог Культурны цэнтр Беларусі.