«Вільня і яе супольнасці ў ХІІІ — XXI стагоддзях: сем вякоў гісторыі суіснавання ў горадзе. У сувязі з 700-годдзем першага ўпамінання Вільні ў гістарычных крыніцах» — міжнародная навуковая канферэнцыя пад такой назвай прайшла 25-27 кастрычніка ў Вільні, у Нацыянальным музеі «Палац уладароў Вялікага Княства Літоўскага» пры арганізацыйнай падтрымцы Інстытута гісторыі Літвы, Віленскага ўніверсітэта і многіх іншых навуковых устаноў Літвы, а таксама Польшчы.
Вільня — сталіца Літвы, гістарычная і сучасная, але таксама і культурны, палітычны цэнтр палякаў, яўрэяў і іншых народаў у мінулым, дый сёння. Сярод гэтых народаў і беларусы. Тут ад старажытных часоў жылі продкі беларусаў, тут палачанін Францыск Скарына ў 1522-1525 гг. выдаў першыя кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Тут у канцы ХІХ ст. жыў і працаваў адзін з прарокаў беларускага нацыянальнага Адраджэння Францішак Багушэвіч. Тут у пачатку ХХ ст. нараджаўся і адсюль распаўсюджваўся беларускі нацыянальны рух. Вільня важная для беларусаў не менш, чым для іх сваякоў літоўцаў і блізкіх суседзяў палякаў.
Чыя Вільня? — пытанне, на якое па сутнасці мы толькі што атрымалі адказ. Аднак яно па-ранейшаму з’яўляецца крыніцай інтэлектуальных дыскусій. У адной з іх падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вільня і яе супольнасці ў ХІІІ — XXI стагоддзях» прынялі ўдзел нашчадкі магнацкіх родаў ВКЛ і Польскага каралеўства — Мацей Радзівіл, Адам Замойскі і Лукаш Сапега.
Тут, дзе цяпер стаіць адноўлены палац, калісьці, у часы вялікага князя літоўскага Гедыміна, пачыналася Вільня. Тут, на двары вялікіх князёў літоўскіх, бывалі Радзівілы, Сапегі і іншыя роды. У складзе паноў-рады яны разам з вялікім князем літоўскім кіравалі дзяржавай ад Балтыйскага мора да Украіны.
Нашчадак літоўскіх князёў, грамадзянін Польшчы Мацей Радзівіл, добра вядомы і ў Беларусі, у Вільні, падчас дыскусіі на канферэнцыі, падзяліўся бачаннем месца сваёй гістарычнай бацькаўшчыны — Літвы — у свядомасці сваёй і сваіх блізкіх.
Мацей Радзівіл: — Усе роды, якія мы тут прадстаўляем — я разам з Адамам Замойскім і Лукашам Сапегам — калісьці сладалі сілу Вялікага Княства (Літоўскага. — Рэд.). Дарэчы, маці Адама Замойскага паходзіць з роду Чартарыйскіх, як і мая мама. Аднак у XIX ст. наша прысутнасць на землях былога Вялікага Княства Літоўскага была перапынена. Сапегі і Чартарыйскія былі выгнаны з Расійскай імперыі (у склад якой ВКЛ увайшло ў 1772-1795 гг. — Рэд.) пасля Лістападаўскага паўстання (1830-1831 гг. — Рэд.). Яны страцілі ўсе свае ўладанні. А, напрыклад, Адам Ежы Чартарыйскі, моцна звязаны з Віленскім універсітэтам, быў прыгавораны да смяротнага пакарання.
Радзівілы ж страцілі землі па іншай прычыне. Гэта было звязана з тым, што апошні прадстаўнік старой, нясвіжскай, лініі роду — Дамінік, будучы падданым расійскага цара, уступіў у рады арміі Варшаўскага княства (створанага Напалеонам Банапартам. — Рэд.), за ўласны кошт стварыў у складзе гэтай арміі полк і накіраваўся (разам з французскай арміяй. — Рэд.) на Маскву. Натуральна, гэта не было ўспрынята станоўча расійскім бокам, і затым яго ўладанні былі разрабаваны, у т.л. абрабаваны замак у Нясвіжы, Алыцы (апошні — на Валыні ва Украіне. — Рэд.) і іншыя.
Дамінік Радзівіл памёр ад ран у 1813 г. у адной з бітваў на тэрыторыі сучаснай Чэхіі, калі Вялікая армія (Францыі. — Рэд.) адступала.
У той жа час малодшы брат Адама Ежы — Канстанты Чартарыйскі, які таксама быў разам з Напалеонам, папрасіў прабачэння ў расійскага цара, і яму было даравана. А Дамінік ужо не меў магчымасці папрасіць прабачэння.
Урэшце была створана г. зв. радзівілаўская камісія, якая складалася з людзей пасрэднай сумленнасці, якія былі зацікаўлены ў прыдбанні ўладанняў Радзівілаў. І такім чынам частка маёмасці Радзівілаў, у т.л. тая, якая была закладзена за даўгі, размяркоўвалася паміж рознымі сем’ямі.
Частка радзівілаўскай маёмасці трапіла да сям’і Тышкевічаў, якія былі досыць вялікім арыстакратычным родам. І яшчэ ў 1920-я гг. у Літве і той частцы Віленшчыны, якая апынулася ў складзе Польшчы, Тышкевічы валодалі часткай радзівілаўскіх маёнткаў.
Але асноўная частка ўладанняў Радзівілаў — Нясвіж, Алыка, Клецк, якія цяпер знаходяцца ў складзе Украіны і Беларусі, перайшлі ў рукі берлінскай лініі Радзівілаў. Але гэта лінія на працягу двух пакаленняў не надта цікавілася гэтымі ўладаннямі.
Такім чынам, падводзіць вынікі гістарычных падзей Мацей Радзівіл, арыстакратычныя роды былога ВКЛ у той ці іншай ступені страцілі сувязь з гістарычнай бацькаўшчынай, а то і ўвогуле іх радаводы перарваліся...
Мацей Радзівіл: — Сапегі з Коданя (цяпер вёска ў Польшчы, на граніцы з Рэспублікай Беларусь, на паўднёвы захад ад Брэста. — Рэд.) мусілі адтуль уцякаць і аселі ў Галіцыі, у той частцы былой Рэчы Паспалітай, якая ў канцы XVIII ст. адышла да Аўстрыі. А ў выніку, перарвалася і наша сувязь з Вільняй.
Мацей Радзівіл, аднак, напомніў, што сувязь Радзівілаў з Літвой была надзвычай моцная, пра што сведчыць і іх прысутнасць у Вільні ў мінулым, памяць пра якую захоўваюць сцены многіх будынкаў сталіцы Літвы.
Мацей Радзівіл: — Радзівілаўскіх палацаў у Вільні было дзевяць. У Варшаве, зрэшты, іх таксама было многа. Але Вільня заставалася для Радзівілаў важным месцам. Радзівілы сюды ўвесь час вярталіся.
А ў XVIII ст. нават была такая легенда, што прозвішча Радзівіл паходзіць ад таго, што наш легендарны продак Ліздзейка, жрэц літоўскай язычніцкай рэлігіі, раіў (пол. radził) Гедыміну, дзе заснаваць Вільню: „Radził Wilno”. Але так можна сказаць толькі па-польску. Натуральна, гэта этымалогія была перабольшаннем, але ў сваю чаргу паказвала, наколькі зраслася гэта сям’я з Вільняй. Можа, некалі будуць праведзены археалагічныя раскопкі, і гэта тэорыя пацвердзіцца.
На самай справе прозвішча Радзівіл мае літоўскае паходжанне. Аднак расказаныя Мацеем Радзівілам эпізоды з жыцця яго роду сапраўды паказваюць, як моцна спляліся ў гісторыі былой Рэчы Паспалітай літоўскія, польскія, беларускія і ўкраінскія элементы.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё