Беларуская Служба

Італьянскі мастак XVII ст. адлюстраваў літоўскіх шляхціцаў з чубамі і іх жанчын у малітве

01.02.2024 14:02
Анна Сыльвія Чыж, вядучы польскі мастацтвазнавец, які вывучае культуру ВКЛ XVII ст., адкрыла ў фрэсках невядомыя факты нашага мінулага.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.С.Чыж пра М.Палёні. Ч. 2.
 .  .    .     .  2011 .
Мікеланджэла Палёні. "Уваскрэсенне дзяўчыны". Заходняя сцяна капліцы Св. Казіміра ў віленскім кафедральным касцёле. Фота 2011 г.P. Jamski/https://polonika.pl/wydawnictwo/wydawnictwa-naukowe/michelangelo-palloni

Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў даследаванне Анны Сыльвіі Чыж, Пётра Ямскага і Караля Гутмэера Szczęśliwe nieba krajów włoskich! Freskant Michelangelo Palloni w Wielkim Księstwie Litewskim пра дзейнасць у Рэчы Паспалітай ў XVII ст. італьянскага мастака Мікеланджэла Палёні. Гэта стала падставай для размовы пра больш шырокі кантэкст — італьянскі ўплыў на нашу культуру і мастацтва.

Анна Сыльвія Чыж з’яўляецца адным з вядучых польскіх мастацтвазнаўцаў, якія вывучаюць культуру Рэчы Паспалітай і ВКЛ XVII ст. Італьянскі мастак Мікеланджэла Палёні адна з ключавых фігур гэтай эпохі. Яго працы можна ўбачыць у сакральных і свецкіх будынках у Літве, Беларусі і Польшчы.

Анна Сыльвія Чыж:У Варшаве захаваўся цікавы і надзвычай прыгожы ансамбль фрэсак Палёні — у палацы караля Яна ІІІ Сабескага ў Вілянуве. Яны адлюстроўваюць гісторыю персанажа старажытнагрэчаскай міфалогіі Псіхеі. І гэта тэматыка, трэба сказаць, была вельмі папулярная ў палацах таго часу.

Таксама захаваліся размалёўкі Палёні ў закрысціі касцёла камедулаў у Варшаве, у раёне Беляны. Таксама невялікія, але надзвычай цікавыя фрагменты захаваліся ў касцёле кармелітаў на вул. Кракаўскае Прадмесце.

Палёні — гэта мастак, які пакінуў многа прац, і яны ўвесь час адкрываюцца даследчыкамі.

Анна Сыльвія Чыж:Мы таксама ведаем, што Палёні працаваў у палацы Яна Дабрагоста Красіньскага. Пра гэта сведчаць даваенныя фатаграфіі. Аднак падчас Другой сусветнай вайны гэты палац быў разбураны. Натуральна, загінулі і фрэскі. Але, хто ведае, можа, пад тынкам яшчэ адкрыюцца нейкія фрагменты.

У 1948-1961 гг. палац Красіньскіх у Варшаве быў адноўлены, а аддзелачныя і рэстаўрацыйныя работы перыядычна працягваліся да 2016 г. 

Бадай, найбольш цікавым творам Палёні з’яўляюцца фрэскі ў капліцы Св. Казіміра віленскага кафедральнага касцёла.

Анна Сыльвія Чыж:У капліцы Палёні працаваў разам са сваім зяцем — П’етра Перці. І разам яны стварылі незвычайны твор — і ляпны дэкор, і жывапіс. Фрэскі ў капліцы прысвечаны асобе каралевіча Св. Казіміра — яго дабрадзейнасці, а таксама расказваюць пра звязаныя з ім цуды.

Таксама на фрэсках адлюстравана тагачаснае жыццё Вялікага Княства Літоўскага. Сярод удзельнікаў адлюстраваных сцэн — літоўскія шляхціцы, убраныя ў жупаны, кантушы, з падголенымі чупрынамі і густымі вусамі. Таксама паказаны прыгожыя жанчыны, якія моляцца святому.

Гаворачы пра ролю італьянскіх майстроў у стварэнні мастацкай культруы РП і ВКЛ, Анна Сыльвія Чыж адзначае, што на гэта пытанне можна паглядзець з двух бакоў.

Анна Сыльвія Чыж:З пункту гледжання італьянцаў, гэта творы італьянскія, створаныя італьянцамі, якія знаходзіліся  ў РП на эміграцыі — працяглай або кароткай. З другога боку, гэта мастацтва можна разглядаць як інтэрнацыянальнае, якое стваралася і мясцовымі сіламі — продкамі палякаў, літоўцаў, беларусаў, украінцаў, аднак таксама і іншаземцамі, якія паходзілі не толькі з Італіі, але і з Германіі, Францыі. Мы маем справу з культурнай мяшанкай.

Аднак мастакоў з Італіі было больш за ўсё. А за імі ішлі мастакі з Германіі і Францыі. У адрозненне ад мясцовых сіл, яны былі лепш адукаваныя і лепш заўважальныя. Аднак яны не дамінавалі на мастацкім рынку РП. Аднак іншаземцы былі выдатнымі асобамі, пра якіх мы даведваемся і з іх твораў, і з гістарычных крыніц.

Аднак на мастацтва таго часу варта глядзець як на мазаіку розных трэндаў, стыляў. Трэба таксама падкрэсліць, што не ўсе іншаземцы былі першакласнымі мастакамі. Былі і такія, якія ўцякалі са сваіх краін, бо там бы іх ніхто не ўзяў на працу.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мікеланджэла ў Вільні, Гродне і Варшаве: Мастацтвазнаўцы зрабілі сенсацыйныя адкрыцці

25.01.2024 16:01
Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў працу пра дзейнасць у Рэчы Паспалітай італьянскага мастака Мікеланджэла Палёні.