Міністэрства сельскай гаспадаркі з разуменнем ставіцца да пратэстаў фермераў і хадайнічае наконт дадатковых грошай з дзяржбюджэту. Акрамя таго, вядуцца перамовы з Бруселем і Кіевам аб абмежаванні імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны.
Міністр сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Чэслаў Сякерскі (Czesław Siekierski) заявіў, што фермеры пратэстуюць супраць рашэнняў «Еўрапейскага зялёнага ладу», якія былі прынятыя папярэднім урадам у Варшаве. Адносна гандлю з Украінай міністр запэўніў, што вызначаюцца правілы тавараабароту:
- Будуць вызначаныя квоты і мы зможам у выпадку пэўных парушэнняў рынку ў Польшчы закрыць мяжу і спыніць прыток гэтых тавараў на польскі рынак. На гэта пагадзілася таксама Еўракамісія, – сказаў Чэслаў Сякерскі.
Польскія аграрыі выступаюць супраць некантраляваных патокаў аграхарчовых тавараў з Украіны, а таксама не пагаджаюцца з рашэннем Еўрасаюза аб падаўжэнні гандлёвага пагаднення з Украінай да чэрвеня 2025 года.
Кіраўніцтва Міністэрства сельскай гаспадаркі дамаўляецца таксама з міністрам фінансаў на конт падтрымкі польскіх аграрыяў. «Мы хочам павялічыць долю дзяржбюджэту ў падтрымцы фермераў», заявіў Чэслаў Сякерскі:
- Гаворка ідзе пра субсідыі на ўгнаенні і вытворчасць збожжа, гаворка ідзе і пра іншыя пытанні, важныя для захавання бесперапыннасці сельскагаспадарчай вытворчасці.
Адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту адзначыў, што фермеры не могуць пагадзіцца на тое, каб іх палі ляжалі аблогам, як прапануе ЕС.
- Нас бацькі вучылі апрацоўваць усё поле, а не пакідаць, каб парастала пустазеллем. Кожны купляў зямлю, каб яна давала заробак. А цяпер ЕС нам прапануе не выкарыстоўваць ніякіх сродкаў аховы раслін на абсеяных палях. А гэта ж неабходна, каб іх не з'елі шкоднікі, каб сабраць плён, а забарона хімічных сродкаў прывядзе да таго, што наш ураджай прападзе.
На думку фермераў, правілы, якія прасоўвае Брусель, прывядуць да павышэння сабекошту вытворчасці і зніжэння даходаў.
яс