Група беларускіх праваабаронцаў, якія цяпер у эміграцыі, перадала зварот Высокаму камісару ААН у правах чалавека Фолькеру Цюрку, перадае svaboda.org.
Ліст праз спецыяльнага дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі Нільса Муйжніекса перадаў праваабаронца Леанід Судаленка падчас асабістай сустрэчы. У звароце наўпрост ідзецца аб вызваленні з вязніцы старшыні «Вясны», нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага.
«Галоўная мэта нашага звароту да Высокага камісара ААН — каб тэма вызвалення Алеся Бяляцкага гучала як мага шырэй. Нам вядома, што спадар Фолькер Цюрк атрымаў ад міністра замежных спраў Беларусі запрашэнне наведаць з візітам Беларусь. Такі візіт патрэбны беларускаму кіраўніцтву, каб наладжваць адносіны з Захадам. Мяркуем, што калі ён адбудзецца, дык пойдзе на карысць становішчу з правамі чалавека ў Беларусі. Але мы прапануем Высокаму камісару абумовіць згоду на візіт папярэднім вызваленнем Алеся Бяляцкага. Гэта цалкам лагічная прапанова, каб скарыстацца такім момантам», — патлумачыў Леанід Судаленка.
У сваім звароце праваабаронцы «Вясны» пішуць Высокаму камісару ААН, што лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага трымаюць у калоніі для рэцыдывістаў, вядомай вельмі жорсткімі ўмовамі.
Праваабаронцы таксама нагадваюць агульную сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, якіх, паводле падлікаў ПЦ «Вясна», налічваецца больш за 1200 чалавек.
Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня 2021 году і асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі ў Каленік ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
эж