Улады Літвы зніжаюць ўзровень фізічнай аховы Святланы Ціханоўскай, паведаміў тэлеканал LRT, спасылаючыся на міністра замежных спраў Кястуціса Будрыса.
З 2020 года Ціханоўская мела кругласутачную ахову ў Літве і за яе межамі. Яна карысталася статусам афіцыйнага госця катэгорыі C, які звычайна надаецца замежным паслам і прадстаўнікам міжнародных арганізацый.
Паводле LRT, ахова не будзе цалкам знятая, але яе ўзровень знізіцца: цяпер бяспеку палітыка гарантуе Бюро крымінальнай паліцыі, а не Служба аховы кіраўніцтва дзяржавы. Змены пачалі дзейнічаць з 1 кастрычніка, пераходны перыяд працягнецца да лістапада.
Як паведамляе LRT, ахова Святланы Ціханоўскай каштавала Літве каля 1 мільёна еўра на год, у тым ліку 129 тысяч еўра ў 2024 годзе і 92 тысячы еўра ў 2023 годзе — на абслугоўванне VIP-тэрміналаў у аэрапортах.
эж