Дакумент падпісалі міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй Лабовіч і міністр замежных спраў Узбекістана Бахціёр Саідаў, паведаміла «Наша Ніва».
Пагадненне прадугледжвае стварэнне афіцыйнага механізму, які будзе рэгуляваць прыцягненне работнікаў з Узбекістана і дапамагаць беларускім наймальнікам закрываць дэфіцыт кадраў.
Паводле пагаднення, узбекскі бок будзе займацца падборам кандыдатаў у адпаведнасці з патрабаваннямі беларускіх працадаўцаў. Пры адборы будуць улічвацца прафесійная кваліфікацыя, досвед працы, а таксама стан здароўя. Пасля ўзгаднення кандыдатур бакі будуць загадзя ўзгадняць праекты працоўных дамоў яшчэ да прыезду работнікаў у Беларусь.
Таксама Агенцтва міграцыі пры Кабінеце міністраў Узбекістана будзе арганізоўваць перадвыязную падрыхтоўку. Будучых работнікаў азнаёмяць з умовамі працы і пражывання, беларускім заканадаўствам, правіламі знаходжання ў краіне, а таксама з яе культурай і традыцыямі.
У выпадку, калі грамадзянін Узбекістана парушыць заканадаўства Беларусі або не будзе адпавядаць кваліфікацыйным патрабаванням наймальніка, яго вяртанне на радзіму будзе арганізавана за кошт узбекскага боку.
Беларускія наймальнікі будуць заключаць дамовы з упаўнаважанай арганізацыяй, узгадняць кандыдатуры работнікаў, афармляць неабходныя дазволы і падпісваць з імі працоўныя дамовы.
яс