Еўракамісар па пытаннях абароны і космасу Андрус Кубілюс заявіў, што расійскі ваенны ўдар па абаронных заводах у краінах НАТА можа стаць падставай для прымянення 5-га артыкула Паўночнаатлантычнай дамовы, які прадугледжвае калектыўную абарону. Заява прагучала пасля пагроз Масквы на адрас прадпрыемстваў, якія вырабляюць зброю для Украіны.
— У гэтым няма нічога новага. Мы бачым, што Расія ўзмацняе свае пагрозы, а таксама пераходзіць да дзеянняў, у тым ліку гібрыдных, і здзяйсняе акты сабатажу. Мы не баімся расійскіх пагроз. Мы павінны быць гатовыя і павышаем нашу абарончую гатоўнасць. Аднак калі на нас нападуць і мы адчуем боль, наш адказ на дзеянні Расіі павінен быць такім жа балючым, як і напад, які мы перажылі, — заявіў Кубілюс.
Літовец асобна падкрэсліў: калі Расія нанясе ўдар па еўрапейскіх заводах на тэрыторыі краін НАТА, гэта падпадае пад дзеянне 5-га артыкула Паўночнаатлантычнай дамовы. Напярэдадні МЗС Расіі назвала збройні патэнцыйнымі ваеннымі цэлямі.
За ўсю гісторыю НАТА 5-ты артыкул ужывалі толькі аднойчы — пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года ў ЗША. Ён замацоўвае прынцып, паводле якога ўзброены напад на аднаго саюзніка лічыцца нападам на ўсіх. Пры гэтым кожная краіна сама вызначае, якую дапамогу аказаць: дамова прадугледжвае магчымасць выкарыстання ўзброенай сілы, але не абавязвае ўсіх удзельнікаў адказваць аднолькавым чынам.
iar/эж