Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл перадала ўкраінскаму прэзідэнту словы салідарнасці і падтрымкі ад беларусаў.
— Мы стаім на баку Украіны і ўкраінскага народа. Сёння як ніколі важна ўзмацніць падтрымку Украіны, каб спыніць расійскую агрэсію і дасягнуць справядлівага і трывалага міру, — зазначыла Святлана Ціханоўская. Мір павінен быць на ўмовах Украіны, з надзейнымі гарантыямі бяспекі, якія не дазволяць Расіі напасці зноў. Беларускае пытанне павінна стаць часткай перамоваў пра трывалы мір. Нельга дапусціць, каб Беларусь засталася пад кантролем Расіі або стала суцяшальным прызам для Пуціна. Неабходна вывесці расійскія войскі з Беларусі і аднавіць сапраўдную незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны. Без гэтага не будзе трывалай бяспекі ні для Украіны, ні для ўсяго рэгіёна, — гаворыцца ў паведамленні Офіса Святланы Ціханоўскай.
Беларуская лідарка абмеркавала з Зяленскі ролю рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі і важнасць недапушчэння ўцягвання беларускай арміі ў вайну, пытанні санкцый, а таксама падтрымку беларусаў ва Украіне, у тым ліку вырашэнне праблем з дакументамі і легалізацыяй.
— Мы хочам бачыць Украіну моцнай, незалежнай і мірнай, а Беларусь — свабоднай і дэмакратычнай. Нашы народы заслугоўваюць бяспечнай еўрапейскай будучыні, — падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Крыніца: Светлана Тихановская/юл