Беларуская Служба

Беларусы, палякі і літоўцы ўшаноўваюць герояў паўстання 1863-1864 гадоў

28.01.2021 18:21
1 лютага 1863 года ў Літве і Беларусі следам за Каралеўствам Польскім было абвешчана аб пачатку Студзеньскага паўстання.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Паўстанне 1863 г.
   1863-1864     W-Z (     )      .
Выстаўка сімволікі паўстання 1863-1864 гадоў у варшаўскай галерэі W-Z (у падземным пераходзе пад Замкавай плошчай) з калекцыі Музея Незалежнасці ў Варшаве.PAP/Leszek Szymański

1 лютага 1863 года ў Літве і Беларусіна тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, следам за Каралеўствам Польскім, было абвешчана аб пачатку г.зв. Студзеньскага паўстання за вызваленне ад расійскага панавання. Мясцовая шляхта не толькі марыла, але і змагалася за адраджэнне Рэчы Паспалітай, дзяржавы, знішчанай Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй у 1795 годзе. 

У Літве і Беларусі лідарамі Студзеньскага паўстання былі ўраджэнец Валыні Зыгмунт Серакоўскі і выхадзец з пагранічча Падляшша і Гродзеншчыны Вінцэнты Канстанты Каліноўскі. Абодва яны былі пакараны смерцю на Лукішскай плошчы ў Вільні. Сёння там стаіць помнік, устаноўлены яшчэ ў 1920-я гады, калі горад уваходзіў у склад Польшчы. У лістападзе 2019 года ў Вільні адбылося перапахаванне 20 астанкаў Серакоўскага і Каліноўскага і іншых паўстанцаў, знойдзеных на Замкавай гары. Тут іх у ХІХ ст. схавалі расійскія ўлады, каб народ не мог прыйсці да магіл сваіх герояў. Цяпер астанкі герояў спачываюць у капліцы на могілках на Росе ў Вільні, дзе пахаваны іх папярэднікі і паслядоўнікі — змагары за свабоду і незалежнасць Літвы, Беларусі і Польшчы.

Капліца на могілках на Росе ў Вільні з’яўляецца сімвалам літоўска-беларуска-польскага адзінства. Гэта месца, дзе заўсёды чуваць літоўская, беларуская, польская мовы, лунаюць нашы сцягі. Напомнім, што падчас перапахавання астанкаў паўстанцаў з удзелам прэзідэнтаў Літвы і Польшчы сярод удзельнікаў жалобнага шэсця, якое прайшло праз усю Вільню — ад Замкавай гары да могілак на Росе, больш за ўсё было беларусаў з бела-чырвона-белымі сцягамі.

Сёлета 22 студзеня, у гадавіну пачатку Студзеньскага паўстання ў Варшаве, у Вільні, у капліцы на могілках на Росе прадстаўнікі пасольства Польшчы ў Літве ўсклалі вянок — да магіл герояў 1863–1864 гадоў.

Пра значэнне гэтай капліцы для сучасных палякаў, літоўцаў і беларусаў сказаў падчас цырымоніі 22 студзеня кіраўнік консульскага аддзела пасольства Польшчы ў Літве Марцін Зяневіч.

Марцін Зяневіч: Гэта капліца сімвалічна падкрэслівае гісторыю агульнай барацьбы за свабоду, бо тут пахаваны кіраўнікі паўстання, якія таксама лічацца героямі іншых народаў. Не толькі палякі, але і беларусы лічаць Вінцэнты Канстанты Каліноўскага сваім героем. І гэта месца паломніцтва для ўсіх народаў, дзе яны могуць ушаноўваць памяць кіраўнікоў паўстання.

Такіх месц, якія важныя для польскай, польска-літоўскай нацыянальнай памяці, у Літве многа. Па колькасці на першым месцы — мемарыяльныя комплексы, звязаныя з падзеямі Другой сусветнай вайны, а на другім — прысвечаныя Студзеньскаму паўстанню. Гэтыя мясціны расцярушаны па ўсёй Літве. Гэта і магілы, і помнікі, і месцы баёў паўстанцаў.

У Беларусі, дзе такіх месц некалькі дзясяткаў, і далёка не ўсе адзначаны памятнымі дошкамі, крыжамі, таксама ўшаноўваюць памяць удзельнікаў Студзеньскага паўстання, што выбухнула 158 гадоў таму пад лозунгам: «За нашу і вашу свабоду!». Польскія і літоўскія дыпламаты і прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі ўсклалі кветкі і запалілі свечкі каля помніка паўстанцам у Плябані, мясцовасці за 50 кіламетраў на поўнач ад Мінска. Пяцёра ўдзельнікаў паўстання пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках. Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі на памятнай цырымоніі падкрэсліў, што Студзеньскае паўстанне з'яўляецца сімвалам сумеснай барацьбы палякаў, літоўцаў і беларусаў.

Марцін Вайцяхоўскі:Гэта паўстанне было вельмі важнае для нашай сумеснай барацьбы з царскім акупантам за незалежнасць. У даваенныя гады тут знаходзіўся помнік, устаноўлены салдатамі Корпуса аховы пагранічча. У 1990-я гады беларускія дэмакраты, дзеячы руху за незалежнасць аднавілі гэты помнік.

Часовы павераны ў справах Літвы ў Мінску Аста Андрыяўскене, выступаючы ў Плябані на ўкраінскай мове, дадала, што Студзеньскае паўстанне — гэта не толькі падзея мінулага, важная для літоўцаў, палякаў і беларусаў.

Аста Андрыяўскене: Дэвіз удзельнікаў паўстання «За нашу і вашу свабоду!» сёння актуальны як ніколі. Mы ўшаноўваем паўстанцаў і ўсіх тых, хто сёння змагаецца за свабоду.

У сувязі з 158-й гадавінай паўстання 1863–1864 гадоў анлайн бібліятэка Польскага інстытута ў Мінску прапануе звярнуцца да класікі польскай літаратуры: да рамана «Верная рака» Стэфана Жаромскага і тэмы паўстання ў біяграфіі Станіслава Вакульскага, літаратурнага персанажа, галоўнага героя рамана «Лялька» Балеслава Пруса. Пасля пачатку Студзеньскага паўстання Вакульскі кінуў вучобу і запісаўся ў паўстанцкі атрад, пасля чаго быў сасланы ў Іркуцк. Ён вярнуўся адтуль толькі праз сем гадоў. Чым было Студзеньскае паўстанне? Адказы шукайце ў т.л. у перакладзе рамана «Лялька» на беларускую мову, які вы знойдзеце на сайце Польскага інстытута ў Мінску.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Рамуальд Траўгут у Беларусі амаль невядомы, а ён — паплечнік Каліноўскага

21.01.2021 13:13
22 студзеня спаўняецца 158 год з пачатку паўстання 1863–1864 гадоў, адным з лідараў якога быў Рамуальд Траўгут.