Беларуская Служба

88-годзе адзначае Халіна Куніцкая — спявачка настолькі папулярная, што трапіла ў «Ну, пагадзі!»

20.02.2026 10:43
Найбольшую папулярнасць спявачка набыла ў 1960–70-ыя гады — у часы росквіту польскай эстрады, тады яе хіты спявала ўся Польшча. 
Halina Kunicka
Halina Kunicka Cezary Piwowarski/PR

18 лютага легенда эстрады Халіна Куніцкая адзначыла 88-годдзе. Спявачка нарадзілася 18 лютага 1938 года ў Львове. У часы ПНР яна карысталася велізарнай папулярнасцю, а яе песні гучалі з радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, а яна выступала на сцэнах па ўсёй краіне. У творчым даробку артысткі — кампазіцыі, якія даўно набылі статус культавых. З нагоды юбілею прыгадваем яе жыццёвы і творчы шлях.

У перыяд Польскай Народнай Рэспублікі эстрада была адной з найважнейшых формаў масавай культуры. Фестывалі ў Сопаце і Аполе збіралі мільённую аўдыторыю, а Польскае радыё і тэлебачанне адыгрывалі ключавую ролю ў фармаванні музычных густаў. Менавіта тады дэбютавала цэлая плеяда артыстаў, чые імёны сталі сімвалам эпохі. Да гэтага пакалення належыць і Халіна Куніцкая.

Яе талент хутка заваяваў слухачоў, а палякі, асабліва старэйшае пакаленне, і сёння памятаюць яе песні. Найбольшую папулярнасць спявачка набыла ў 1960–1970-ыя гады — у часы росквіту польскай эстрады.

Хіты Кунікцкай: Orkiestry dęte («Духавыя аркестры»), Niech no tylko zakwitną jabłonie («Няхай толькі заквітнеюць яблыні»), Lato, lato czeka («Лета, лета чакае») — спявала ўся Польшча. Артыстка выдала 12 альбомаў агульным накладам больш за мільён асобнікаў, тры з якіх сталі залатымі. Яна неаднаразова выступала на нацыянальных і міжнародных песенных фестывалях, гастралявала амаль у 30 краінах свету — у парыжскай «Алімпіі», у ЗША, Канадзе, Аўстраліі і ў СССР. 

Дарэчы, папулярнасць спявачкі знайшла сваё адлюстраванне ў культавымі савецкі мультсерыяле «Ну, пагадзі!». У чацвёртай серыі 1971 года, у сцэне бегу звярэй з бар'ерамі гучыць кампазіцыя Orkiestry dęte.

У Польшчы Халіна Куніцкая дала больш за тры тысячы канцэртаў. Песні для яе пісалі Уладзімеж Корч, Ежы Дэрфель, Агнешка Асецкая, Эрнэст Брыль і Войцех Млынарскі. Сярод вядомых кампазіцый — таксама To były piękne dni («Гэта былі цудоўныя дні»), створаная на аснове папулярнага расійскага раманса пачатку ХХ ст. 

Халіна Куніцкая — дачка Зоф’і і Вацлава Куніцкіх. Яе бацька быў афіцэрам Корпуса аховы памежжа. Яна распавядала, што яе маці, ведаючы, што іх чакае з боку савецкай улады ў Львове, уцякла разам з ёй у Варшаву.

— Я была як такая пасылачка, якую яна брала з сабой і вазіла. Мяне перакідвалі з месца на месца. Мама паклапацілася пра тое, каб мы пазбеглі паўстання. Мы правялі гэты час недзе пад Варшавай, — кажа Куніцкая.

Халіна Куніцкая таксама прызналася, што вельмі доўга не ведала, што здарылася з яе бацькам. Маці артысткі ўдалося атрымаць толькі інфармацыю, што яе муж загінуў. Толькі ў 80-гадовым узросце спявачка даведалася, што бакьцка  быў расталляны НКУС у Катыні.

— Так што толькі ў познія гады майго жыцця я па-сапраўднаму адчула цяжар гэтай навіны, — прызнавалася Куніцкая.

Музыка суправаджала Халіну Куніцкую з дзяцінства. Маці, якая спявала і грала на фартэпіяна, прывіла ёй любоў да песні, пазнаёміла з харцэрскім і даваенным рэпертуарам, кабарэтнай традыцыяй і львоўскай музычнай культурай.

Выпускныя экзамены Халіна Куніцкая здала ў 16 гадоў. Пасля яна паступіла на юрыдычны факультэт і скончыла яго ў 1959 годзе. Аднак музыка заставалася яе сапраўдным пакліканнем. На трэцім курсе яна была адзначана на конкурсе спевакоў-аматараў, арганізаваным Польскім радыё. У якасці ўзнагароды трапіла ў Студыю песні, дзе вывучала вакал і сальфеджыа. У 1958–1961 гадах выступала ў кабарэ Pinezka.

Першыя радыёзапісы спявачка зрабіла ў 1959 годзе, сярод іх — Czumbalalajka («Тумбалалайка»). Пазней спявачка рэгулярна з’яўлялася ў папулярных радыёперадачах і актыўна гастралявала за мяжой.

Артыстка атрымала мноства ўзнагарод, у тым ліку прыз глядацкіх сімпатый на фестывалі ў Сопаце ў 1970 годзе і ўзнагароду на І Міжнародным фестывалі песні ў Токіа. Спявачка прызналася, што найважнейшым для яе заўсёды было прызнанне слухачоў:

— Я ніколі не спявала з разлікам на ўзнагароды. Самай вялікай узнагародай для мяне заўсёды былі і застаюцца сімпатыя і памяць публікі.

У 2016 годзе Халіна Куніцкая адзначала, што шчаслівая займацца тым, што любіць:

— Я пастаянна адчуваю водгук публікі, якая ідзе са мной праз усе гэтыя гады. Я выступаю са сваё праграмай, увесь час абнаўляю рэпертуар — нешта дадаю, нешта прыбіраю. І публіка запаўняе ўсе залы, дзе я спяваю. Кожны раз яна прымае мяне, скажу коратка, авацыямі.

Спявачка прызнавалася, што ў маладыя гады ніколі не планавала прысвяціць спеву ўсё жыццё, таму і вырашыла спачатку атрымаць юрыдычную адукацыю:

— Я думала, што спевы — гэта толькі імгненне, прыгода ў маім жыцці. Не будавала далёкіх планаў. Таму скончыла права, напісала магістарскую працу і сказала сабе: гэта апошнія хвіліны ва ўніверсітэце. Цяпер я толькі спяваю — спяваю і яшчэ раз спяваю.

Музычная кар’ера Халіны Куніцкай працягвалася 65 гадоў, але момант дэбюту і конкурс у Трэцяй праграме Польскага радыё на вуліцы Мыслівіцкай у Варшаве —  незабыўныя, кажа артыстка:

— Польскае радыё арганізавала конкурс для аматараў. Мама пачула пра яго і сказала: права — правам, але ты павінна спяваць. І прасачыла, каб я тралейбусам з Плошчы Завішы даехала на Мыслівіцкую.

Нягледзячы на салідны ўзрост, Халіна Куніцкая пакорліва і без шкадавання ставіцца да плыні часу. Магчыма ў гэтым і  ёсць сакрэт небывала доўгай прафесійнай актыўнасці спявачкі:

— Я стараюся пасябраваць з часам. Не наракаць на яго, а прыняць. Магчыма, дзякуючы гэтаму я ў згодзе з рэчаіснасцю і з тым, як мінаюць гады.

У рэпертуары Халіны Куніцкай — незабыўны вальс з фільма Noce i dnie («Ночы і дні») 1975 года — Od nocy do nocy («Ад ночы да ночы»). Гэты фільм апынуўся ў кароткім спісе, намінаваных на прэмію «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове.

У 2015 годзе Польскае радыё ўганаравала артыстку «Залатым Мікрафонам», які яна атрымала падчас 52-га Нацыянальнага фестывалю польскай песні ў Аполе.

За выдатныя заслугі ў мастацкай дзейнасці Халіна Куніцкая была ўзнагароджана Кавалерскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы і Залатым медалём «Заслужаны культуры Gloria Artis» (2025). 

У асабістым жыцці Халіна Куніцкая — маці Марціна Кідрыньскага, музыканта, кампазітара і падарожніка.

эж

Больш на гэтую тэму: Машына часу

Легенда польскай эстрады Ірэна Сантор святкуе 90-годдзе 

09.12.2024 13:07
Сваю прафесійную дзейнасць Ірэна Сантор распачала ў далёкім 1951 годзе ў легендарным Калектыве народных песняў і пляскаў «Мазоўша» (Mazowsze).

«Каралева» польскай эстрады адзначыла сваё 80-годдзе, але не збіраецца на пенсію

09.12.2025 15:25
Яна працуе ў музычнай індустрыі ўжо больш за 60 гадоў.

Легендарнаму польскаму ансамблю Czerwone Gitary – 61 год (ВІДЭА)

03.01.2026 06:02
Адзін з самых папулярных польскіх музычных гуртоў шасцідзясятых Czerwone Gitary быў заснаваны ў Гданьску ў студзені 1965 года.

25 гадоў з дня смерці забытай легенды польскай эстрады Эдмунда Фэтынга

30.01.2026 15:42
Эдмунд Фэтынг застаўся ў гісторыі як чалавек, чый голас і сёння гучыць у памяці слухачоў, нават калі не ўсе ведаюць яго імя.