12 верасня спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння Станіслава Лема (1921-2006)— пісьменніка, які ператварыў навуковую фантастыку ў лабараторыю думкі. Яго цікавілі не столькі ракеты, робаты і далёкія планеты, колькі межы пазнання. Ці здольныя мы зразумець іншую форму розуму? Наколькі нашы рашэнні залежаць ад выпадковасці? І ці не застаёмся мы, нават гледзячы ў космас, палоннымі ўласнай біялогіі?
Гэтую інтэлектуальную апантанасць Лем дакладна апісаў у адным з архіўных запісаў. Сюжэт для яго быў толькі бачнай абалонкай, пад якой хавалася цікаўнасць да самых складаных пытанняў.
— У мяне ёсць такая манія, і я сапраўды апантаны ідэяй пазнання. Тое, што Кант апісваў як крытыку чыстага розуму, у мяне выяўляецца ў захапленні межамі чалавечых магчымасцяў і розуму, які спазнае. Уся мая літаратура, па сутнасці, пра гэта. Што б ні складала фабулу і галоўны матыў, усё гэта — паверхня, а ўнутры застаецца цікаўнасць да рэчаў, страшэнна далёкіх ад штодзённасці і надзвычай абстрактных. А яшчэ гэта ўзнікла ў галаве чалавека, які ўмее манеўраваць мовай і знаходзіць асалоду ў спробах выкрасаць з роднай мовы невядомыя словы і паняцці, каб дайсці да межаў моўнай вынаходлівасці. Усё гэта мусіць падпарадкоўвацца лагічнай дысцыпліне.
Лем нарадзіўся ў 1921 годзе ў Львове. Ён стаў адным з найвядомейшых прадстаўнікоў польскай навуковай фантастыкі і адным з самых перакладаных польскіх аўтараў. Пісаў раманы, апавяданні, эсэ, фельетоны і рэцэнзіі на рэальныя ды выдуманыя кнігі. «Салярыс», «Непераможны», «Кіберыяда» і падарожжы Іёна Ціхага прынеслі яму сусветную вядомасць, але азначэнне «фантаст» заўсёды было для яго занадта вузкім.
Прыкладна палову з сарака кніг Лема складае мастацкая літаратура, астатняе ён называў «дыскурсіўнай прозай». У ёй найбольш выразна раскрываецца ягоная філасофія — скептычная да модных ідэалогій і веры ў бесперапынны прагрэс.
Чаму спадчына Лема і сёння не ўкладаецца ў звыклыя класіфікацыі? Прафесар Анджэй Зяневіч (1949-2023) з Факультэта паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта вылучаў тры галоўныя тэмы: эвалюцыю, выпадак і антрапамарфізм.
Першы ключ да Лема — незвычайная разнастайнасць. У яго суседнічаюць філасофскі трактат, гратэскная казка пра робатаў і сур’ёзны раман пра сустрэчу з неспасцігальным.
— Мы ведаем Лема, але нібыта не ўмеем яго ўпарадкаваць. Ён працуе з надзвычай рознымі жанрамі і тэмамі. Ва ўніверсітэтах Канады яго вывучаюць як важную з’яву ў філасофіі літаратуры і літаратуразнаўстве. Ён вядомы футуролаг, а «Філасофію выпадку» разглядаюць як філасофскае даследаванне. Усё гэта спалучаецца з гратэскам, смешнымі казкамі пра робатаў і прыгодамі Іёна Ціхага, якія часам нагадваюць творы Віткевіча. Адначасова Лем — аўтар неверагодна папулярных кніг, а «Салярыс» і «Непераможны» абышлі свет у шматлікіх перакладах. Я бачу яго як пісьменніка, які злучыў тры цэнтральныя праблемы ХХ стагоддзя: эвалюцыйны дарвінізм, выпадак і антрапамарфізм. Да іх далучаюцца тэорыя інфармацыі і досвед савецкага ды нямецкага таталітарызму, спазнанага не тэарэтычна, а ва ўласным жыцці. Лем ператварае гэта ва ўтопіі і навукова-фантастычныя візіі. Ягоныя іншапланетныя цывілізацыі — нібы варыянты нашай гісторыі, якая пайшла іншым шляхам. Лем выбудаваў шмат сваіх раманаў на трох ідэях.
Першая з іх — эвалюцыя без загадзя вызначанага плана. Яна не стварае дасканалы свет, а працуе з выпадковым і недасканалым матэрыялам.
— Першая ідэя — менавіта эвалюцыйная тэорыя Дарвіна. Лем, амаль як Шымборская ў вершах, тлумачыць фельетоннай мовай: сутнасць эвалюцыі ў тым, што яна будуе абы-што, абы-як і з абы-чаго. З таго, з чаго можна нешта збудаваць: з чарвякоў і амёб — вожыкаў, з паўзуноў — паўзуноў, з дыназаўраў — дыназаўраў. Эвалюцыя не праектуе, а майструе з таго, што мае, таму рухаецца ад адной памылкі і часовай развязкі да другой. Адсюль вырастае захапленне тэорыяй інфармацыі, выпадковасцю і непрадказальнасцю. Такія ж лёсы цывілізацыі: яна падае ў бездань катастроф і халакостаў, узнімаецца да тэхналагічных вяршыняў, стварае новыя метамовы, а потым зноў збочвае на нейкае бакавое адгалінаванне. Гэта немагчыма прадказаць, а мы спрабуем утаймаваць хаос статыстыкай.
Але нават статыстыка не здымае галоўнага абмежавання: свет вывучае чалавек, сфармаваны ўласнай эвалюцыяй. Таму сустрэча з сапраўды іншым розумам можа так і застацца без перакладу.
— І вось гэтыя дзве вялікія ідэі — эвалюцыя і хаос, статыстыка і спроба з дапамогай пазнання ўтаймаваць неспасцігальнае — злучаюцца з трэцяй ідэяй Лема: антрапамарфізмам. Ён лічыў і пацвярджаў гэта выдатнымі тэкстамі, што чалавечае пазнанне абмежаванае перадусім спосабам мыслення, а той вызначаны біялогіяй і эвалюцыяй. Чалавек міжволі надае іншым істотам свае матывы, страхі і ўяўленні, нават калі сутыкаецца з цалкам нечалавечай формай існавання. Таму космас у Лема не толькі адкрывае новыя светы, але і паказвае вузкасць нашых разумовых інструментаў. Такім чынам, эвалюцыя як сукупнасць сляпых спробаў, выпадак як немагчымасць ахапіць складанасць космасу і антрапамарфізм як мяжа, за якую мы не выйдзем, колькі б ні стараліся выскачыць з сябе і стаць побач з іншым. Гэта тры апоры мудрасці, з дапамогай якіх Лем узводзіць помнік — а можа, надмагілле — цывілізацыі XX стагоддзя.
Сярод самых вядомых твораў Лема — раман «Салярыс» пра драматычную спробу чалавецтва ўсталяваць кантакт з іншапланетным розумам, філасофскі раман «Непераможны», гратэскная «Кіберыяда», «Зорныя дзённікі» і цыкл пра пілота Піркса. Па-беларуску асобнымі кнігамі выходзілі «Прыгоды Піркса» ў 1992 годзе, «Салярыс» у 1994-м і «Непераможны» ў 2011-м — усе тры пераклаў з польскай мовы Анатоль Бутэвіч.
Слухайце аўдыё!
эж