Беларуская Служба

Польская даследчыца распрацавала электронны язык

29.08.2019 17:31
З дапамогай электроннага языка можна акрэсліць чысціню вады або выявіць падробкі, напр., віскі.
Аўдыё
  • Польская даследчыца распрацавала электронны язык
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Доктар інжынерыі Эмілія Віткоўская-Нэры (Emilia Witkowska-Nery) з Інстытута фізічнай хіміі Польскай акадэміі навук у Варшаве, стала лаўрэатам праграмы Фонду польскай навукі START 2019.

Электронны язык выкарыстоўвае хімічныя дэтэктары. Сістэма вывучае розныя складнікі і выяўляе хімічныя інгрэдыенты ў даследаваных вадкасцях.

Доктар Эмілія Віткоўская-Нэры дае прыклады выкарыстання электроннага языка.

 - Два асноўныя прыклады камерцыйнага выкарыстання электроннага языка – гэта, найперш, аналіз прадуктаў харчавання. Гэта ажыццяўляе таксама экспертная калегія. Аднак экспертная калегія дорага каштуе, а і ўдзельнікі не могуць прабаваць рэчывы бесперапынна, бо язык чалавека мусіць адпачыць. А электронны язык з’яўляецца інструментам, які можа гэта рабіць няспынна. А другое выкарыстанне – гэта тэставанне смаку лекаў. Прэпарат, прызначаны для дзяцей ці пажылых людзей, павінен падабацца пацыентам па смаку. І ў гэтым выпадку таксама дапамагае электронны язык.

Доктар інжынер Эмілія Віткоўская-Нэры, скарыстаўшы ўласны досвед i запатрабаванасць распрацавала турыстычны варыянт электроннага языка для ацэнкі чысціні вады. Навуковец праходзіла практыку ў Бразіліі, дзе сутыкнулася з праблемай бруднай пітной вады.

 - У Польшчы няма гэтай праблемы, але ў Бразіліі бывае, што ў бутэльцы з вадой, купленай у краме і закрытай, праз 2 тыдні пачынае нешта развівацца. Для мясцовых гэта зусім нармальная з’ява, маўляў, сонца свеціць, там штосьці было, то і нарасло. Але ж, ці нам трэба трымаць усе бутэлькі на сонцы 2 тыдні і чакаць, ці там нешта вырасце, ці не? Гэта праблема не толькі Бразіліі, многіх іншых раёнаў свету. Нават на паездках allinclusive шмат турыстаў пакутуе ад паносу, што звязана са спажываннем напояў з лёдам з мясцовай вады.

І таму польская даследчыца збіраецца стварыць стартап і прадаваць мініяцюрны электроны язык.

- Гэта быў бы камплект з двух частак – дэтэктара памерам 5 на 5 сантыметраў, які праз блютуф будзе спалучацца са смартфонам. Да дэтэктара будуць далучаныя заменныя лакмусавыя паперкі. Кожная паперка будзе актыўнай 6-8 тыдняў. За гэты час можна шмат разоў праверыць якасць вады. Дэтэктар прымае інфармацыю і адпраўляе яе ў смартфон, там інфармацыя праходзіць аналіз праз алгарытм і карыстальнік ведае, ці дадзеная вада чыстая, ці не.

Электронны язык пакуль толькі прыстасаваны да праверкі вадкасцяў, але доктар інжынер Эмілія Віткоўская-Нэры плануе зрабіць прыладу для праверкі і іншай ежы на наяўнасць пестыцыдаў і іншага забруджання. Такім чынам можна будзе праверыць, ці экалагічныя прадукты сапраўды чыстыя, ці толькі дарагія.

яс/ПР1/Кшыштаф Міхальскі

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка