Польскія археолагі вядуць раскопкі ў сталіцы аднаго з трох хрысціянскіх каралеўстваў сярэднявечнай Нубіі ў Афрыцы. Гаворка ідзе пра горад Соба, які навукоўцам амаль невядомы. Даследаванні вядуцца на мяжы паміж сучасным Егіптам і Суданам.
Першым, хто праводзіў археалагічныя работы ў гэтым рэгіёне Афрыкі, быў прафесар Казімеж Міхалоўскі, які адкапаў кафедральны сабор з цудоўнымі фрэскамі ў Фарасе. Палова з іх з сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя даступная наведвальнікам Нацыянальнага музею ў Варшаве.
Соба, размешчаны побач з сучасным Хартумам, у мінулым гэта шматнацыянальны мегаполіс з багатымі храмамі, манастырамі і пышнымі дамамі. У Собе жылі ўладары Алодыі – царства, якое прыняло хрысціянства ў шостым стагоддзі. Алодыя разам з Макурыяй і Набадыяй утварыла хрысціянскае царства Нубія. Яна стала апошняй, хто перанёс ісламскія наезды на пачатку шаснаццатага стагоддзя. Аднак, больш дакладная гісторыя гэтай краіны дагэтуль невядомая. Як выглядала Соба – сталіца – мы ведаем толькі з вельмі лаканічных паведамленняў сярэднявечных падарожнікаў. Польскія археолагі спрабуюць гэта змяніць.
Доктар Марыюш Джэвецкі з Цэнтра міжземнаморскай археалогіі Варшаўскага ўніверсітэту кіруе даследаваннямі ў Собе.
- Справа пачалася некалькі гадоў таму. У той час я ездзіў у Судан з экспедыцыяй Познанскага ўніверсітэту, дзе мы даследавалі абарончыя збудаванні. Аднойчы мы зладзілі семінар для супрацоўнікаў Суданскай службы старажытнасці. Потым з гэтымі супрацоўнікамі мы паехалі ў Собу. І тады з'явілася ідэя, што палякі павінны пачаць археалагічныя даследаванні Собы, паколькі ў нас доўгі вопыт і вялікія адкрыцці з Фараза і Данголіі. Мне спатрэбілася некалькі гадоў, каб правесці ўсю аперацыю, але, на шчасце, у мінулым годзе мне ўдалося атрымаць фінансаванне і набраць экспедыцыю.
Горад Соба быў пазначаны брытанскімі вучонымі на мяжы 19 і 20 стагоддзяў. Пазней у 20 стагоддзі былі праведзены частковыя раскопкі.
- Гэта гіганцкая тэрыторыя. Раскопкі, якія праводзілася ў 1950-х, 1980-х і 1990-х гг., былі сапраўды буйной археалагічнай працай, але ў маштабе ўсяе плошчы гэта выглядае як кропкавае даследаванне. Археалагічная пляцоўка займае каля 275 га. Для параўнання, Варшава ў 17 стагоддзі мела менш за 200 га, а сярэднявечны Кракаў каля 100 га. Собу можна параўнаць з сярэднявечнымі метраполіямі, такімі як Лондан. Стан пляцоўкі таксама быў праблемай, паколькі там няма архітэктуры і відаць толькі пагоркі, якія хаваюць рэшткі будынкаў.
Польскім археолагам дапамагаюць навукоўцы Польскай акадэміі навук. У выніку гэтага супрацоўніцтва польскія даследчыкі праводзяць на тэрыторыі Собы геафізічныя даследаванні – адзначае доктар Джэвецкі.
- Геафізічныя метады дазваляюць зазірнуць углыб зямлі, не ўтыкаючы ў яе рыдлёўку. У першым сезоне даследаванняў удалося распазнаць больш за 20 гектараў гэтага ўчастка, мы выявілі некалькі вельмі цікавых раёнаў, будынкаў і нават цэлыя будаўнічыя комплексы не выкарыстоўваючы рыдлёўкі.
Археалагічная стаянка знаходзіцца ў адлегласці 20 кіламетраў ад цэнтра сталіцы Судану, Хартума, і на першы погляд не відаць, што на гэтым месцы стаяў старажытны горад. Па ім не застаўся ніякі відавочны след. Цагліны сярэднявечнага мегаполіса былі выкарыстаны для будаўніцтва Хартума – расказвае доктар Джэвецкі.
- Мясцовыя казалі, што гэта хрысціянскія цагліны, таму што ў адрозненне ад сучасных, яны большыя і больш трывалыя. Таму мясцовыя інтэнсіўна гэтыя цагліны капалі і вывозілі адгэтуль. То бок стаянка была вядомая здаўна. Аднак, ад храмаў і іншых грамадскіх збудаванняў засталіся толькі падмуркі. У сваю чаргу збудаванні з драўніны захаваліся ў даволі добрым стане.
Соба была знесена ў 19 стагоддзі. Горад па-ранейшаму зʼяўляецца тэра інкогніта для навукоўцаў, бо ў 20 стагоддзі толькі некалькі археолагаў праводзілі там даследаванні.
Польскіх навукоўцаў цікавяць не толькі раскопкі каштоўных помнікаў. Перш за ўсё, яны хочуць даведацца, якім чынам размяшчаліся асобныя гарадскія раёны.
«Мы таксама будзем шукаць каралеўскі палац, дамы багатых і бедных жыхароў», – кажа Джэвецкі.
Сярэднявечныя будынкі размешчаны крыху ніжэй паверхні пустыні, а на зямлі можна знайсці фрагменты прадметаў, якія калісьці служылі жыхарам Собы.
У складзе польскай экспедыцыі акрамя археолагаў, знаходзіцца таксама этнолаг, які пра старажытныя помнікі будзе распытаць мясцовых жыхароў.
яс/Катажына Кабылецка