Кажуць, што прыказкі – гэта народная мудрасць, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Сапраўды шматлікія прыказкі з'явіліся ў мове даўно, але выкарыстоўваюцца актыўна па сённяшні дзень. Гэта паказнік багацця мовы і адукаванасці асобы, якая выкарыстоўвае прыказкі ў маўленні, распавяла Польскаму радыё дацэнт кафедры польскай філалогіі Львоўскага ўніверсітэту Крыстына Мікалайчык.
Тэрмін "прыказка" паходзіць ад лацінскага слова proverbium. У польскую мовы гэты панятак увёў львоўскі кашталян, палітык, філосаф і пісьменнік Анджэй Максіміліян Фрэдра. Сёння прыказкі сталі часткай польскай мовы, як і шмат іншых фразеалагізмаў. Якія крыніцы польскай фразеалогіі?
- Прыказкі – гэта частка фразеалогіі. Нават існуе асобная навука парэміялогія, якая вывучае прыказкі. Сам тэрмін фразеалогія ўпершыню з’явіўся ў назве польска-лацінскага слоўніка і азначаў тады слоўнікавы запас. Толькі ў Віленскім слоўніку Оргельбранда з’явілася значэнне, блізкае да сучаснага разумення. Крыніцы фразеалогіі вельмі розныя. Вядома, што пачатак – гэта Біблія, старадаўнія грэцкія міфы, але таксама жыццё падказвае і становіцца крыніцай зʼяўлення фразеалагізмаў.
Напрыклад?
- Хаця б сельская гаспадарка. Кажуць «porywać się z motyką na słońce» (брацца за невыканальную або вельмі складаную задачу). Цяпер рэдка выкарыстоўваецца, але да слоўнікавага запасу польскай мовы належыць. Іншы прыклад - нашы жэсты ці міміка. Кажуць «mieć pod ręką» (мець пад рукой), або «informacha z pierwszej ręki», то бок свежыя навіны. Браць «nogi za pas», то бок даць на пяту. Таксама фаўна і і флора. Кажуць «drzeć koty», то бок сварыцца, жыць як кот з сабакам. Таксама з вайсковай галіны, кажуць "palić mosty" (паліць за сабой масты). Альбо ёсць файны фразеалагізм «spalić na panewce», то бок скончыцца нічым. Ня трэба забываць, што сама гісторыя можа нам пакідаць розныя фразеалагізмы. Wyjść jak Zabłocki na mydle, то бок нічога не атрымаць, змарнаваць высілкі (Цыпрыян Заблоцкі - памешчык, вядомы неўдачнымі інвестыцыямі - рэд.). Альбо "bajonskie sumy". Кожны паляк ведае гэтае выказванне, але мала хто ведае, адкуль яно. Справа ў тым, што некалі Напалеон у 1808 годзе ў горадзе Баён вырашыў дараваць палякам частку доўгу. Аднак рэшта была настолькі вялікая, што неўзабаве давялося плаціць адсоткі яшчэ большыя, чым быў доўг. Адсюль і ўзялося значэнне дадзенага выраза, што гэта проста велізарная сума.
«Nie zasypiać gruszek w popele», што азначае не змарнаваць нагоды, шанцаў. Гэта звязана з тым, што даўней грушы пяклі ў попеле, а калі хтосьці забыў пра іх (праспаў), фрукты згаралі на вуголле і страва марнавалася. Затое памылковай зʼяўляецца версія «nie zasypywać gruszek w popele».
«Dwa grzyby w barszcz», азначае дзве рэчы, калі патрэбная толькі адна, то бок непатрэбны элемент. У 17-ым стагоддзі лічылі, што, калі дадаць два грыбы ў суп, будзе балець страўнік. Гэты выраз можна выкарыстоўваць, каб падкрэсліць непатрэбныя паўтарэнні, таўталогію.
Фразеалагізмы – гэта спалучэнні словаў, якія, пастаўленыя разам, атрымоўваюць зусім іншае значэнне, чым кожнае са слоў паасобку. Чаму так сталася?
- Адна з рысаў фразеалагізмаў – гэта паўтаральнасць, бо яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Што тычыцца разумення і немагчымасці выняць са словазлучэння паасобныя словы, гэта бярэцца з цэласнага значэння фразеалагічных зваротаў. Дарэчы, усё залежыць ад разумення. Скажам, выраз «зялёная трава» можна таксама палічыць фразеалагізмам, бо тут ёсць спалучэнне пэўных сэнсаў. Для звычайнага чалавека фразеалагізмам будзе «czarna owca» (паршывая авечка), але не "чорная кава". Важная таксама ўнутраная форма, то бок, што ляжыць у падвалінах кожнага фразеалагічнага выразу. Матывацыя, вобраз. Мы кажам «gdyby kózka nie skakała, to by nózki nie złamała» (на зламанне карку). Тут можна ўявіць тую казу, што скача і ломе нагу, бачная матывацыя, унутраная форма.
Фразеалагізмы надаюць мове глыбіню ды пластычнасць, візуалізуюць тое, што кажам. Але ёсць і другі бок. Тут часта можна памыліцца.
- Палякі вельмі часта карыстаюцца фразеалагізмамі. Гэта мяне радуе, бо я люблю фразеалагізмы. Я лічу, што яны надаюць смаку мове, упрыгожваюць яе. Вядома, што, на жаль, тут можна лёгка памыліцца. Прычыны розныя. Напрыклад, прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Анджэй Маркоўскі выдзяляе некалькі прычын памылковага прачытання і выкарыстання фразеалагізмаў. Нядаўна я чула такі выраз як «gonić w piętkę» (гнаць у пяту). Гэты выраз павінен выкарыстоўвацца ў значэнні – губляць разумовыя здольнасці. Гэта вынікае з этымалогіі, калі паляўнічая сабака губляе след ахвяры і бяжыць у адваротны бок. Тады трэба сказаць, што ён «goni w piętkę». Адсюль сэнс выразу - дурэць, згубіць глузды. Але цяпер я чую, што палякі выкарыстоўваюць дадзены выраз у значэнні «гнацца за нечым, не паспяваць». Гэта памылковае значэнне.
З іншага боку, гэта сведчыць пра тое, што ў мове, у тым ліку і польскай, адбываюцца ўвесь час змены. Прыказкі гэта ілюструюць.
Цыкл «Польская мова без межаў» часткова фінансуецца Фондам «Дапамога палякам на Ўсходзе» у рамках ажыццяўлення падтрымкі Сенатам Польшчы польскай дыяспары і палякаў за мяжой.
ПР/юл/нг