У галерэі варшаўскага Фонду археалогіі фатаграфіі (Fundacja Archeologia Fotografii) выстаўлены незвычайныя фатаграфіі. Яны прывезены з Беларусі і адлюстроўваюць, як убіраліся тамтэйшыя жанчыны на вяселле ў ХХ ст., у т.л. на тэрыторыях, якія ў 1921-1939 гг. уваходзілі ў склад Рэспублікі Польшча.
Некаторым з фатаграфій больш за сто гадоў. Яны сабраны ў розных кутках Беларусі, але пераважна на Брэстчыне і Гродзеншчыне, і адлюстроўваюць перыяд 1890-1985 гадоў.
Фатаграфіі для варшаўскай выстаўкі «Дзявочы вечар» (Wieczór panieński) сабралі ўдзельнікі грамадскай ініцыятывы «Веха». Куратарам праекту з’яўляецца заснавальніца «Вехі» Леся Пчолка.
Удзельніца грамадскай ініцыятывы Вольга Грыцук гаворыць, што «Веха» — гэта таварыства, якое аб’ядноўвае апантаных беларускай культурай і ў прыватнасці фатаграфіяй людзей: «Дзякуючы ўзнікненню і даступнасці фатаграфіі, амаль кожная сям'я захоўвае дакументы асабістай гісторыі. Мы можам убачыць, як выглядалі нашы продкі, як жылі, што змянілася. На жаль, надрукаваны фотаздымак недаўгавечны, папера разбураецца. А падзеі ХХ стагоддзя, войны, рэпрэсіі прывялі да таго, што вялікая колькасць здымкаў была знішчана. І мы не можам вярнуць страчанае, але можам выратаваць тое, што засталося сёння. Калі гісторыя прадстаўлена візуальна, ёсць доказы і ўпэўненасць у існаванні. Фатаграфія — гэта гістарычны дакумент, і кожная фатаграфія непаўторная».
Беларускай фатаграфія таксама прыцягнула ўвагу польскага Фонду археалогіі фатаграфіі.
Вольга Грыцук расказвае пра вопыт беларуска-польскага супрацоўніцтва: «На выстаўцы ў Фондзе археалогіі фатаграфіі прадстаўлена калекцыя вясельных фотаздымкаў, выбраных з вялікага збору — 300 сямейных архіваў з розных гарадоў Беларусі, да якіх нам удалося дабрацца. Галоўны матыў гэтых фатаграфій — вянок нявесты. Вянок часам прымаў форму і сімволіку кароны. Упрыгожаны кветкамі і рознакаляровымі стужкамі, вянок адлюстроўваў сацыяльны статус нявесты. Выстаўка адлюстроўвае трансфармацыю традыцый і ладу жыцця, гісторыю і лёс жанчын».
Матэрыялы з выстаўкі «Дзявочы вечар», а таксама іншыя фатаграфіі ўдзельнікі ініцыятывы «Веха» плануюць апублікаваць у альбоме.
Віктар Корбут