Зборнік «НКВД в Западной Беларуси. Сентябрь-декабрь 1939 г. Документы и материалы» выдалі дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Цэнтральны архіў КДБ РБ і расійскі фонд «Гістарычная памяць».
У кнізе каля 400 старонак, 87 дакументаў — большасць з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, таксама прадстаўлены матэрыялы з архіваў Федэральнай службы бяспекі РФ, Службы бяспекі Украіны, польскіх збораў.
Гэтыя дакументы расказваюць пра працэс далучэння ў 1939 годзе паўночна-ўсходніх тэрыторый даваеннай Рэспублікі Польшча да СССР. Гэта стала магчымым пасля пачатку Другой сусветнай вайны 1 верасня 1939 года і падзелу тэрыторыі польскай дзяржавы паміж Германіяй і СССР згодна з тайным пактам Молатава—Рыбентропа. 17 верасня 1939 года Чырвоная армія заняла ўсходнія тэрыторыі Польшчы. У СССР і сучаснай Беларусі гэты працэс інтэрпрэтуецца як «ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР».
Вячаслаў Селяменеў
Вячаслаў Селяменеў, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва РБ адзначае, што насельніцтва Заходняй Беларусі было многанацыянальным.
- Там пражывалі не толькі беларусы, але і палякі, яўрэі і інш. Таму адносіны да ўводу [савецкіх] войск было неадназначным.
Беларускае насельніцтва сустрэла ўступленне Чырвонай арміі станоўча, як вызваленне. Для беларусаў гэта было свята, па меншай меры, у пачатку, пакуль не пачаліся сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні на гэтай тэрыторыі. Пра гэта адназначна сведчаць дакументы.
А вось польскае насельніцтва ў большай частцы было настроена па-антысавецку, у штыкі, асабліва моладзь. Таму пачаліся антысавецкія выступленні.
Большая частка тэхнікі Чырвоная арміі [якая ўвайшла ў Заходнюю Беларусь] была страчана з-за паломак, браку паліва. Да Брэста не дайшла большая частка тэхнікі. Было вялікае падзенне пагалоўя коней у кавалерыйскіх часцях. Не было належнай дысцыпліны ў воінскіх часцях. Гэтыя моманты праявіліся падчас савецка-фінляндскай вайны 1940 года, а потым у 1941 годзе.
У Заходняй Беларусі гэтыя недахопы не так праявіліся, бо тут амаль не было ваенных дзеянняў. Калі б яны былі, то невядома, чым бы ўсё гэта скончылася для Чырвонай арміі.
НКУС, як вядома, праводзіў рэпрэсіўную палітыку. Адной з функцый НКУС была барацьба з антысавецкім элементам.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да Польшчы. Чаму? Бо Чырвоная армія, савецкая Расія не змаглі адстаяць гэту тэрыторыю, ім патрэбен быў мір з Польшчай любой цаной. Палякі павінны былі ўлічваць, што пытанне аб вяртанні гэтых тэрыторый узнікне. І яно ўзнікла — у момант слабасці польскай дзяржавы. І СССР выкарыстаў гэты момант. Таму палякі павінны былі ўлічваць, заключаючы дагавор з савецкай Расіяй у 1921 годзе, што ўзнікне крызісная сітуацыя, калі гэту тэрыторыю давядзецца аддаць. Гэта, я лічу, была часовая акупацыя Польшчай Заходняй Беларусі.
Цяпер мы рыхтуем зборнік дакументаў пра НКУС у заходніх абласцях Беларусі ў 1940 — чэрвені 1941 года.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё