Беларуская Служба

У Вільні праводзяць у апошні шлях Каліноўскага і яго таварышаў

21.11.2019 16:04
22 лістапада ў Вільні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыме ўдзел у цырымоніі дзяржаўнага перапахавання ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Перапахаванне паўстанцаў 1863 г. у Вільні.
.  .  ,   1920-1930- .      1863-1864 .,   .
Вільня. Лукішская плошча. Памятны знак, устаноўлены ў 1920-1930-я гг. у памяць пра ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг., пакараных тут смерцю.Viktar Korbut

21-22 лістапада ў Вільні знаходзіцца з візітам прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда з жонкай Агатай Карнхаўзэр—Дудай. Яны разам з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, віцэ-спікерамі Сейма і Сената Польшчы, прэм'ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім, віцэ-прэм'ерамі Беларусі і Украіны і міністрам культуры Латвіі ўдзельнічаюць у цырымоніі дзяржаўнага перапахавання кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, якое ў Польшчы называюць Студзеньскім. Польшча прадстаўлена на высокім узроўні, бо гэта паўстанне было апошняй спробай аднаўлення Рэчы Паспалітай. У гэтых падзеях удзельнічалі як ураджэнцы Польшчы, так і Беларусі, Літвы, Украіны.

У 1863-1864 гадах 21 удзельнік паўстання, у т.л. яго кіраўнікі Канстанты Вінцэнты Каліноўскі (Кастусь Каліноўскі) і Зыгмунт Серакоўскі, былі пакараны смерцю на Лукішскай плошчы ў Вільні, а іх целы пахаваны на Замкавай гары ў старажытнай сталіцы Літвы, якая ў той час з’яўлялася губернскім горадам Расійскай імперыі. А сама гара была ўключана ў комплекс абарончых умацаванняў — Віленскую крэпасць. Доступ туды быў закрыты. Таму расійскія ўлады не проста пахавалі, а па сутнасці схавалі целы паўстанцаў, каб да іх не прыходзілі на пакланенне патрыёты Літвы і Польшчы.

Пра тое, што на Замкавай гары пахаваны паўстанцы было вядома. І ў 1920-1930-я гады там нават стаяў драўляны крыж у памяць пра герояў.

3 студзеня 2017 года пахаванні паўстанцаў былі выпадкова выяўлены літоўскімі археолагамі. Былі праведзены даследаванні астанкаў, якія дазволілі ідэнтыфікаваць асобы пахаваных, сярод якіх — Зыгмунт Серакоўскі і, вельмі праўдападобна, Канстанты Вінцэнты Каліноўскі.

У сувязі з асобай Каліноўскага існуюць пэўныя сумненні. Як паведамляе МЗС Рэспублікі Беларусь, на працягу 2017 года адбыўся рад сустрэч беларускіх дыпламатаў з літоўскімі вучонымі і экспертамі, якія непасрэдна кіравалі археалагічнымі работамі на Замкавай гары ў Вільні, займаліся працэсам ідэнтыфікацыі і гістарычнымі даследаваннямі астанкаў. У 2018 годзе Літву наведала афіцыйная група экспертаў з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржкамітэта судовых экспертыз, у складзе якой былі археолагі, антраполагі, судмедэксперты і медыкі-крыміналісты.

У 2019 годзе кантакты пасольства Беларусі ў Літве з літоўскім бокам былі працягнуты. Абмяркоўваліся арганізацыйна-тэхнічныя пытанні правядзення цырымоніі перапахавання, а таксама забеспячэння прысутнасці беларускай мовы на мемарыяльных дошках.

У ліпені 2019 года Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь сумесна з Дзяржкамітэтам судовых экспертыз у горадзе Свіслачы Гродзенскай вобласці была праведзена эксгумацыя магчымай магілы Віктара Каліноўскага, брата Канстанты Вінцэнты Каліноўскага. Свіслач у час правядзення работ наведалі прадстаўнікі Літвы, сярод якіх быў прарэктар Віленскага ўніверсітэта, кіраўнік літоўскай групы па ідэнтыфікацыі астанкаў. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі беларускай грамадскасці.

Беларусь перадала вынікі ДНК-экспертызы магчымых астанкаў Віктара Каліноўскага Літве. Літоўскі бок правёў аналіз экспертызы. Рымантас Янкаўскас, прафесар Віленскага ўніверсітэта, каардынатар работ па ідэнтыфікацыі астанкаў, паведаміў: «Наш судовы медык супаставіў даныя і прыйшоў да вываду, што храмасомы і ДНК не супадаюць з ДНК Канстанты Вінцэнты Каліноўскага. Таму пахаванне ў Свіслачы не брата Каліноўскага. Гэта невядомая асоба».

Дэлегацыю Беларусі на цырымоніі дзяржаўнага перапахавання кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў узначаліць намеснік Прэм'ер-міністра РБ Ігар Петрышэнка.

Асноўныя мерапрыемствы ў Вільні праходзяць 22 лістапада. А 8.30 — вынас трун кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў з унутранага двара Палаца ўладароў Вялікага Княства Літоўскага у кафедральны касцёл Св. біскупа Станіслава і Св. Уладзіслава. Затым цырымонія працягваецца набажэнствам з удзелам афіцыйных асоб і замежных дэлегацый, у т.л. прэзідэнта Польшчы. А 13.20 труны выносяцца з кафедральнага касцёла і падчас жалобнай цырымоніі праз стары горад і Вострую браму к 14.30 пераносяцца на могілкі на Росе (Расу). А 14.00 жалобная працэсія спыняецца ля Вострай брамы, дзе на літоўскай, польскай і беларускай мовах гучаць малітвы і спевы. Цырымонія перапахавання ў капліцы на могілках на Росе скончыцца салютам у гонар кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, а таксама ўсіх, хто змагаўся і загінуў за свабоду Літвы, Польшчы і Беларусі.


Афіша выстаўкі «Абуджаныя: гісторыя паўстанцаў, якіх знайшлі на гары Гедыміна» ў Нацыянальным музеі Літвы.  Афіша выстаўкі «Абуджаныя: гісторыя паўстанцаў, якіх знайшлі на гары Гедыміна» ў Нацыянальным музеі Літвы.

Пра знойдзеныя на Замкавай гары астанкі паўстанцаў і пра жыццяпісы гэтых людзей можна будзе даведацца з экспанатаў спецыяльнай выстаўкі.

Аляксандр Адамковіч, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве: — Выстаўка «Абуджаныя: гісторыя паўстанцаў, якіх знайшлі на гары Гедыміна» арганізавана Нацыянальным музеем Літвы. Выстаўка адкрыта з 21 лістапада 2019 года да 31 мая 2020 года на вуліцы Касцюшкас, 1. Я па запрашэнні мзея пераклаў тэксты для выстаўкі на беларускую мову. У гэтым будынку былі зняволены восем паўстанцаў, пазней пакараныя смерцю на Лукішскай плошчы. На першым паверсе будынка будуць экспанавацца асабістыя рэчы паўстанцаў, знойдзеныя падчас раскопак на Замкавай гары, іх фотаздымкі. На другім паверсе будуць прадстаўлены экспанаты з выстаўкі 1964 года, арганізаванай літоўскімі мастакамі да стагоддзя паўстання і забароненай савецкімі ўладамі.

23 лістапада запланаваны мерапрыемствы па ўшанаванні памяці паўстанцаў з боку беларускай грамадскасці. Усё пачнецца з набажэнства на беларускай мове ў грэка-каталіцкай Свята-Траецкай царкве, што ў былым базыльянскім кляштары на вул. Аўшрос Варту. Пазней адбудзецца канцэрт-містэрыя прысвечаны паўстанню. А 18-й гадзіне пачнецца шэсце ад Вострай брамы да могілак на Росе.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост