«Ах Варшава мая, ах сталіца!», — спявала ў папулярным некалі беларускім музычным праекце «Народны альбом» Кася Камоцкая. Гэта быў песня пра тую Варшаву, якая была сталіцай для беларусаў — тых з іх, якія жылі ў даваеннай Польшчы ў 1921-1939 гадах. Гісторык мастацтва, архітэктурны крытык Ярослаў Трыбусь напісаў кнігу пра даваенную сталіцу Польшчы — „Warszawa niezaistniała. Niezrealizowane projekty urbanistyczne i architektoniczne Warszawy dwudziestolecia międzywojennego” («Варшава, якой не існавала. Неажыццёўленыя ўрбаністычныя і архітэктурныя праекты Варшавы двух міжваенных дзесяцігоддзяў»). Кніга пабачыла свет у выдавецтве Księży Młyn дзякуючы падтрымцы Музея Варшаўскага паўстання, Нацыянальнага музея ў Варшаве, фонда Bęc Zmiana. Аўтар кнігі ў 2012–2019 гадах займаў пасаду намесніка дырэктара Музея Варшавы, збіраў неажыццёўленыя праекты, створаныя для сталіцы Польшчы на мяжы 1930-х і 1940-х гадоў. Яны выдатна адлюстроўваюць настроі эпохі, калі амбіцыі маладой дзяржавы ў мадэрнізацыі непарыўна перапляталіся з духам нацыяналізму і мілітарызму.
Ярослаў Трыбусь, які жыве ў Варшаве ўжо 17 гадоў, расказвае пра неажыццёўленыя праекты, якія, тым не менш, «існуюць» у гарадской прасторы. Адзін з такіх аб’ектаў — выстаўка ў раёне Саска Кэмпа.
Ярослаў Трыбусь: — Там павінны былі з’явіцца будынкі сусветнай і польскай нацыянальнай выставак. Менавіта па гэтай прычыне вуліцы ў раёне Саска Кэмпа названы паводле іншых краін — саюзных у той час Польшчы, а таксама ў гонар польскіх узброеных сіл. Па гэтай жа прычыне ў раёне Саска Кэмпа знаходзіцца канал, які дагэтуль называецца Выставовым.
Яшчэ адзін праект, які доўга ажыццяўляўся, гэта будаўніцтва цэнтральнага чыгуначнага вакзала. І тое, як тады ўяўляўся вакзал, было ажыццёўлена ў тым вакзале, які існуе цяпер. Цяперашні вакзал стаў працягам ранейшай архітэктурнай ідэі.
Поле Макатоўскае — гэта прыклад аднаго з буйнейшых архітэктурных праектаў таго часу ў Польшчы. Гэты раён праектаваўся як урадавы. Было запланавана будаўніцтва храма Вышэйшай Боскай Сілы, вакол якога павінна была быць створана вялікая незабудаваная прастора. І, магчыма, я скажу нешта спрэчнае. Але Палац культуры і навукі 1950-х гадоў выконвае цяпер гэту ролю, якая была прызначана для храма Вышэйшай Боскай Сілы ў краявідзе Варшавы 1930-х, калі б той праект быў ажыцёўлены. Г.зн. вельмі вялікі пануючы над наваколлем будынак, акружаны пусткай.
Вось яшчэ якія будынкі павінны былі аздобіць Варшаву ў 1930-я гады. Гэта патэнтнае бюро ў раёне Поле Макатоўскае. Гэта некалькі новых вуліц, такіх, як алея Велькапольскі. Гэта шырокая і шыкоўная алея, якая стала ў выніку кароткай і шырокай паркавай алеяй, абсаджанай дубамі — у раёне Фільтры і побач з вул. Вавэльскай.
Алея Велькапольскі павінна была весці да храма Вышэйшай Боскай Сілы.
Кніга Ярослава Трыбуся „Warszawa niezaistniała. Niezrealizowane projekty urbanistyczne i architektoniczne Warszawy dwudziestolecia międzywojennego”.
Галоўным чынам манументальныя, але неажыццёўленыя праекты з’яўляліся ў 1930-я гады, калі мэрам Варшавы быў Стэфан Стажыньскі.
Як вядома, Стажыньскі не быў дэмакратычна абраным мэрам. У сувязі з гэтым яго ўладу ў горадзе часта ставілі пад сумненне. Улада, якая не адчувае сябе ўпэўнена, ахвотна выкарыстоўвае розныя магчымасці, каб падкрэсліць сваю рэзультатыўнасць.
Стажыньскі, як добры чыноўнік, вельмі спраўна выкарыстоўваў спецыялістаў і іх праекты на карысць горада. Аднак нельга сказаць, што ў Стажыньскага быў свой вобраз Варшавы. Натуральна, ён хацеў, каб горад быў сучасны, добра функцыянаваў, што ў той час было праблематычна, каб мог далей развівацца — прычым у доўгатэрміновай перспектыве. І таму Стажыньскі паводзіў сябе як любы добры чыноўнік, мэр горада.
Новыя праекты развіцця Варшавы з’явіліся ў 1933-1934 гадах на хвалі найноўшых урбаністычных ідэй таго часу.
Стажыньскі ўсведамляў, што Варшава не можа развівацца як закрыты горад, што трэба яго бачыць у кантэксце — і рэгіянальным, і агульнанацыянальным, і г.д. Але адначасова Стажыньскі, як рэаліст, усведамляў, што ажыццяўленне надзвычай сучаснага і дарагога праекта мадэрнізацыі Варшавы патрабуе вельмі многа часу і грошай.
Але Варшава 1930-х гадоў была вельмі бедным горадам.
У Варшавы было многа патрэб. Для ажыццяўлення выбіраліся тыя праекты, якія мадэрнізавалі горад, але адначасова мелі сімвалічны патэнцыял. Яны адлюстроўвалі мары пра сучаснасць, але імперскую. Польшча ў другой палове 1930-х гадоў марыла пра тое, каб быць імперыяй. Польшча марыла быць моцнай імперыяй, хаця для гэтага не хапала магчымасцей. І сцвярджэнню гэтай мары, адлюстраванню гэтага імкнення служыла ў тым ліку архітэктура.
Варта адзначыць не толькі ўтылітарную, эстэтычную, але і палітычную функцыю архітэктуры. Архітэктура з’яўляецца сродкам у руках улады, незалежна ад таго, якая гэта ўлада. Архітэктура з’яўляецца мастацтвам для прад’яўніка. Г.зн., у залежнасці ад кантэксту, можа паведамляць розную інфармацыю.
Праект будынка Нацыянальнага музея ў Варшаве часта параўноўваюць з архітэктурай фашысцкай Італіі або нацысцкай Германіі. Аднак праект гэтага будынка з’явіўся раней, чым гэтыя ідэалогіі запанавалі ў Еўропе.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё