Ксёндз Дар’юш Станьчык служыць у Расіі, у Сібіры, да гэтага свяшчэннік пяць гадоў працаваў у Літве, а сам паходзіць з Польшчы. Ён не толькі служыць Богу, але і выхоўвае патрыятызм на прыкладзе ўдзельнікаў паўстання 1863 года.
Ксёндз — кіраўнік (пол. harcmistrz) віленскага скаўцкага атрада (пол. hufiec) імя Маці Божай Вастрабрамскай Дар’юш Станьчык ужо чвэрць стагоддзя працуе з моладдзю ў Літве — на Віленшчыне і ў Сібіры — у Табольску.
Ксёндз Дар’юш Станьчык, расказваючы пра свой жыццёвы шлях, адзначае, што яго карані — на землях былога ВКЛ. Нарадзіўся будучы свяшчэннік на захадзе Польшчы, у Ніжняй Сілезіі. Пазней жыў у ваколіцах Апочна (паміж Лоддзю і Радамам).
У кожную гадавіну Студзеньскага паўстання 1863 года ксёндз Дар’юш Станьчык праводзіць польскія патрыятычныя мерапрыемствы ў Літве.
Ксёндз Дар’юш Станьчык: — Заўсёды 22 студзеня мы выязджаем на адным ці двух мікрааўтобусах у лясы па ўсёй Літве, каб шукаць магілы паўстанцаў і запальваць на іх лампады.
У 150-ю гадавіну Студзеньскага паўстання мы знаходзіліся на Замкавай гары ў Вільні, дзе затым былі знойдзены косці паўстанцаў, і маліліся за іх, ведаючы, што яны пахаваны на гэтай гары. Бо гістарычныя крыніцы ХІХ ст. пра гэта сведчаць.
Летась, 22 лістапада, ксёндз Дар’юш Станьчык прымаў удзел у Вільні разам са скаўтамі ў цырымоніі дзяржаўнага перапахавання на могілках на Росе кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, чые астанкі былі знойдзены на Замкавай гары.
Ксёндз Дар’юш Станьчык: — Гэта вялікае свята першай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Тут усе сабраліся ў атмасферы той даўняй эпохі. Пабачым, як гэта потым адаб’ецца на жыцці, на далейшых лёсах нас усіх. Але я ўпэўнены, што Бог дапаможа, каб тыя народы, якія калісьці былі аб’яднаны ў межах Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, усвядомілі, што дзеля “нашай і вашай свабоды” яны павінны быць разам.
Не ідзе гаворка пра тое, што мы павінны аб’яднацца палітычна так, каб мяняць граніцы. Але перш за ўсё мы павінны з цеплынёй адносіцца адзін да аднаго. Мы павінны разумець, што вялікая гісторыя нам вельмі патрэбна і яна можа быць ключом да большай згоды, паразумення і супрацоўніцтва.
Любоў да паўстанцаў перадалася мне ад маёй сям’і. А цяпер, калі я ўжо на працягу пяці гадоў працую ксяндзом у Табольску, у былой “сталіцы” Сібіры, для мяне важна, што там пахаваны на могілках многія з паўстанцаў. Ад гэтых паўстанцаў да сённяшняга дня застаўся ў Табольску прыгожы неагатычны касцёл Святой Тройцы.
Удзельнікі Студзеньскага паўстання — гэта любімая тэма маршала Польшчы Юзафа Пілсудскага. Таму разам са скаўцкай моладдзю з Вільні і Віленшчыны мы дбаем пра памяць аб паўстанцах — і пра ўдзельнікаў Лістападаўскага паўстання 1830 г., і пра ўдзельнікаў Студзеньскага паўстання 1863 г. Мы праводзім марафоны ў гонар паўстанцаў. Мы правялі цудоўную эстафету ад могілак Арлянят у Львове да капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні, пазней з Залаваса (пол. Zułów, мясцовасць пад Вільняй, на граніцы з Беларуссю, месца нараджэння Юзафа Пілсудскага. — Рэд.) на могілкі на Росе ў Вільні, дзе пахавана маці Юзафа Пілсудскага і сэрца яе сына.
І, такім чынам, скаўцкая моладзь многа зрабіла для ўшанавання паўстанцаў і ўдзельнікаў легіёнаў, сфарміраваных Пілсудскім. І я спадзяюся, што такія святы, якія праходзяць у гонар паўстанцаў, натхняюць моладзь на прыгожае служэнне бацькаўшчыне.
Бацькаўшчына для ксяндза Дар’юша Станьчыка — паняцце шырокае. Гэта і Польшча, і Вільня.
Ксёндз Дар’юш Станьчык: — З Вільняй мяне аб’ядноўвае тое, што я служыў тут на працягу пяці гадоў. У 1991 годзе я пачаў працу на віленскай Кальварыі. Пазней служыў у Табарышкес (літ. Tabariškės), затым з’яўляўся пробашчам у Кальвяляй (літ. Kalveliai, пол. Kowalczuki) і Шумскасе. Усё гэта ваколіцы Вільні. А пазней я паехаў у Рым.
Але на самыя значныя патрыятычныя мерапрыемствы ксёндз Дар’юш Станьчык увесь час вяртаецца на духоўную бацькаўшчыну, якою для яго з’яўляецца Вільня і Віленшчына. Тут ужо вырасла некалькі пакаленняў скаўтаў, якіх выхаваў свяшчэннік.
Ксёндз Дар’юш Станьчык: — Некаторыя мае першыя скаўты, якіх я выхоўваў, цяпер ужо з’яўляюцца дзядамі.
Віктар Корбут
Вільня
Слухайце аўдыё