Беларуская Служба

Музей Незалежнасці знаходзіцца ў палацы, у якім нарадзілася Магдалена Радзівіл

30.07.2020 10:02
Тадэвуш Скочак, дырэктар варшаўскага Музея Незалежнасці, расказвае пра супрацоўніцтва з Беларуссю.
Аўдыё
  • Тадэвуш Скочак пра супрацоўніцтва варшаўскага Музея незалежнасці з Беларуссю.
 .
Музей Незалежнасці.Viktar Korbut

Музей Незалежнасці знаходзіцца ў былым палацы Радзівілаў на варшаўскай алеі «Салідарнасці». Тут у 1861 годзе нарадзілася Марыя Магдалена Завіша, якая больш вядома па прозвішчы свайго другога мужа — Радзівіл. Яна адзначылася ў пачатку ХХ ст. як мецэнатка беларускага нацыянальнага руху. Сімвалічна, што Музей Незалежнасці на працягу апошніх гадоў развівае шчыльнае супрацоўніцтва з Беларуссю. Фотадакументальная выстаўка «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці» адкрылася тут у пачатку ліпеня. Выстаўка прыехала з Мінска. Яе асновай сталі стэнды з фотаматэрыяламі з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З’яўленне экспазіцыі ў Музеі Незалежнасці ў Варшаве невыпадковае. Гэта культурная ўстанова даўно супрацоўнічае з Беларуссю.

Тадэвуш Скочак, дырэктар Музея Незалежнасці: — На працягу многіх гадоў мы супрацоўнічаем з Пасольствам Рэспублікі Беларусь і Культурным цэнтрам Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. У аснове гэтага супрацоўніцтва ляжыць узаемаабмен інфармацыяй, дэлегацыямі і арганізацыя выставак. Падчас рамонту будынка Музея Незалежнасці на алеі «Салідарнасці» мерапрыемствы праходзілі ў Х павільёне Варшаўскай крэпасці. Там, у зале імя Караля Бэера, мы арганізавалі паказ фільмаў, якія атрымлівалі ад беларускіх вытворцаў. А таксама экспанаваліся выстаўкі з розных беларускіх музеяў.  

Мы вельмі актыўна супрацоўнічаем з польскім Фондам Касцюшкі (Fundacja Kościuszkowska), які штогод арганізуе паездкі ў Беларусь — у Брэст і месцы, звязаныя з Тадэвушам Касцюшкам, якія вельмі прыгожыя, адрэстаўрыраваныя і ўтрымліваюцца беларускімі ўладамі ў цудоўным стане.

Мы ўдзельнічаем у навуковых канферэнцыях у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, беларускія вучоныя публікуюцца ў нашым часопісе Niepodległość i Pamięć. Нашы выданні мы высылаем у Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

У нас праходзяць канцэрты беларускай песні. Супрацоўнічаем з фондам PolskaWschód.

Да нас прыязджаюць калегі — музейныя работнікі з Брэсцкай крэпасці, з якой мы рыхтуем дагавор аб супрацоўніцтве. У нас многа агульных тэм. І мы таксама наведвалі Брэсцкую крэпасць, знаёміліся з яе дзейнасцю.

Будзем прымаць удзел у мерапрыемствах, звязаных са 150-й гадавінай з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца. У сувязі з гэтым мы рыхтуем адмысловае выданне — серыю артыкулаў у навуковым часопісе Niepodległość i Pamięć, які выходзіць штоквартал і вядомы на еўрапейскім рынку, пунктуецца — мае навуковы прэстыж. А калі атрымаем сродкі, то пастараемся падрыхтаваць каляровы альбом, звязаны з творчасцю Рушчыца, а таксама, магчыма, літоўскага мастака Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса.

Дарэчы, Чурлёніс у Варшаве быў вучнем Рушчыца.

Цяпер Музей Незалежнасці працягвае экспанаваць у сваім філіяле — Музеі турмы «Павяк»выстаўку пра знішчэнне яўрэяў у Мінску і Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1941–1944 гадоў — «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці».


Тадэвуш Скочак, дырэктар Музея Незалежнасці. Тадэвуш Скочак, дырэктар Музея Незалежнасці.

Тадэвуш Скочак: Тэма ўвекавечвання Халакоста ў Беларусі малавядома ў Польшчы. Мінская кінастудыя Уладзіміра Бокуна паказвала ў нас фільм на гэту тэматыку, таму сітуацыя з ведамі пра гэтыя падзеі трошкі змянілася.

Спадзяюся, што такія выстаўкі як «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці» выраўнуюць тыя няроўнасці, якія існуюць у ведах палякаў пра Халакост у Беларусі. Бо смерць была адна, без розніцы, хто і на якіх землях гінуў.

Гэта місія нашага музея — займацца гэтай тэматыкай.

Дарэчы, каля музея была створана інсталяцыя з адлюстраваннем Вялікай сінагогі, якая стаяла недалёка ад нашага будынка і была знішчана падчас нямецкай акупацыі — пасля Варшаўскага паўстання.

Тут, у гэтым раёне, было яўрэйскае гета. На зямлі адзначана месца, дзе праходзіла сцяна гета. Сюды прыходзяць экскурсанты, зазіраюць у Музей Незалежнасці, але часцей — у Музей турмы «Павяк».

Дарэчы, побач, на вул. Бяляньскай стаялі руіны былога банка, які быў узарваны пасля Варшаўскага паўстання. Гэтыя руіны рэканструяваны, і іх можна ўбачыць побач з офісам польскай кампаніі Orlen.

Ці ўдасца нам перадаць гістарычныя веды маладому пакаленню? Хацелася б, каб так было. Як вынікае з даследаванняў, дзейнасцю Музея Незалежнасці цікавяцца перш за ўсё прадстаўнікі старэйшага пакалення і школьнікі. Але пакуль сярод наведвальнікаў нам не хапае людзей «сярэдняга ўзросту» — той інтэлігенцыі, якая магла б далей перадаць веды. Перад намі яшчэ многа працы.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост