15 жніўня Польшча будзе адзначаць стагоддзе Варшаўскай бітвы. Да гадавіны гістарычнай падзеі варшаўскі фонд Ośrodek Karta выдаў кнігу Wojna o wolność 1920 — у двух тамах: пра паход на Кіеў і пра абарону Варшавы (Tom 1: Wyprawa kijowska; Tom 2: Bitwa warszawska). У выданні расказваецца пра тое, як у красавіку–жніўні 1920 года Польшча спрабавала спыніць наступленне бальшавікоў на Захад. У двухтомніку ёсць і «беларускія» старонкі.
Укладальніца двухтомніка Wojna o wolność 1920, супрацоўніца фонда Ośrodek Karta Агнешка Кныт адзначае, што ў 1920 годзе было пастаўлена на карту існаванне польскай нацыі, а Варшаўская бітва з'яўляецца найвялікшай польскай перамогай у ХХ стагоддзі супраць знешняга ворага. Сто гадоў таму палякі масава выступілі ў абарону Бацькаўшчыны ад бальшавіцкай ідэалогіі, што пагражала ўсёй Еўропе. Польшча тады паўстала адна на шляху распаўсюджвання бальшавізму і расійскай агрэсіі.
Агнешка Кныт: — Польшча стаяла на шляху сусветнай рэвалюцыі. І ў сувязі з гэтым ужо ў лютым 1919 года адбыліся першыя ўзброеныя сутыкненні палякаў з бальшавікамі. І хоць тады вайна афіцыяльна не была абвешчана, баі ўвесь час працягваліся на працягу ўсяго фронту. Вясной 1920 года вайна ўвайшла ў вырашальную стадыю. Бальшавікі планавалі канцэнтраваны ўдар па Польшчы летам 1920 года. Пад Варшавай у жніўні 1920 года адбылася мабілізацыя не толькі войска, але і польскага грамадства.
15 жніўня 1920 года адбылася вырашальная — Варшаўская — бітва. І з таго моманту зноў пачалася чарада польскіх перамог.
Яшчэ адной важнай, таксама вырашальнай бітвай стала Нёманская — увосень 1920 года, у якой палякі канчаткова перамаглі бальшавікоў і прымусілі іх падпісаць у кастрычніку перамір'е. Потым працягваліся мірныя перагаворы. І вайна завяршылася ў сакавіку 1921 года падпісаннем Рыжскага мірнага дагавора.
Як вядома, у выніку Рыжскага мірнага дагавора частка Беларусі адышла да Польшчы, а частка да савецкай Расіі.
Трэба адзначыць, што ўвесну–ўлетку 1920 года — яшчэ да наступлення бальшавікоў і Варшаўскай бітвы і новага наступлення палякаў — у Беларусі дзеянні польскага войска не заўсёды сустракалі падтрымку. Так, на Меншчыне адбылося сялянскае паўстанне.
Агнешка Кныт: — Гэта паўстанне было, на жаль, крывава задушана. Так, быў і такі драматычны эпізод.
Агнешка Кныт падкрэслівае, што без сведчанняў відавочцаў немагчыма зразумець польска-бальшавіцкую вайну 1920 года:
Агнешка Кныт: — Працуючы над гэтым альбомам, нам важна было прадставіць праўдзівы вобраз вайны. Мы хацелі не толькі паказаць, што адбывалася, хто выйграў, а хто прайграў, але таксама якая была атмасфера таго часу. Нам было важна перадаць эмоцыі і перажыванні звычайных людзей. І якраз паўстанне на Меншчыне з’яўляецца добрым прыкладам таго, што мы не абмінулі складаныя пытанні.
Агнешка Кныт у кнізе цытуе вядомага беларускага дзеяча Антона Луцкевіча, які ў 1920 годзе пісаў пра сялянскае паўстанне на Меншчыне: «У сувязі з крывавым тэрорам, які на Меншчыне арганізаваў генерал Шаптыцкі, да прадстаўніка польскіх узброеных сіл звярнулася дэлегацыя менскіх беларускіх арганізацый. Калі сярод іншага дэлегаты заявілі, што паленне вёсак выкліча голад, генерал Шаптыцкі ўдарыў кулаком у стол і закрычаў: «Я спалю ўсю вашу Беларусь, калі гэта будзе мне патрэбна!».
У томе Wyprawa kijowska цытуецца вядомы віленска-ковенскі грамадскі дзеяч, паляк і літовец Міхал Ромэр, чые сваякі жылі пад Менскам. Ён сведчыў, — цытуе Агнешка Кныт: «Для тутэйшага беларускага селяніна Польшча — гэта «паны». Паноў ён не любіць, бо яны напамінаюць яму аб часах няволі (паншчыны. — Рэд.), якія глыбока ўеліся ў яго памяць. І ён хоча атрымаць панскую зямлю. Адсюль узнікаюць яго адмоўныя адносіны да Войска Польскага і да Польшчы. Ён выразна бачыць адно: калі былі бальшавікі (у пачатку 1919 года. — Рэд.), то паноў не было, бо яны ўцяклі. І хаця бальшавікі не дзялілі зямлю панскіх двароў і не абяцалі яе сялянам, але паспяхова вымелі паноў, г.зн. абшарнікаў. Селянін не падзяляе і не вельмі разумее бальшавіцка-пралетарскую ідэалогію. Бальшавіцкія «паперкі» — грошы, дарагавізна, нэндза, брак солі, парадкі ці беспарадкі яго (селяніна. — Рэд.) прынамсі не захапляюць. Але паноў няма, двары ў іх адабраны, а селянін спадзяецца, што паўнапраўным спадкаемцам двароў будзе ўрэшце ніхто іншы, як ён — селянін».
Варшаўскі фонд Ośrodek Karta выдаў кнігу Wojna o wolność 1920 — у двух тамах: Wyprawa kijowska і Bitwa warszawska.
Агнешка Кныт расказвае, што ва Украіне ў маі–чэрвені 1920 года, калі польска-ўкраінскае войска на чале з Юзафам Пілсудскім і Сямёнам Пятлюрам вызваліла частку краіны ад бальшавікоў і ўвайшло ў Кіеў, таксама складвалася няпростая сітуацыя:
Агнешка Кныт: — У Кіеве польскія і ўкраінскія войскі віталі авацыямі, бо вызвалілі сталіцу Украіны з-пад бальшавіцкай акупацыі. Але, напрыклад, ва ўкраінскіх вёсках Пятлюра не быў такі папулярны. Жыхары малых паселішчаў, малых вёсак нават не ведалі, хто гэта.
У той жа час, калі ўкраінцы і палякі ў чэрвені 1920 года мусілі пакінуць Кіеў, яны захавалі ваенны саюз.
Агнешка Кныт: — Украінцы былі верным саюзнікам Польшчы падчас Варшаўскай бітвы, падчас баёў на поўдні з арміяй Будзённага. Аднак гэты саюз аніводнаму з бакоў не прынёс дастатковай карысці.
Агнешка Кныт гаворыць, што падзеі 1920 года ўжо даўно цікавяць яе і супрацоўнікаў фонда Ośrodek Karta:
Агнешка Кныт: — Польска-бальшавіцкай вайной мы заняліся больш за 15 гадоў таму. У 2005 годзе з’явілася першая кніга, выдадзеная нашым фондам, прысвечаная гэтай вайне.
Двухтомнік Wojna o wolność 1920 — гэта крыніца ведаў пра польска-бальшавіцкую вайну 1920 года з вялікай колькасцю апублікаваных у ёй першакрыніц.
Кніга Wyprawa kijowska складаецца з фрагментаў дзённікаў, успамінаў, лістоў удзельнікаў і сведак польска-бальшавіцкай вайны — ад лідараў дзяржаў, генералаў да салдат і грамадзянскіх асоб. Тэксты на 246 старонках дапоўнены 240 фотаздымкамі, плакатамі той эпохі.
Агнешка Кныт: — У гэтым альбоме ёсць фотаздымкі польскіх і бальшавіцкіх войск, розных мясцовасцей, дэманстрацый, якія праходзілі ў глыбі Расіі. Тут прадстаўлены і польскія, і расійскія дакументы, плакаты — тагачасная прапаганда — і польская, і расійская. Усё гэта паказвае, наколькі сур’ёзная тады вялася ігра. І цяпер мы адчуваем, што гэты, новы альбом паказвае тую вайну ва ўсёй паўнаце.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё