1 верасня ў цэнтры Варшавы пачаў працаваць Цэнтр беларускай салідарнасці. Тут кожны, хто пацярпеў ад рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі і прыбыў на тэрыторыю Польшчы, можа атрымаць дапамогу — пачынаючы з грашовай заканчваючы кансультацыямі па пытаннях працаўладкавання. Адным з тых, хто атрымаў такую дапамогу, з’яўляецца токар Мінскага трактарнага завода Эдвард Свянцецкі. Ён эмігрыраваў з Беларусі ў Польшчу, ратуючыся ад праследавання рэжымам Лукашэнкі за ўдзел у забастоўках на МТЗ. Але Польшча для яго не чужына, а таксама родная краіна. Эдвард Свянцецкі паляк па нацыянальнасці.
Эдвард Свянцецкі нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна. Родная мова сп. Свянцецкага беларуская, размоўная руская. Але ў яго сям’і выхоўвалася і захоўвалася польская нацыянальная свядомасць. У той жа час фарміраваліся і адносіны да савецкай рэчаіснасці, якая не дазваляла як палякам, так і беларусам развіваць сваю нацыянальную культуру і традыцыі.
Эдвард Свянцецкі: — Мой бацька быў палякам. Ён нарадзіўся ў 1923 годзе, скончыў польскую пачатковую школу. У 1939 годзе гітлераўская Германія і Расія напалі на Польшчу, і тады аддзялілі ад Польшчы Заходнюю Беларусь, і мы апынуліся пад саветамі. Да 1939 года да нас з усходу ішла прапаганда: што там людзі свабодныя, а пад Польшчаю несвабодныя. Мой бацька, калі быў хлапчуком, таксама ўспрымаў гэту прапаганду. Але калі прыйшлі ў 1939 годзе бальшавікі, спачатку бацька думаў, што прыйшла свабода ад панскага ладу. Але праз месяц-два бацька зразумеў, што за людзі прыйшлі. І ён мне ўсё жыццё гаварыў, напамінаў, калі мне ўжо было гадоў 10-15: «Сынку, з усходу, з Расіі, ніколі нам свабоды не прынясуць». Бацька вельмі шанаваў польскія традыцыі, адзначаў усе польскія святы — “Вельку ноч” (Вялікдзень. — Рэд.) і інш., спяваў польскія песні. Ён выказваўся не публічна, а на кухні, за сталом, і даваў зразумець, каб я не балбатаў пра гэта на вуліцы, бо баяліся КДБ. Ва ўмовах савецкай дыктатуры баяліся ўсе людзі. Але ў 1980-я гады менш баяліся, але публічна ніхто не выступаў. За сталом у нас у доме збіраліся госці таксама з польскімі каранямі — бацькавы браты, сёстры, мясцовыя вясковыя палякі, і калі вып’юць, пад чарку пра ўсё гэта гаварылі. А я калі быў дзіцем, хлопчыкам, бегаў і слухаў гэта ўсё, запамінаў іх размовы.
Адчуваючы сябе палякам Эдвард Свянцецкі тым не менш лічыць сваёй бацькаўшчынай Беларусь.
Эдвард Свянцецкі: — Гэта мая радзіма, мая краіна, хаця я і маю польскія карані. А калі паглядзець у даўнейшыя часы — Вялікага Княства Літоўскага, то і Беларусь, і Літва, і Польшча былі адзінай краінай. А потым нас параздзялялі. А я і цяпер лічу, што беларусы, палякі і літоўцы — гэта адзін народ, бо мы жылі ў адной дзяржаве. Я гэта ўсё зразумеў з 10-15 гадоў. Гэта ідзе з дзяцінства. Я чуў як мае бацькі лаялі савецкую ўладу.
Эдвард Свянцецкі ўспамінае пра тое, як у канцы 1980-х — у пачатку 1990-х гадоў пачаліся перамены, што дазволілі і беларусам, і беларускім палякам адчуць сябе больш свабодна.
Эдвард Свянцецкі: — Калі пачаў развальвацца СССР, я гэтаму вельмі радаваўся. З 1990 да 1994 года нараджалася новая краіна. Хаця было цяжка, але працавалі, з’явіліся новыя грошы. Краіна пачынала падымацца, і я радаваўся і верыў, што краіна будзе свабодная і дэмакратычная.
Эдвард Свянцецкі прызнаецца, што ў 1994 годзе не галасаваў за Лукашэнку, які яму з самага пачатку не падабаўся ні як палітык, ні як чалавек.
Эдвард Свянцецкі: — Я ў той момант галасаваў за Шушкевіча. Ён размаўляў на беларускай мове, таму быў мне блізкі.
Эдвард Свянцецкі расказвае, калі сярод яго калег на МТЗ пачаў падаць рэйтынг Лукашэнкі.
Эдвард Свянцецкі: — Людзі пачалі мяняць сваё мысленне, бачыць, што нешта не так, гадоў дзесяць таму. Багатымі станавіліся чыноўнікі, якія сядзяць у Драздах, а не простыя людзі, як абяцаў Лукашэнка. Ужо ў 2010 годзе, калі былі прэзідэнцкія выбары і Плошча, у працоўных калектывах людзі падзяліліся: палова за Лукашэнку, палова супраць. І на працягу апошніх дзесяці гадоў рэйтынг Лукашэнкі ўвесь час падаў. І вось ужо ў 2020 годзе ў нашым заводскім калектыве з 50 чалавек адзін, ну два ад сілы маглі нешта сказаць за Лукашэнку. А так сітуацыя змянілася не на карысць Лукашэнкі.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё