У Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай не было выразнага падзелу паміж продкамі моў, якія мы сёння называем беларускай і ўкраінскай. Гэту моўную супольнасць называлі адным словам — руская. Пры гэтым, у сувязі з тым, што руская мова знаходзілася пад уплывам польскай, яна насычалася польскімі элементамі і палякі яе маглі ўспрымаць як рэгіянальную разнавіднасць польскай. У польскіх архівах захавалася некалькі рукапісных зборнікаў, а таксама друкаваных брашур з творамі на рускай мове.
Даследчыцай літаратурнай спадчыны, якая адлюстроўвае працэсы ўзаемапранікнення моў і культур на польска-ўкраінска-беларускім паграніччы, з'яўляецца Барбара Дзержаноўская з факультэта паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Вынікамі сваіх даследаванняў яна падзялілася 15 кастрычніка на канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі», што прайшла на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.
Барбара Дзержаноўская: — Велізарная колькасць папулярных паэтычных твораў (польскіх, лацінскіх і рускіх), якія захаваліся ў рукапісах, сведчыць аб іх важным месцы ў літаратурнай прасторы Рэчы Паспалітай Новага часу. Спецыфічнай з’явай стала іх збіранне на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў, што перарасло ў наватарскія даследаванні польскіх фалькларыстаў, якія выяўлялі паэтычныя творы польска-рускага пагранічча. Затым іх сталі адкрываць фалькларысты эпохі рамантызму і пазнейшага часу.
Найбольшую ўвагу гэтай літаратурнай з'яве прысвяцілі польскія і ўкраінскія даследчыкі, якія ў пачатку ХХ стагоддзя спрабавалі ўключыць гэтыя творы ў гісторыю сваіх літаратур.
Барбара Дзержаноўская: — Рукапісныя спеўнікі, якія змяшчаюць рускія творы, паступова выяўляліся польскімі, расійскімі і ўкраінскімі даследчыкамі ў XIX —пачатку XX стагоддзя. У навуковых дысертацыях таго перыяду можна прачытаць пра вялікую колькасць матэрыялаў, якія яшчэ чакаюць апрацоўкі. На жаль, многія з цытаваных тады зборнікаў не захаваліся да нашага часу.
Сярод зборнікаў рускіх песень, якія захаваліся, найбольш вядомым і змястоўным з'яўляецца рукапіс, напісаны на мяжы XVII-XVIII стагоддзяў — „Zbiór wierszy polskich i ruskich”, які захоўваецца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх у Кракаве пад шыфрам Czart. 2337 I. У ім, акрамя шматлікай польскай паэзіі, змешчана 68 вершаў на рускай мове, запісаных лацінскім алфавітам, — усе свецкага характару.
Польскі славіст Аляксандр Брукнер апублікаваў творы са зборніка з Бібліятэкі князёў Чартарыйскіх у арыгінальным напісанні без якіх-небудзь выпраўленняў і мадэрнізацыі.
Украінскі літаратуразнавец Мыхайла Возняк таксама апублікаваў гэтыя творы ў арыгінале і адзначыў, што рускія песні з'яўляюцца ўкраінскімі. Праўда, пазней ён ахарактарызаваў іх як творы з беларуска-ўкраінскага пагранічча, а іх перапісчыка назваў «палякам, які не ведаў добра ўкраінскай мовы».
Барбара Дзержаноўская.
Барбара Дзержаноўская: — Для беларускай літаратуры зборнік (і, такім чынам, рускія песні) адкрыў толькі ў 1970-х гадах Адам Мальдзіс, які ў 1974 годзе некалькі твораў з рукапісу з Бібліятэкі князёў Чартарыйскіх апублікаваў у кнізе пра навуковую паездку ў Польшчу.
Адам Мальдзіс апублікаваў некалькі твораў зборніка ў транскрыпцыі кірыліцай і назваў іх беларускімі. Таксама, у 1980 годзе, ён раскрытыкаваў тэрмін «польска-руская песня», які для характарыстыкі гэтых твораў выкарыстоўваў Аляксандр Брукнер. Адам Мальдзіс па-ранейшаму гэтыя тэксты лічыў беларускімі, хаця і дапускаў іх украінскае паходжанне.
Фрагмент песні № 2 са „Zbioru wierszy polskich i ruskich”, які захоўваецца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх у Кракаве пад шыфрам Czart. 2337 I.
Тое, як гэтыя творы відазмяняліся, адыходзячы ад арыгінала, у публікацыях Адама Мальдзіса і наступных беларускіх публікатараў, відаць на прыкладзе песні № 2.
Барбара Дзержаноўская: — Песню № 2 часта выбіраюць аўтары анталогій — як украінскай, так і беларускай літаратуры.
У публікацыі Аляксандра Брукнера 1911 года песня № 2 прадстаўлена ў наступнай форме:
Newolunkaż moia z wami,
Z choroszenkimi oczenkami,
Szczo mne spati nedaiete,
Tuhu sercu zadaiete.
Iaż ne mohu ni spatonki,
Szczo mne toszno do diwonki.
У варыянце, які апублікаваў Адам Мальдзіс у 1974 годзе, тэкст выглядаў наступным чынам:
Няволенька ж мая з вамi,
З харошымi вочанькамi,
Шчо мне спацi не даеце,
Тугу сарцу задаеце,
Я ж ня могу нi спатанькi,
Шчо мне тошна да дзеванькi.
У публікацыі Адама Мальдзіса 1980 года тэкст меў такую форму:
Неволюнька ж моя з вамi,
З хорошэнькiмi очэнькамi,
Шчо мне спацi не даеце,
Тугу сэрцу задаеце.
Я ж не могу нi спатонькi,
Шчо мне тошно до дiвонькi.
Варыянт 1980 года перадрукоўваўся ў Беларусі ў 1993-м:
Няволенька ж мая з вамi,
З харошaнькiмi вочанькамi,
Шчо мне спацi не даеце,
Тугу сэрцу задаеце,
Я ж ня могу нi спатанькi,
Шчо мне тошна да дзеванькi.
У 2003 годзе Лявон Баршчэўскі так перадаў тэкст песні, запазычаны з працы Адама Мальдзіса:
Няволюнька ж мая з вамi,
З харошaнькiмi вaчэнькамi,
Шчо мне спацi не даёце,
Тугу сэрцу задаеце?
Я ж не мaгу нi спатанькi.
Шчо мне тошна да дзiванькi.
У 2008 годзе ўбачыў свет яшчэ адзін варыянт:
Няволенька ж мая з вамi,
З харошымi вочанькамi,
Шчо мне спацi не даеце,
Тугу сарцу задаеце,
Я ж ня могу нi спатанькi,
Шчо мне тошна да дзеванькi.
Аднак ніхто з беларускіх публікатараў, апрача Адама Мальдзіса, да арыгінала не звяртаўся. Ніводзін з прыведзеных прыкладаў транскрыпцыі тэксту рускай песні на беларускую мову не мае крытычнага апарата, таму не можа разглядацца як навуковая публікацыя. Толькі максімальна набліжаная да арыгінальнага запісу крытычная публікацыя дазволіла б як захаваць цікавыя помнікі культуры з пагранічча трох народаў, так і стала б адпраўной кропкай для далейшых філалагічных і лінгвістычных даследаванняў літаратурнай спадчыны Рэчы Паспалітай.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё