Беларуская Служба

Пятрусь Броўка не асудзіў культ асобы Сталіна нават калі гэта загадала зрабіць КПСС

29.10.2020 10:01
Аляксандр Гужалоўскі напамінае, што Сталінская прэмія, якую атрымлівалі Купала, Колас, Крапіва, Танк і Брыль, складала 100 тыс. руб. пры сярэднім заробку 350 руб.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Аляксандр Гужалоўскі пра культ Іосіфа Сталіна.
     .
Лаўрэаты Сталінскай прэміі ад Беларускай ССР. Аляксандр Гужалоўскі

Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта штогод выдае часопіс „Przegląd Środkowo-Wschodni. У сёлетнім, пятым, нумары па традыцыі асабліва многа артыкулаў па гісторыі Беларусі. Сярод іх вылучаецца даследаванне прафесара кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Гужалоўскага «Сталін у беларускай савецкай літаратуры».

Культ асобы Іосіфа Сталіна ў Беларусі адлюстраваўся ў карцінах, скульптурах, фільмах, тэатральных п’есах, музычных і літаратурных творах. Як сфарміраваўся гэты культ?

Аляксандр Гужалоўскі: У 1931 г. у БССР асобным выданнем быў надрукаваны першы беларускі літаратурны твор, які ўсхваляў Іосіфа Сталіна. Яго аўтарам з’яўляўся 25-гадовы член толькі створанага Аб’яднання пралетарска-сялянскіх пісьменнікаў Іларыён Барашка. У рэчышчы распрацоўкі пралетарскай эстэтыкі ён напісаў вершаваны нарыс «Асінстан», прысвечаны адкрыццю першай беларускай гідраэлектрастанцыі — БелДРЭС, якой, паводле рашэння кіраўніцтва рэспублікі ў асобе Я. Б. Гамарніка і А. Р. Чарвякова, 1 студзеня 1929 г. было нададзена імя Сталіна. Аўтар прапанаваў чытачам уласную, міфалагізаваную версію надання аднаму з сімвалаў індустрыялізацыі ў Савецкай Беларусі імя яе натхняльніка:

У залі спакой і ўвага

Ёсьць прапанова імем Сталіна

Назваць наш Асінстан!

У воплесках гучэла

Урачыстасьць рэволюцыі

І аўтарытэт

Жалезнага, нязломнага

Таварыша Сталіна.

Літаратурная і мастацкая сталініяна нарадзілася ў рамках сацыялістычнага рэалізму — стылю, які манапольна панаваў у савецкім мастацтве больш за два дзесяцігоддзі. Сацыялістычны рэалізм стаў афіцыйным тэрмінам ў 1934 г., пасля таго як М. Горкі выкарыстаў гэта словазлучэнне на І з’ездзе савецкіх пісьменнікаў.

Аляксандр Гужалоўскі: 1 чэрвеня 1934 г. адбыўся І з’езд савецкiх пісьменнікаў БССР. На ім з дырэктыўным дакладам «Беларуская совецкая літаратура на ўздыме» выступіў загадчык аддзела культуры і прапаганды ленінізму ЦК КП(б)Б Д. Ю. Конік. Ён даў прамое  ўказанне беларускім пісьменнікам увасабляць у мастацкіх творах прамовы Сталіна, а таксама яго артыкулы.

Беларуская савецкая літаратура адыграла важную ролю у стварэнні культу Сталіна, яго ўкараненні ў народную свядомасць. Яна ж стала адной з галоўных ахвяр чалавека, у афіцыйны тытул якога, акрамя іншых эпітэтаў кшталту «карыфея ўсіх навук», уваходзіў эпітэт «лепшы сябар савецкіх пісьменнікаў».

Аляксандр Гужалоўскі: Многія беларускія літаратары  сталі ахвярамі Сталіна, а тыя, хто пазбег фізічных пакут, сталі яго інтэлектуальнымі рабамі.  

У жніўні 1936 г. прадстаўнікоў беларускага літаратурнага цэха чакала яшчэ адно выпрабаванне — яны павінны былі далучыцца да прапагандысцкай кампаніі, якая суправаджала І Маскоўскі працэс. На агульным пісьменніцкім сходзе яго удзельнікі ўхвалілі ліст Сталіну, дзе, паабяцаўшы аддаць правадыру, у выпадку неабходнасці, усю сваю кроў, патрабавалі смерці «бандыцкім вырадкам, якія замахнуліся на самае дарагое, што ёсць у рэвалюцыі — на яе мозг, сэрца — на Сталіна!». Скаваныя страхам А. Александровіч, П. Броўка, М. Хведаровіч і А. Дудар, акрамя агульнага ліста, засведчылі ўласную нянавісць да «трацкісцка-зіноўеўскай апазіцыі» у асобных вершах.

Адваротным бокам нянавісці да «ворагаў» з’яўлялася любоў да правадыроў. Пад уздзеяннем гэтага пачуцця нараджаліся стылізаваныя пад рускі народны гераічны эпас калектыўныя творы з быліннымі назвамі, накшталт «Дванаццаць песень пра нашу непераможную Чырвоную Армію і яе тварца і натхняльніка вялікага Сталіна, пра яе палкаводца Клімента Варашылава…». Гэты твор быў напісаны адмыслова да прыезду К. Я. Варашылава на манеўры Беларускай вайсковай акругі, якія пачаліся 8 верасня 1936 г.  

У 1937 г. твораў А. Александровіча, Э. Агняцвет, П. Броўкі, П. Глебкі, Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, М. Хведаровіча і іншых беларускіх паэтаў, прысвечаных правадыру, назбіралася на асобную кніжку.


Прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Гужалоўскі. Прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Гужалоўскі.

Патрабаванне ўлады прадставіць Сталіна ва ўсіх літаратурных жанрах спалучалася з запалохваннем, арыштамі, катаваннямі тых, хто не разумеў галоўнай задачы сацыялістычнага рэалізму.

Аляксандр Гужалоўскі: У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. у сутарэннях менскай унутранай турмы НКУС была расстраляна вялікая група прадстаўнікоў беларускай літаратуры. Псіхалагічны стан тых, хто заставаўся на волі, але мог у любы момант згубіць усё, аж да жыцця, перадаюць радкі, напісаныя ў дні вялікага тэрору А. Куляшовым:

Ён — бацька мой.

Мне паміраць не страшна.

Да кроплі ўсё жыццё яму аддам.

Пасля арышту ў 1938 г. аднаго з найбольш натхнёных апявальнікаў Сталіна А. Александровіча, яго месца занялі прадстаўнікі новай паэтычнай генерацыі — А. Астрэйка, М. Аўрамчык, М. Калачынскі, якія творча сфарміраваліся ва ўмовах рэпрэсій.

Аляксандр Гужалоўскі: У некаторых іх творах ліслівасць дасягнула абсурду. Напрыклад, М. Калачынскі так развіў міф аб Сталіну–сонцы, запачаткаваны Я. Купалам у 1935 г.:

Як сонца дорыць, шле спрадвеку

Цяплынь зямлі — лясам, палям,

Так дорыш ласку чалавеку

Ты, Сталін сонечны, з Крамля.

У Сталіна была вялікая асабістая бібліятэка. Ён выхоўваўся на літаратурнай класіцы і не ўспрымаў новыя кірункі развіцця мастацкай культуры.

Аляксандр Гужалоўскі: У нацыянальных літаратурах Сталін бачыў толькі тое, што жадаў бачыць. Да пэўнай мяжы ён разумеў памкненні нацыянальных паэтаў і празаікаў, але гэта разуменне канчалася тады, калі ўздымаліся сапраўдныя праблемы нацыянальнага жыцця.

Большасць літаратараў не разумела ў якую пастку іх зацягваў «лепшы сябар» Сталін.

Аляксандр Гужалоўскі: Сталін валодаў выдатнымі акцёрскімі здольнасцямі, якія дазвалялі зачароўваць патрэбнага чалавека, выклікаць у яго шчырае захапленне. Ён добра разумеў асаблівасці псіхалогіі пісьменніка, такія як амбіцыйнасць, эмацыянальнасць, схільнасць да самападману і іграў на іх.

Запалоханыя палітычнымі рэпрэсіямі многія беларускія паэты і празаікі бачылі ў Сталіну адзіную надзею на вырашэнне творчых і матэрыяльных праблем. Яны цягнуліся да Сталіна як матылькі да святла. Сталінская прэмія, якую атрымлівалі Купала, Колас, Крапіва, Танк і Брыль, складала 100 тыс. руб. (прэмія І ступені) пры сярэднім заробку 350 руб.

П. Броўка не жадаў асуджаць культ асобы Сталіна нават пасля ХХ з’езда КПСС. А. Куляшоў да канца жыцця захоўваў партрэт Сталіна ў асобнай папцы разам з партрэтамі любімых жачын, а К. Крапіве не падабалася антысталінскія сцэнічныя інтэпрэтацыі яго п’есы «Хто смяецца апошнім».

Адзінкі дазвалялі сабе крытыку «бацькі народаў». Я. Купала, які ў 1930 г. прадэманстарваў свае стаўленне да «вялікага пералому» няўдалай спробай суіцыду, наступным чынам ацэньваў савецкае адступленне ад немцаў у 1941 г.: «Гэта вусаты вінаваты». Сын Я. Коласа — Д. Міцкевіч узгадваў, як прыкладна ў 1932 г. яго бацька прамовіў: «Як бы я хацеў, як бы я радаваўся, каб гэты вусаты гойдаўся на шыбеніцы».

Паводле парады сяброў, а таксама са страху за дзяцей, за жонку, за сябе, у 1949 г. Я. Брыль спаліў уласныя крамольныя запісы, дзе былі «цвярозыя думкі пра культ асобы».

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Часопіс Варшаўскага ўніверсітэта публікуе даследаванні па гісторыі Беларусі

08.10.2020 09:03
Убачыў свет пяты том часопіса „Przegląd Środkowo-Wschodni”.