Беларуская Служба

Гісторык: Масы прагнуць чараўніка, які прыйдзе і вырашыць усе праблемы

05.11.2020 10:01
Гісторык Аляксандр Гужалоўскі лічыць, што савецкі аўтарытарызм набыў пачварныя формы ў выніку сацыяльнага эксперыменту.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Аляксандр Гужалоўскі пра культ асобы.
          1945 .   .
Сталін на мінскім вакзале падчас паездкі на Патсдамскую канферэнцыю ў 1945 годзе. Карціна Яўгена Зайцава.Аляксандр Гужалоўскі

Прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Гужалоўскі з’яўляецца адным з вядучых даследчыкаў гісторыі Беларусі 1920-1930-х гадоў. Цяпер ён вывучае працэс фарміравання культу Сталіна ў БССР. Але зразумець гэты гістарычны феномен без аналізу аналагічных з’яў у суседніх краінах немагчыма, адзначае вучоны.

Калі з'яўляецца культ асобы кіраўніка дзяржавы? Магчыма, гэта з'ява перайшла ў спадчыну з часоў самадзяржаўнага рэжыму рускіх цароў, пад якім Беларусь і іншыя краіны Усходняй Еўропы знаходзіліся напярэдадні аднаўлення або стварэння сваёй дзяржаўнасці ў пачатку ХХ ст.?

Аляксандр Гужалоўскі: Культ правадыра, які я называю культам “калектыўнага бацькі”, узнікае на пэўным этапе развіцця чалавечага грамадства. У той час, калі існаваў культ Сталіна ў СССР, у Літве існаваў культ Смятоны, у Польшчы — Пілсудскага, у Латвіі — Улманіса. Гэта былі не аднолькавыя, але падобныя з’явы. У СССР гэта з’ява набыла пачварную форму ў сувязі з тым, што культ “калектыўнага бацькі”, чалавека, на якога можна было ўскласці адказнасць за вырашэнне праблем грамадства, развіўся ў краіне, дзе грамадства даганяла мадэрнізацыю. Усходняя Еўропа знаходзілася ў стане, які Заходняя Еўропа прайшла раней. У гэтым стане, даганяючы мадэрнізацыю, у грамадстве ўтвараліся восі сацыяльнага напружання. Напрыклад, адна з такіх восей — паскораная ўрбанізацыя, калі дзясяткі тысяч людзей пераязджалі з вёскі ў горад. Даследчыкі нават гавораць не пра ўрбанізацыю, а пра руралізацыю гарадоў, якія па-сутнасці станавіліся вялікімі вёскамі. І гэта тэндэнцыя — паскоранай урбанізацыі — адчуваецца ў жыцці Беларусі.

Аляксандр Гужалоўскі лічыць культ асобы кіраўніка дзяржавы невыпадковай з’явай у працэсе развіцця грамадстваў Усходняй Еўропы.

Аляксандр Гужалоўскі: “Калектыўны бацька” з’яўляўся той магічнай сілай, якая павінна была дапамагчы людзям пераадолець складанасці паскоранай сацыяльна-эканамічнай і культурнай мадэрнізацыі. Але ў нас гэта набыло пачварныя формы, што звязана з сацыяльным эксперыментам, які праводзіўся ў СССР. У Польшчы, Літве, Латвіі мадэрнізацыя праходзіла ў рыначных, ліберальна-дэмакратычных умовах, таму тамтэйшыя палітычныя культы не набылі таго пачварнага выгляду, які у СССР.

Аляксандр Гужалоўскі бачыць у паскораным пераўтварэнні былых аграрных грамадстваў у сучасныя індустрыяльныя адну з прычын фарміравання культу асобы кіраўніка краіны. Наколькі феномен культу асобы кіраўніка дзяржавы ва Усходняй Еўропе спецыфічны? Ці не варта разглядаць яго ў комплексе з такімі культамі, як шанаванне брытанскага або шведскага, нідэрландскага манарха, распаўсюджанымі не толькі ў гэтых каралеўствах, але і пашыраных праз СМІ на ўвесь свет? Аляксандр Гужалоўскі лічыць гэтыя з’явы ўсё ж досыць адрознымі адна ад адной.


Аляксандр Гужалоўскі. Аляксандр Гужалоўскі.

Аляксандр Гужалоўскі: Мабыць, людзям патрэбны канстанты, якія дазваляюць знаходзіцца ў нейкіх звыклых формах існавання. Масы патрабуюць такіх харызматычных асоб, як каралева або Шарль дэ Голь.

Чым патлумачыць жаданне «мас» фактычна перадаць усю паўнату ўлады ў краіне аднаму чалавеку?

Аляксандр Гужалоўскі: Гэта звязана з жаданнем перакласці адказнасць за сваё жыццё, за сваю сям’ю на чараўніка, які прыйдзе і ўсё вырашыць. І людзі з задавальненнем пераклалі гэту адказнасць.

Аляксандр Гужалоўскі лічыць, што ў такіх сітуацыях прычыны іх узнікнення трэба шукаць у мінулым. Але як глыбока трэба капаць? Ці не з’яўляецца пасіўнасць “масы”, большасці “народа” нейкай прадвызначанасцю, дадзенай, магчыма, яшчэ з часоў першабытнага грамадства? Аляксандр Гужалоўскі лічыць біялагічны фактар важным, але не адзіным.

Аляксандр Гужалоўскі: Не гаварыў бы пра нейкую біялагічную прадвызначанасць да таго, каб быць сацыяльным аўтсайдарам. Знешнія формы мадэрнізацыі прысвоіць лягчэй і хутчэй: зняць народнае адзенне і апрануць еўрапейскі касцюм, навучыцца кіраваць аўтамабілем. Даўжэй змяняюцца матрыцы свядомасці чалавека. Ён садзіцца ў мерседэс, але ўсё роўна застаецца прадстаўніком аграрнага грамадства з кансерватыўнымі матрыцамі і паводзіць так, як яго бацькі і дзяды. Каб змянілася свядомасць чалавека, патрэбны час і напружаная праца, вучоба. Але не ва ўсіх атрымліваецца вучыцца, не ўсе маюць магчымасць сустракацца і размаўляць з вопытнымі людзьмі, інтэлектуаламі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Пятрусь Броўка не асудзіў культ асобы Сталіна нават калі гэта загадала зрабіць КПСС

29.10.2020 10:01
Аляксандр Гужалоўскі напамінае, што Сталінская прэмія, якую атрымлівалі Купала, Колас, Крапіва, Танк і Брыль, складала 100 тыс. руб. пры сярэднім заробку 350 руб.