Беларуская Служба

Царкве ў Супраслі ў 2021 годзе вернуць выгляд часоў ВКЛ

24.12.2020 10:02
У царкве ў Супраслі заканчваюць аднаўленне фрэсак XVI ст. і плануюць устанавіць копію старажытнага іканастаса.
Аўдыё
  • Я.Грыгарук пра аднаўленне царквы ў Супраслі.
        .
Рэстаўрацыйныя работы ў царкве Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў Супраслі.Mmonaster-suprasl.pl

У царкве Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў Супраслі ў наступным годзе плануюць завяршыць аднаўленне фрэсак XVI стагоддзя ў інтэр’еры, а таксама ўстанавіць іканастас. Такім чынам, у 2021 годзе храм верне сабе тое аблічча, якое меў да 1944 года, калі быў узарваны падчас адступлення немцаў.

Царква Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў Супраслі — без перабольшвання ўнікальны помнік архітэктуры, мастацтва, гісторыі. Узведзеная ў XVI ст. у стылі готыкі на заходніх землях Вялікага Княства Літоўскага, населенага пераважна праваслаўнымі, яна была ўзарвана ў 1944 годзе падчас адступлення нямецкіх акупантаў.

Храм быў распісаны іканапісцамі з Сербіі ў XVI стагоддзі. Аднак захаваліся толькі фрагменты фрэсак, якія захоўваюцца побач з царквой, у Музеі абразоў. Цяпер вядуцца работы па нанясенні новага жывапісу, які паўтарае старажытны, вядомы дзякуючы фотафіксацыям першай паловы ХХ стагоддзя.

Ян Грыгарук, іканапісец супрасльскага манастыра: — Царква збудавана ў часы Вялікага Княства Літоўскага. На аднаўленні фрэсак працуюць не толькі польскія спецыялісты, але і мастакі з-за мяжы — у прыватнасці, з Беларусі і Сербіі. Яны аднаўляюць жывапіс такім, якім ён быў. Стаіць мэта аднавіць аўтэнтычны выгляд храма. Прычым няма мэты зрабіць усё як мага танней. Галоўнае — аднавіць выгляд храма часоў ВКЛ, традыцыі той эпохі.

Работы па аднаўленні фрэскавага роспісу храма ў Супраслі вядуцца з 2016 года. Першы этап уключаў, перш за ўсё, цэнтральны купал храма. Затым мастакі перайшлі да роспісу арак і скляпенняў, алтара, нефаў. У прыватнасці, на двух слупах адлюстраваны воіны, якія аддалі жыццё за хрысціянскую веру. Сярод іх Святы Георгій Перамоганосец і Святы Дзмітрый Салунскі. Большасць святых пакутнікаў за веру, адлюстраваных на слупах, з'яўляюцца персанажамі з III–IV стагоддзяў, але ёсць і святыя больш ранняга перыяду хрысціянства, напрыклад, Святы Віктар Дамаскін, які жыў у II стагоддзі.

Да гэтага часу работы па аднаўленні роспісаў фінансаваліся з некалькіх крыніц, у тым ліку з субсідыі праграмы «Ахова помнікаў» Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, сродкаў супрасльскага манастыра, ахвяраванняў вернікаў.

Працэс аднаўлення ўнутранага выгляду царквы Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў Супраслі часткова перашкодзіла эпідэмія каранавіруса, бо некаторыя мастакі не могуць прыехаць у Польшчу.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Да 20 снежня паспейце ўбачыць «Праабражэнне» Навасельскага і Тарасевіча

17.12.2020 10:02
У Музеі абразоў у Супраслі да 20 снежня экспануецца абраз «Праабражэнне» Ежы Навасельскага ў антуражы, створаным Лявонам Тарасевічам.