У 2021 годзе Каралеўскі замак у Варшаве адзначае 50-годдзе пачатку аднаўлення — пасля поўнага знішчэння рэзідэнцыі нямецкімі акупантамі ў 1944 годзе. Гэты помнік гісторыі, культуры і архітэктуры звязаны і з мінулым Беларусі. Досыць сказаць, што гэта была рэзідэнцыя не толькі польскага караля, але і па сумяшчальніцтве вялікага князя літоўскага, рускага, жамойцкага і іншых зямель. З канца XVI да канца XVIII стагоддзя тут быў адзін з палітычных цэнтраў Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзілі і беларускія землі.
Толькі ў 1971 годзе было прынята рашэнне аб аднаўленні замка. Падкрэслім: палітычнае рашэнне. 26 студзеня споўніцца 50 год з дня стварэння грамадскага камітэта па аднаўленні былой каралеўскай рэзідэнцыі, сімвала польскай дзяржаўнасці. Але мы дададзім: сімвала і сярэдневяковай літоўскай дзяржаўнасці, а ў гэта паняцце ўключаецца і ўклад, які ўнеслі ў гісторыю замка і ўсёй Рэчы Паспалітай ураджэнцы беларускіх зямель.
Трэба сказаць, што гісторыя замка заўсёды была шчыльна звязана з Вялікім Княствам Літоўскім. Так, адным з князёў, які меў тут сваю рэзідэнцыю ў першай палове XIV стагоддзя, быў Тройдэн І. Яго мацерай з’яўлялася Гаўдэмунда Зоф’я (памерла ў 1288 годзе), дачка вялікага князя літоўскага Тройдэна (Трайдзяніса). Дарэчы, шлюб бацькоў Тройдэна І — яго бацькам быў мазавецкі князь Балеслаў II — лічыцца першым літоўска-польскім дынастычным шлюбам. А самым вядомым літоўска-польскім дынастычным шлюбам, вядома ж, з’яўляецца жаніцьба вялікага князя літоўскага Ягайлы з польскай каралевай Ядвігай, у выніку чаго той стаў польскім каралём і захаваў свой сюзерэнітэт над родным краем, атрымаўшы тытул вярхоўнага князя літоўскага. Яго стрыечны брат Вітаўт меў тытул вялікага князя літоўскага.
А ў 1426 годзе польскі кароль і вярхоўны князь літоўскі Уладзіслаў Ягайла ўпершыню наведаў рэзідэнцыю ў Варшаве.
Пасля смерці польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога ў 1548 г. яго ўдава — італьянка каралева Бона Сфорца пераехала з кракаўскай каралеўскай рэзідэнцыі на Вавелі ў Варшаву, і не адна, а з дочкамі Зоф’яй, Ганнай, Катажынай і Ізабэлай. Пасля ад'езду каралевы Боны ў Італію ў 1556 годзе яе сын кароль Жыгімонт Аўгуст пачаў наведваць Варшаву і склікаць тут пасяджэнні Сейма (1556/7, 1563/64 гады). Пасля заключэння паміж Польшчай і Літвой Люблінскай уніі 1569 года варшаўскі замак быў аб’яўлены пастаянным месцам правядзення пасяджэнняў Сейма аб’яднанай дзяржавы — Рэчы Паспалітай.
Каралеўскім замак у Варшаве стаў у поўным сэнсе гэтага слова ў 1598–1618 гадах, калі быў рэканструяваны для караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы. Поўнамаштабнае аднаўленне будынка звязана з імем апошняга караля Рэчы Паспалітай, ураджэнца сучаснай Брэсцкай вобласці Беларусі — Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Тут Станіслаў Аўгуст меў сваю рэзідэнцыю, з якой кіраваў у т.л. беларускімі землямі, з 1764 да 1795 года, калі адрокся ад трона і пераехаў у Санкт–Пецярбург, а Беларусь увайшла ў склад Расіі.
А мы перанясёмся ў ХХ стагоддзе. Пасля 1944 года на месцы замка заставаліся руіны. Але ўсе ведалі, што рана ці позна тут зноў будзе замак.
Войцех Фалкоўскі, дырэктар Каралеўскага замка ў Варшаве: — 26 студзеня 1971 года быў створаны грамадскі камітэт па аднаўленні замка. Яго склалі людзі, якія шмат гадоў чакалі згоды ўлад на аднаўленне каралеўскай рэзідэнцыі. Але камуністычныя ўлады не хацелі пагадзіцца аднавіць будынак, які з’яўляецца сімвалам незалежнасці Польшчы. І толькі пасля задушэння пратэстаў рабочых на Памор’і ў снежні 1970 года новы сакратар Польскай аб’яднанай рабочай партыі Эдвард Герак, жадаючы атрымаць дадатковую легітымнасць у вачах народа, у студзені1971 года прыняў рашэнне аб аднаўленні замка.
Аднаўленчыя работы працягваліся да 1988 года. А апошні аб’ект, які звязаны з замкам, — Аркады Кубіцкага здадзены ў эксплуатацыю ў 2009 годзе.
У сувязі з 50-годдзем аднаўлення Каралеўскі замак у Варшаве рыхтуе серыю выставак, прывезеных як з-за мяжы, так і з польскіх калекцый.
Войцех Фалкоўскі, дырэктар Каралеўскага замка ў Варшаве: — Мы пачнём урачыстасці выстаўкай «Шэдэўры Ватыкана», і яе фрагмент будзе прысвечаны Каралю Вайтылу — Папу Рымскаму Яну Паўлу II. Наступная выстаўка будзе пра гісторыю Канстытуцыі 3 Мая, а потым адкрыецца экспазіцыя мастацтва Нідэрландаў часоў Рэмбранта. Святочны год у замку завершыцца выстаўкай палатна Караваджа.
Напомнім, што ў Каралеўскім замку падчас сесіі 3 мая 1791 года Вялікі Сейм прыняў «Урадавы закон» (пол. Ustawa Rządowa), які цяпер больш вядомы як Канстытуцыя 3 Мая. І сёлета адзначаецца 230-я гадавіна дакумента, якая будзе на дзяржаўным узроўні адзначацца ў Польшчы і Літве, хаця мела адносіны і да Беларусі.
2021-ы ў Польшчы афіцыяльна аб’яўлены Годам Канстытуцыі 3 Мая. І сімвалічна, што гэта дата супала з 50-годдзем аднаўлення Каралеўскага замка ў Варшаве.
У студзені Каралеўскі замак падрыхтаваў таксама спецыяльную праграму для дзяцей. Да 17 студзеня ў школьнікаў канікулы. Праўда, наведаць замак прапануецца па інтэрнэце.
Пётр Гліньскі, міністр культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту Польшчы: — Гэта прапанова складаецца з віртуальных прагулак, майстэрань, сустрэч, а таксама — літаратуры, казак, звязаных з каралеўскімі рэзідэнцыямі. Але перш за ўсё гэта шанс у сеціве ў цяперашні час наведаць цудоўныя калекцыі і месцы.
Тут варта адзначыць, што разам з наведваннем Каралеўскага замка ў Варшаве праз інтэрнэт можна пабываць у іншых рэзідэнцыях уладароў Польшчы — у Кракаве, Мальбарку, Сандаміры, Любліне і інш. 28 адукацыйных фільмаў і сем сустрэч чакаюць дзяцей у прыватнасці ў YouTube.
Войцех Фалкоўскі, дырэктар Каралеўскага замка ў Варшаве: — Каралеўскі замак у Варшаве, як і ў папярэдні раз, у лістападзе 2020 года, арганізуе і курыруе бясплатнае наведванне сямі каралеўскіх рэзідэнцый па ўсёй Польшчы ў рамках акцыі “Святы па-каралеўску”.
Інтэрнэт гэта цудоўны сродак, які дапаўняе і падтрымлівае нашы веды і нашы эмоцыі. Пры гэтым не адбываецца кантакту з гістарычнай рэчаіснасцю, з прадметамі спадчыны, з атмасферай, не адбываецца праходу праз пакоі, погляду пад розным вуглом на скульптуры, прадметы мэблі. Але адначасова няма стомленасці. І ўсё ж інтэрнэт не дае магчымасці належным чынам успрыняць спадчыну.
Пазнанне культурнай спадчыны дае магчымасць зачарпнуць з гісторыі жывы элемент, які можа нам дазволіць знайсці сёння добрыя ідэі і сфарміраваць нашу сілу ў будучыні. Бо мінулае — гэта не закрытая шкарлупіна, гэта матэрыял, што нас мог бы натхніць, які можа быць выкарыстаны для стварэння чагосьці новага, сучаснага. Мінулае мае тую каштоўнасць, што дазваляе ісці наперад.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё