Беларуская Служба

Рамуальд Траўгут у Беларусі амаль невядомы, а ён — паплечнік Каліноўскага

21.01.2021 13:13
22 студзеня спаўняецца 158 год з пачатку паўстання 1863–1864 гадоў, адным з лідараў якога быў Рамуальд Траўгут.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Р. Траўгут.
. .   .
Вул. Р. Траўгута ў Варшаве.Commons.wikimedia.org/I, Gophi/CC BY-SA 3.0

22 студзеня 1863 года Часовы нацыянальны ўрад ў Варшаве выдаў маніфест аб пачатку паўстання за вызваленне Польшчы ад расійскага панавання. 1 лютага паўстанне было абвешчана ў Літве і распаўсюдзілася на Беларусь, частку тэрыторый сучасных Латвіі і Украіны — там, дзе жыла памяць пра Рэч Паспалітую і дзе мясцовая шляхта яшчэ марыла пра адраджэнне дзяржавы, знішчанай Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй у 1795 годзе. Тады рэшткі дзяржавы ад далучэння да суседзяў не ўратавала паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Не прынесла свабоды ад Расіі і паўстанне 1830-1831 гадоў. У 1863 годзе з’явілася надзея на вызваленне.

У Беларусі Студзеньскае паўстанне, якое ахапіла Польшчу, а затым Літву, частку тэрыторый сучасных Беларусі, Латвіі і Украіны, перш за ўсё звязваецца з асобай Вінцэнты Канстанты, або Кастуся Каліноўскага. Аднак ён быў не адзіным, а адным з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў.

Рамуальд Траўгут (16 студзеня 1826 года, в. Шастакова, Брэсцкі павет, Гродзенская губерня — 5 жніўня 1864 года, Варшава) па бацьку паходзіў з нямецкай сям’і, якая прыбыла ў Рэч Паспалітую ў XVIII ст. Яго продкі па маці — Блоцкія. Бабуля Юстына, лічыцца, прывіла Рамуальду патрыятычныя пачуцці.

У 1836–1842 гадах Траўгут вучыўся ў гімназіі ў Свіслачы, якую скончыў  з сярэбраным медалём. Гімназічныя парты тут у свой час таксама займалі Вінцэнты Канстанты Каліноўскі, Юзаф Крашэўскі, Напалеон Орда.

У 1845 годзе Траўгут перабраўся ў польскі горад Жалехуў, які ляжыць на захад ад Брэста, у сучасным Мазавецкім ваяводстве. Тут ён вучыўся ў афіцэрскай школе, пасля заканчэння якой у 1849 годзе ў рангу афіцэра расійскімі ўладамі быў накіраваны ў Венгрыю — на задушэнне рэвалюцыі, г.зв. Вясны народаў.

Батальён сапёраў пад камандаваннем Траўгута ваяваў у т.л. супраць венгерскіх сіл, якіх падтрымлівалі Польскія легіёны.

Расійскія ўлады ацанілі Траўгута за ваенныя поспехі ў Венгрыі: ён атрымаў кватэру, 245 рублёў серабром і ордэн Святой Ганны ІІ класа.

У 1852 годзе Траўгут пабраўся ў Варшаве з дачкой ювеліра Аннай Эміліяй Пікель. Яны пасяліліся ў Жалехуве, а ў 1853 годзе ў польскім горадзе Дэмбліне ў іх нарадзілася дачка.

У тым жа годзе расійскія ўлады накіравалі Траўгута ў Крым на вайну з Асманскай імперыяй. Тут Траўгут займаўся ўзмацненнем расійскіх крэпасцей, прымаў удзел у абароне Севастопаля падчас аблогі горада асманамі.

Пасля вайны Траўгут атрымаў павышэнне па службе, стаў ад’ютантам галоўнага штаба 2-й арміі. У 1856 годзе перабраўся з Крыма ў Адэсу, а потым у Харкаў, дзе разам з ім пасяліліся жонка, дачка, а таксама бабуля. Тут нарадзілася другая дачка.

А ў 1858 годзе Траўгут быў пераведзены ў інжынерны аддзел галоўнага штаба расійскай арміі — у Санкт–Пецярбург. У 1859 годзе быў адзначаны ордэнам Святой Ганны IІІ класа. Пачаў выкладчыцкую дзейнасць у Вышэйшай вайсковай школе. У тым жа годзе сям’я папоўнілася блізнятамі — хлопчыкам і дзяўчынкай, але неўзабаве памерлі бабуля, жонка, малодшыя дачка і сын.

Каб справіцца са стратамі, Траўгут паехаў на бацькаўшчыну, да сястры Алёйзы.

У 1860 годзе лёс зблізіў Траўгута з унучкай брата Тадэвуша Касцюшкі — Антанінай.

У чэрвені 1862 года Траўгут пайшоў у адстаўку з расійскай арміі ў званні падпалкоўніка. Захаваў права нашэння ўніформы і пенсію ў памеры 230 сярэбраных рублёў. Аднак яшчэ адна навіна засмуціла вайскоўца. У Кобрыне памёр яго сын Раман.

Калі ў студзені 1863 года пачалося паўстанне, Траўгут не адразу яго падтрымаў. Да змагання ён далучыўся толькі ў красавіку, узначаліўшы кобрынскі аддзел, з якім 17 мая ажыццявіў удалую атаку з засады на расійскі аддзел пад вёскай Горкі. Бой 13 ліпеня пад Калодным, аднак, быў няўдалы.

Траўгут схаваўся ў маёнтку зямлячкі, пісьменніцы Элізы Ажэшка, пад Кобрынем. Аднак ужо ў жніўні з яе дапамогай перабраўся ў Варшаву, каб працягваць змаганне.

Нацыянальны ўрад — кіраўніцтва паўстання — надаў Траўгуту званне генерала. Ён быў накіраваны ў Парыж па дапамогу. Аднак вярнуўся ні з чым. А ў кастрычніку стаў кіраўніком паўстання, што, аднак, захоўвалася ў таямніцы. У гэты ж час лідарам паўстання ў Літве з’яўляўся Каліноўскі. Але гэта быў час безнадзейнага змагання. Паўстанне было амаль задушана, хаця яшчэ канчаткова не дадушана. Цікава, што яго кіраўнікамі сталі два ўраджэнцы памежжа Падляшша і Беларусі. Але гэта супадзенне было, вядома ж, выпадковасцю.

Траўгут у той час жыў пад псеўданімам Чарнэцкі ў Варшаве, як Каліноўскі пад прозвішчам Вітажэнец тайна ў Вільні. На іх след расійскія ўлады напалі амаль у адзін час.

Траўгута арыштавалі ў ноч з 10 на 11 красавіка 1864 года ў кватэры Хэлены Кіркор. Героя паўстання павесілі каля Варшаўскай крэпасці 5 жніўня 1864 года. Цяпер тут парк Траўгута.

Варшаўская крэпасць цяпер з’яўляецца філіялам Музея Незалежнасці. На днях тут публіцы была прадстаўлена (праз інтэрнэт) лекцыя Бэаты Міхалец пра Хэлену Кіркор, актрысу віленскіх і варшаўскіх тэатраў, якая хавала ў сваёй кватэры ў Варшаве Рамуальда Траўгута.

Бэата Міхалец: — У яе кватэры на вуліцы Смольнай Траўгут спыніўся на некалькі месяцаў. І там быў арыштаваны. А потым была арыштавана Кіркор, якая ім апекавалася. Абое былі змешчаны за краты ў Варшаўскую крэпасць. Кіркор сядзела над камерай Траўгута. Паводле прыгавора яна была саслана ў далёкую Сібір. Можна пра яе коратка сказаць: як і многія іншыя жанчыны, Кіркор была ціхай гераіняй, удзельніцай Студзеньскага паўстання.

Інфармацыйным спонсарам лекцыі Бэаты Міхалец пра Хэлену Кіркор і Рамуальда Траўгута з’яўлялася Польскае радыё.

Імем Рамуальда Траўгута ў Польшчы названы школы, ліцэі, вуліцы гарадоў і мястэчак, у т.л. вуліца ў Варшаве. Партрэт Траўгута аздабляў банкноту наміналам 20 злотых, якая знаходзілася ў абарачэнні ў 1982–1994 гадах.

У 1928 годзе ў Свіслачы, якая тады ўваходзіла ў склад Польшчы, быў устаноўлены помнік Траўгуту, адноўлены ў 1989 годзе.

У Кобрыне імем паўстанца — Trauguttowa — называлася вуліца, якая ў часы Расійскай імперыі, Савецкага Саюза і дагэтуль носіць імя Аляксандра Суворава, аднаго з душыцеляў паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.

У Беларусі імя Траўгута амаль невядома, а яго ўклад у вызваленчую барацьбу супраць Расійскай імперыі не ўшанаваны.

Вяртаючыся да дзейнасці Музея Незалежнасці ў Варшаве, які займаецца сярод іншага ўвекавечваннем памяці Рамуальда Траўгута і іншых паўстанцаў, якія страцілі жыццё ў сценах Варшаўскай крэпасці, дададзім, што музей вядзе разнастайную работу па вывучэнні і папулярызацыі польска-беларускіх гістарычных, культурных сувязей. Матэрыялы на гэту тэматыку з’яўляюцца, у прыватнасці, у часопісе „Rocznik Kresowy”. Найноўшы нумар прысвечаны у т.л. хрысціянскім традыцыям, якія займалі важнае месца ў светапоглядзе паўстанцаў 1863–1864 гадоў. Гэта тэма закранаецца ў новым нумары часопіса „Rocznik Kresowy”.

Кшыштаф Банкала з Музея Незалежнасці: — Гісторык, які займаецца праблематыкай былых усходніх ускраін Рэчы Паспалітай, не можа ні каліва сумнявацца, што хрысціянства, незалежна ад канфесіі, было адным з асноўных элементаў ідэнтычнасці ў многіх сферах грамадска-палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай. Пасля заняпаду гэтай дзяржавы ўзнікла выразная мадэль патрыятычных паводзін, якая характарызавалася істотнай прысутнасцю ў іх сакральных матываў.

Яшчэ адной тэмай выдання „Rocznik Kresowy” з’яўляецца Рыжскі мірны дагавор, заключаны сто гадоў таму — у 1921 годзе. У выніку, тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж Польшчай і савецкай Расіяй. Для многіх людзей гэта была трагедыя — і ў Беларусі, і ў Польшчы. Пра лёс адной з сямей з Беларусі — Друцкіх–Любецкіх пасля «рыжскага падзелу» можна прачытаць на старонках часопіса „Rocznik Kresowy”.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Вільні праводзяць у апошні шлях Каліноўскага і яго таварышаў

21.11.2019 16:04
22 лістапада ў Вільні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыме ўдзел у цырымоніі дзяржаўнага перапахавання ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў.

Ксёндз: Паўстанне 1863 года вучыць, што нашчадкі Рэчы Паспалітай павінны быць разам

13.02.2020 10:04
Ксёндз Дар’юш Станьчык на Віленшчыне і Сібіры разам са скаўтамі захоўвае памяць пра паўстанцаў 1863 года.