Беларуская Служба

Канстанцін Езавітаў: Беларускую дзяржаўнасць мала абвясціць, яе трэба абараніць — са зброяй у руках

25.03.2021 10:02
Гісторык Юры Грыбоўскі з Варшаўскага ўніверсітэта даследуе біяграфію Канстанціна Езавітава, аднаго з «айцоў» БНР.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Ю.Грыбоўскі пра К.Езавітава.
 .
Канстанцін Езавітаў.Commons.wikimedia.org/Public domain

25 сакавіка адзначаецца 103-я гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Адным з бацькоў БНР быў Канстанцін Езавітаў.

У беларускі нацыянальны рух Езавітаў прыйшоў яшчэ ў 1913 годзе, калі стаў членам першай і адзінай на той час беларускай палітычнай партыі — Беларускай сацыялістычнай грамады.

Юры Грыбоўскі, доктар габілітаваны, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта: — Канстанцін Езавітаў нарадзіўся ў Дзвінску, цяперашнім Даўгаўпілсе, а яго бацька Барыс Ануфрыевіч Езавітаў нарадзіўся ў сучасным Шумілінскім раёне. Барыс Езавітаў быў прафесійным вайскоўцам і лёс яго закідваў у розныя куткі Расійскай імперыі, а ў канцы ХІХ ст. — у Дзвінскую крэпасць.

Беларусам Канстанцін Езавітаў усвядоміў сябе падчас канікул, якія праводзіў у сваіх дзядулі і бабулі ў сучасным Шумілінскім раёне: тут ён пачуў беларускую мову.

Канстанцін Езавітаў у 1917 годзе праводзіў арганізацыйную работу сярод салдат-беларусаў расійскай арміі на Паўночным фронце. Быў абраны намеснікам старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады.

Юры Грыбоўскі:У той час Канстанцін Езавітаў усведамляў, што ідэя беларускай дзяржаўнасці павінна абапірацца не толькі на прававыя асновы, але і на беларускі штык. Езавітаў належаў да тых, хто лічыў, што беларускую дзяржаўнасць недастаткова абвясціць, але яшчэ трэба абараніць — са зброяй у руках.

За ўдзел у арганізацыі і рабоце Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года і дзейнасць па стварэнні беларускага войска Канстанцін Езавітаў у студзені 1918 года быў арыштаваны савецкімі спецслужбамі — ВЧК, але здолеў уцячы.

Юры Грыбоўскі:У ноч з 19 на 20 лютага бальшавікі ўцякалі з Мінска над націскам немцаў. Канстанцін Езавітаў быў прызначаны Выканаўчы камітэтам Усебеларускага з’езда камендантам Мінска. Ён павінен быў забяспечыць абарону горада і стварыць мясцовую міліцыю. Езавітаў ва ўспамінах сцвярджаў, што ў асноўным узяў Мінск пад кантроль, сфарміраваў Беларускі полк. На самай справе, як сведчаць архіўныя дакументы, Беларускі полк уяўляў сабой не полк, а «паспалітае рушэнне», якое налічвала некалькі дзясяткаў чалавек — пераважна членаў мінскага беларускага вучнёўскага гуртка і Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. Гэта былі непрафесійныя вайскоўцы, якія пры ўсім жаданні не маглі абараніць Мінск.

У той час у горадзе дзейнічалі польскія вайсковыя фарміраванні — больш паспяхова, чым беларускія, падначаленыя Езавітаву.

Юры Грыбоўскі адзначае, што сама спроба Канстанціна Езавітава стварыць беларускія вайсковыя фарміраванні і абараніць Мінск сведчыць пра адданасць яго беларускай справе і нацэленасць на дасягненне мэты ў любой сітуацыі.

Юры Грыбоўскі:Канстанцін Езавітаў увайшоў у Народны Сакратарыят — першы ўрад Беларусі, створаны 21 лютага 1918 года. У ім Езавітаў займаў пасаду сакратара па вайсковых справах.

25 сакавіка 1918 года Канстанцін Езавітаў удзельнічаў у абвяшчэнні незалежнасці БНР.

Юры Грыбоўскі:Канстанцін Езавітаў у складзе ўрадаў БНР працаваў над стварэннем беларускіх вайсковых фарміраванняў, праявіў сябе на педагагічнай ніве, стварыў культурна-асветную арганізацыю «Бацькаўшчына».

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Беларусы Варшавы рыхтуюцца да Дня Волі

11.03.2021 10:03
Розныя мерапрыемствы да Дня Волі рыхтуюць адразу некалькі беларускіх і польскіх арганізацый у Варшаве.