Беларуская Служба

Беларуска-ўкраінскія вершы ведала жонка польскага караля

07.10.2021 10:01
Барбара Дзержаноўская, дактарант з факультэта паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, даследуе вершы і песні на беларускай і ўкраінскай мовах XVII-XVIII стст.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Б.Дзержаноўская пра беларускую паэзію XVII-XVIII ст.
             ,    III .
Марыя Казіміра Луіза дэ Ла Гранж д’Арк’ен — каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка караля Яна III Сабескага.Commons.wikimedia.org/Jan Tricius/Public domain

У XVII i XVIII стст. беларуская (у той час пад назвай “руская”) мова была выцеснена з многіх сфер жыцця беларускіх зямель. Тагачасная сітуацыя была чымсьці падобная да цяперашняй, толькі тады панавала польская, а цяпер руская мова. Але, як і цяпер, на беларускай мове стваралася літаратура.

Беларуская і ўкраінская мовы вельмі падобныя. У часы Рэчы Паспалітай гэта падабенства падкрэслівалася і адной агульнай назвай для гэтых моў — руская (пол. język ruski). Барбара Дзержаноўская, дактарант з факультэта паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, даследуе адну з форм літаратурнай творчасці на беларускай і ўкраінскай мовах у XVII i XVIII стст. — вершы і песні. Пра свае даследаванні яна расказала на IX Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Каўнасе 1-3 кастрычніка.

Барбара Дзержаноўская: — Барочная лірыка, якую даследчыкі часцей за ўсё называлі "песнямі, танцамі і пудансамі", належала да папулярнай культуры і была адрасавана шырокай аўдыторыі. Нягледзячы на ​​тое, што цяжка вызначыць пачаткі польскай папулярнай паэзіі, яна дасягнула росквіту ў XVII стагоддзі. Такое ж пытанне ўзнікае падобнае ў выпадку папулярных паэтычных твораў у старабеларускай і ўкраінскай літаратурах, цесна звязаных у гэты перыяд з польскай літаратурай, у якой яны прысутнічалі пад агульнай назвай “рускія песні".

Зафіксаваныя і захаваныя ў рукапісах польскага паходжання, у якіх яны запісаны лацінскім алфавітам, да сённяшняга “рускія песні” не адносіліся адназначна да канкрэтнай культуры з-за іх трансгранічнага і шматмоўнага характару. Іх "беларускасць" існуе ў адной плоскасці з "польскасцю" і "ўкраінскасцю".  Руская песня займала сваё месца ў літаратуры і культуры Рэчы Паспалітай.

Суіснаванне польскай і рускай культурнай мадэлей звычайна ўспрымаецца з пункту гледжання панавання — падпарадкавання, згодна з якім перадача жанравых мадэлей і тэм адбывалася з польскай (якая лічыцца дамінуючай) у рускую літаратуру. Барбара Дзержаноўская прапануе іншы падыход.

Барбара Дзержаноўская: — У сваім даследаванні я спрабую звярнуць увагу фактар ​​памежжа, які раней ігнараваўся. Дзякуючы яму руская літаратура, "выкарыстоўваючы" лацінскі алфавіт, змагла ўзаемадзейнічаць з польскай і аказаць уплыў на польскую літаратуру (напрыклад, букалічныя і фальклорныя паэтычныя матывы). Гэтаму спрыяла ўніверсальнасць і даступнасць папулярнай літаратуры, якая функцыянавала ў полікультурнай рэальнасці тагачаснай польска-літоўскай дзяржавы.

Польскія аўтары творча перапрацавалі рускую літаратуру як з пункту гледжання адаптацыі літаратурных стыляў, так і выкарыстання рускай мовы. Фармальная форма рускіх песень і іх неаднародны склад адлюстроўвалі не толькі мову памежжа ў XVII і XVIII стагоддзях, але і некаторыя ўяўленні пра яе аўтараў. Польскамоўныя аўтары выкарыстоўвалі рускую мову ў сваіх творах як для забавы, так і ў стылістычных мэтах.

Прыклады папулярнай рускай паэзіі, напісанай лацінскім алфавітам, я выявіла ў рукапісах, якія захоўваюцца ва ўстановах культуры Польшчы. Корпус з каля 150 тэкстаў дае магчымасць паспрабаваць убачыць польска-рускія літаратурныя кантакты ў XVII і XVIII стагоддзях, а таксама прызнаць памежжа літаратурнай катэгорыяй.


Фрагмент рукапісу рускай песні, выяўленай Барбарай Дзержаноўскай. Фрагмент рукапісу рускай песні, выяўленай Барбарай Дзержаноўскай.

Барбара Дзержаноўская падкрэслівае, што ўсе песні на рускай мове з тэрыторыі Рэчы Паспалітай захаваліся ў рукапісах і яшчэ многія чакаюць публікацыі.

Барбара Дзержаноўская: — Часта ў рукапісах з’яўляліся запісы ўласнікаў. Але гэтыя запісы сустракаюцца рэдка. Часцей за ўсё няма тых старонак, запісаў, якія б сведчылі пра тое, дзе ствараліся гэтыя рукапісы. Альбо сустракаюцца толькі імя і прозвішча, а то і толькі імя. Вельмі рэдкак сустракаюцца ўказанні на геаграфічнае паходжанне рукапісу. Напрыклад, захаваўся адзін рукапіс з ваколіц Оршы, у якім змешчана вялікая колькасць твораў. Але беручы пад увагу моўную характарыстыку тэкстаў можна зрабіць вывад, што яны паходзілі з тэрыторыі, дзе польская культура сутыкалася з раннеўкраінскай і раннебеларускай. Дзякуючы гэтаму рускія тэксты трапілі ў польскія рукапісы. Трэба падкрэсліць, што гэта рукапісы, якія ствараліся палякамі.

Барбара Дзержаноўская адзначае, што большасць твораў на рускай мове — ананімныя. А паводле зместу — любоўныя.

Барбара Дзержаноўская: — Яны былі самыя папулярныя. Мода на іх пачалася даўно — яшчэ Марысенька ў перапісцы з мужам — каралём Янам ІІІ Сабескім прыводзіла радок з рускага твора. Існавала мода на рускія вершы. Гэта было звязана з тым, што Рэч Паспалітая ў выніку розных палітычных працэсаў пашырала свае ўплывы на ўсход. Гэты ўсходні ўплыў стаў часткай польскай культуры. Гэтыя ўплывы заўважныя ў розных плоскасцях — як у эканоміцы, так і ў літаратуры. Усходнія землі ў літаратуры Рэчы Паспалітай успрымаліся як ідэальная, аркадыйская (шчаслівая, бесклапотная. — Рэд.) прастора.

Вывучаючы беларуска-ўкраінскую паэзію ў польскіх рукапісах, Барбара Дзержаноўская прызнаецца, што задача гэта няпростая.

Барбара Дзержаноўская: — У сувязі з тым, што гэтыя творы запісаны лацінкай, яны “зліваюцца” з польскім тэкстам і выглядаюць як польскія. Бывае так, што перагорнеш 600 старонак рукапісу, і не знаходзіш нічога. Таму мае пошукі былі вельмі марудныя і адабралі многа часу. Аднак ужо цяпер я знайшла больш за сто такіх твораў, якія разам выглядаюць вельмі прадстаўніча. Я іх апрацоўваю ў рамках напісання доктарскай дысертацыі (па беларускіх стандартах — кандыдацкай. — Рэд.) на факультэце паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Я збіраюся падрыхтаваць выданне з каментарыямі гэтых рускіх твораў, запісаных лацінкай, якія я знайшла.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Маркс сведчыў, што Міцкевіч свае першыя вершы складаў па-беларуску

23.09.2021 10:02
У Расіі і Польшчы выйшлі ўспаміны ўраджэнца Віцебска Максымільяна Маркса пра жыццё ў Беларусі і Расіі ў ХІХ ст.