Беларуская Служба

Пасол РП у Беларусі: Мы хочам жыць разам у незалежных дэмакратычных дзяржавах

18.11.2021 10:03
3-5 лістапада ў Вільні прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.”. 
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Канферэнцыя "Палякі ў Беларусі".
, 3  2021 .            XXI .      .
Вільня, 3 лістапада 2021 г. Адкрыццё Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.” у будынку пасольства РП у Літве.Viktar Korbut

3-5 лістапада ў Вільні прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.”. Яе сёлета арганізавалі Цэнтр ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, МЗС РП, пасольства РП у Літве.

Традыцыйна канферэнцыя праходзіла ў Гродне. У яе падрыхтоўцы з года ў год удзельнічаюць дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі, консул (цяпер ужо былы) РП у Гродне Ярослаў Ксёнжак, а таксама ганаровы старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін. 

У Вільні канферэнцыя сабрала не толькі вучоных з Польшчы, Беларусі і Літвы, але і палітыкаў, дзяржаўных дзеячаў. На форуме гучалі ацэнкі сітуацыі ў Беларусі, у т.л. становішча палякаў у Беларусі.

Уршуля Дарашэўская, пасол РП у Літве: — Вільня гістарычна заўсёды аб’ядноўвала літоўцаў, палякаў і беларусаў, грамадзян Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, некалі падзеленай акупантамі. Цяпер Вільня нас яднае ў дыскусіі аб лёсе палякаў у Беларусі і ўвогуле грамадзян Беларусі, якія вымушаны эмігрыраваць.

У зачытаным Уршуляй Дарашэўскай лісце кіраўніка канцылярыі прэм’ер-міністра РП Міхала Дворчыка да ўдзельнікаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.” сярод іншага канстатуецца сучасная сітуацыя палякаў у Беларусі: “Рэпрэсіі за дзейнасць на карысць палякаў у Беларусі ў 2021 годзе набылі яшчэ большы маштаб і жорсткасць. Нашы суайчыннікі Анжаліка Борыс і Анджай Пачобут былі затрыманы спецслужбамі беларускага рэжыму і з сакавіка застаюцца ў турме, а многія іншыя вымушаны пакінуць Беларусь. Іх лёс ніколі не будзе абыякаваны ўраду Аб’яднаных правых сіл”.

Пасол РП у Беларусі Артур Міхальскі лічыць, што нягледзячы на цяперашні складаны перыяд у гісторыі Беларусі і палякаў у Беларусі, гэта і час для пераасэнсавання многіх пытанняў.

Артур Міхальскі, пасол РП у Беларусі:Палякі, беларусы, літоўцы пазнаюць сваю агульную ідэнтычнасць, якая глыбока ўкарэнена ў еўрапейскай супольнасці. І даследаванне гісторыі з’яўляецца фундаментальным для фарміравання нашых мар пра будучыню.

Я глыбока веру ў тое, што мы хочам жыць разам у незалежных дэмакратычных дзяржавах.

Артур Міхальскі адзначыў, што клопат польскай дзяржавы пра палякаў, якія жывуць за граніцай РП, гэта нармальная з’ява.

Артур Міхальскі:Усе разам мы складаем супольнасць людзей, якім на самай справе вельмі важна, каб прывесці да перамен, нармальнага жыцця. Ніколі мы не мелі на мэце нічога кепскага.

Палякі заўсёды былі, ёсць і будуць неаддзельнай гістарычнай натуральнай часткай беларускага грамадства.

Артур Міхальскі напомніў не толькі пра лёс палякаў у Беларусі, якіх дыскрымінуе рэжым Лукашэнкі, але і пра рэпрэсіраваных беларусаў.

Артур Міхальскі:Афіцыйна больш за 800, а на самай справе, мабыць, больш нашых беларускіх братоў і сясцёр з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі і пакутуюць. Мы павінны пра іх памятаць і дабівацца іх вызвалення.

Пасол РП у Беларусі, звяртаючыся да беларусаў, сказаў некалькі слоў па-беларуску.

Артур Міхальскі:Я вельмі шчаслівы, што ў нас ёсць беларускія сябры. Гэта вельмі важна —адчуваць супольнасць палякаў, беларусаў і літоўцаў. Гэта асабліва важна ў цяперашні цяжкі час. Але я глыбока перакананы, што гэты цяжкі час мы пройдзем і будзем разам таксама і ў будучыні.

Па відэасувязі ўдзел у канферэнцыі ў Вільні “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.” прыняла Святлана Ціханоўская, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі, якая, паводле розных ацэнак, перамагла Аляксандра Лукашэнку на выбарах 9 жніўня 2020 года. Аднак выбары былі сфальсіфікаваны, што выклікала масавыя дэманстрацыі пратэсту, якія падаўляюцца рэжымам Лукашэнкі з нябачанай раней жорсткасцю.

Напомніўшы пра лёс Анжалікі Борыс і Анджая Пачобута, Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што антыпольская палітыка мінскага рэжыму не адпавядае традыцыям беларускага народа.

Святлана Ціханоўская: — Беларусь заўсёды была краінай розных культур і моў. Беларуская і польская культура ўзаемадзейнічалі ад часоў Адама Міцкевіча да Чэслава Немэна. Тыя, хто гаворыць і лічыць сябе палякам, з’яўляюцца неад’емнай часткай беларускай нацыі.

Кожная нацыянальная меншасць павінна мець свабоду стварэння сваіх школ і арганізацый. Але цяпер усё не так. Сіла законаў павінна быць адноўлена ў Беларусі. Гэта павінны зрабіць самі беларусы. Але ўсе людзі добрай волі могуць ім дапамагчы.

Ян Маліцкі рэзюмаваў ролю польскай дзяржавы, МЗС РП не толькі ў падтрымцы палякаў у Беларусі, але і дэмакратычнага грамадства ў РБ.

Ян Маліцкі: Польшча робіць вельмі многа для падтрымкі незалежных рухаў у Беларусі.

Ян Маліцкі выказаў спадзяванне, што наступная канферэнцыя “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.” адбудзецца ў прысутнасці Анжалікі Борыс і Анджая Пачобута.

Віктар Корбут

Вільня

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Андрэй Стрыжак: Літва і Польшча — правайдары Беларусі за мяжой

11.11.2021 10:01
Праваабаронца Андрэй Стрыжак лічыць, што Літва і Польшча зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была дэмакратычнай і вольнай дзяржавай.