Беларуская Служба

Польскія вучоныя: Лукашэнка ажыццяўляе псеўдабеларускі праект

23.12.2021 10:02
У Варшаве выйшла кніга Яанны Гэткі і Ялянты Дарчэўскай „Na drodze do wolności. Białoruska partyzantka kulturowa w przestrzeni publicznej i Internecie”.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Я.Гэтка пра беларусаў у 2020 г.
   23  2020 .
Дэманстрацыя ў Мінску 23 жніўня 2020 года.Commons.wikimedia.org/Homoatrox/CC BY 3.0

У Варшаве выйшла кніга Яанны Гэткі і Ялянты Дарчэўскай „Na drodze do wolności. Białoruska partyzantka kulturowa w przestrzeni publicznej i Internecie” (“На шляху да свабоды. Беларускія культурныя партызаны ў публічнай прасторы і ў Інтэрнэце”). Манаграфія паказвае ролю контркультуры ў працэсе пабудовы сучаснай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і характарызуе інструменты культурнага пратэсту (банеры, музыка, вулічнае мастацтва, лічбавыя формы супраціўлення), якія выкрываюць дэфіцыт праўды ў адносінах паміж уладамі Беларусі і грамадствам.

Крызіс 2020 года падарваў афіцыйную прапаганду, дамінуючым матывам якой быў «бацька Лукашэнка» як гарант стабільнасці і сацыяльнага міру ў Беларусі. Гэты вобраз быў адсунуты на другі план вобразам грамадства, якое паўстала супраць псеўдакаштоўнасцей рэжыму Лукашэнкі, тлумачыць адзін з аўтараў кнігі „Na drodze do wolności” прафесар Яанна Гэтка.

Яанна Гэтка, загадчык кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта:Пытанні ідэнтычнасці знаходзяцца ў цэнтры сацыяльна-палітычных праблем Беларусі з моманту атрымання ёю незалежнасці ў 1991 годзе. З таго часу воссю палітычнага змагання паміж уладай і апазіцыяй нязменна застаюцца іх канцэпцыі беларускасці, якія дыяметральна адрозніваюцца па пытаннях стаўлення да мовы і нацыянальнай гісторыі, цывілізацыйных меж, сістэмы каштоўнасцей і г.д.

У 1991-1994 гг. ідэнтычнасць разглядалася галоўным чынам у этнічных катэгорыях: акцэнтавалася ўвага на абуджэнні нацыянальнай свядомасці дасавецкага перыяду, нацыянальнай мове, асобай беларускай калектыўнай памяці, сувязі з зямлёй продкаў, шанаванні традыцый. Гэта канцэпцыя, якая атрымала назву аўтахтоннай (тытульнай, натывістычнай, праеўрапейскай), была адкінута пасля таго, як да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка ў 1994 годзе.

Свой псеўдапраект беларускай ідэнтычнасці, заяўлены як неасавецкі (заходнерускі, усходнеславянскі, русафільскі), Лукашэнка адрасаващ рускамоўным беларусам і супрацьпастаўляў ранейшаму аўтахтоннаму праекту.

Паставіўшы грамадства перад выбарам паміж Усходам і Захадам, улада на доўгія гады паглыбіла сацыяльныя і культурныя падзелы, запаволіла працэс будавання калектыўнай ідэнтычнасці, падтрымліваючы дыхатамічнае раздваенне дыскусіі аб ідэнтычнасці на дзве супрацьлеглыя плыні.

Закрытае ў культурных рамках “беларуская пытанне” на працягу амаль 30-гадовага кіравання Лукашэнкі не раз вярталася ў выглядзе вулічных бунтаў: пачынаючы з 1995 г., у адказ на рэферэндум па дзяржаўнай мове і сімвалах, падчас “Мінскай вясны”  1996 г., дэманстрацый супраць стварэння Саюзнай дзяржавы з Расіяй у 1997 г. альбо рэгулярных пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў выбараў Прэзідэнта РБ у 1999, 2006 i 2010 гг. (апошняя падзея вядома як “Плошча-2010”), завяршаючы масавым святкаваннем стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 2018 г.

У гэтым кантэксце леташнія пратэсты сталі своесаблівым вынікам сучаснага працэсу фарміравання культурнай ідэнтычнасці беларускага грамадства.

У 2020 годзе адбыўся выхад па-за жорсткія межы дыхатамічных мадэлей канцэпцый беларускасці.

Яанна Гэтка:Грамадства праігнаравала навязаную дзяржаўнай ідэалогіяй дыскусію палітыкаў і тэарэтыкаў, якая адбывалася паводле прынцыпу tertium non datur і ў якой дамінавалі канфрантацыйныя палітычныя пытанні, што пазбаўляла грамадзян права мець уласнае бачанне калектыўнай ідэнтычнасці і рабіла немагчымым існаванне плюралізму і грамадзянскай супольнасці.

Калі ранейшыя маніфестацыі былі скіраваны галоўным чынам да моладзі і абмяжоўваліся аспрэчваннем афіцыйнай ідэалогіі, дык у 2020 г. яны атрымалі шырокі грамадскі рэзананс: абудзілі грамадскую салідарнасць і дух грамадзянскага адзінства.

Упершыню адбылася такая мабілізацыя і кансалідацыя шырокіх груп грамадства незалежна да культурных падзелаў. У выніку, пратэст палітычнага паходжання ў вельмі кароткі час набыў характар культурнага. Адначасова ён прадэманстраваў, што культурная прастора, у тым ліку ідэйна-сімвалічная, мае шырокае поле розных значэнняў і інтэрпрэтацый.

Культурная прастора пачала выконваць інтэграцыйную ролю, аб’ядноўваючы прадстаўнікоў розных грамадскіх груп. У гэтым сэнсе беларускія пратэсты 2020 года былі па сутнасці першым ўсеагульным культурным вопытам беларусаў у XXI стагоддзі. Выразны контркультурны характар гэтага вопыту адлюстраваны ў адмаўленні дамінуючай культуры, якая арыентуецца на легітымізацыю ўлады.

Традыцыйныя формы “дыялогу” грамадства з уладай былі заменены новымі нестандартнымі формамі экспрэсіі. Візуальныя і аўдыёвізуальныя формы пратэсту ўтрымліваюць пэўныя культурныя коды і грамадскія каштоўнасці беларусаў, a разам з тым фарміруюць іх погляды, несучы вялізарны патэнцыял мабілізацыі і супраціўлення.

Агульны контркультурны вопыт беларусаў бяспрэчна мае інтэграцыйны характар, спрыяе ўсталяванню грамадскіх сувязей, будуе інтэракцыі, зніжае ўзровень страху, дзякуючы чаму ператвараецца ў інструмент грамадзянскага пратэсту і барацьбы з сістэмай, адначасова становячыся культурнай часткай працэсу фарміравання новай нацыянальнай ідэнтычнасці.


Вокладка кніга Яанны Гэткі і Ялянты Дарчэўскай „Na drodze do wolności. Białoruska partyzantka kulturowa w przestrzeni publicznej i Internecie”. Вокладка кніга Яанны Гэткі і Ялянты Дарчэўскай „Na drodze do wolności. Białoruska partyzantka kulturowa w przestrzeni publicznej i Internecie”.

­

Яанна Гэтка разам з Ялянтай Дарчэўскай у сваім даследаванні паказваюць, што беларускія пратэсты характарызуюцца спантаннасцю, ініцыятывай знізу, пры гэтым — паслядоўнасцю дзеянняў ва ўласным падпольным свеце, а таксама тэматыкай, якая адпавядае чаканням беларусаў.

Яанна Гэтка:Пратэсты выконваюць таксама адукацыйную функцыю, значнасць якой складана пераацаніць у культурным вымярэнні: перадача ведаў замяняе ўрокі па гісторыі і роднай мове, напамінаючы наступным пакаленням аб тым, што за сваю краіну і яе свабоду належыць змагацца.

Галоўнай ідэяй беларускай культурнай рэвалюцыі (рэвалюцыі надзеі, годнасці) стаў лозунг “Хочам перамен!”. Грамадзянская актыўнасць набыла падпольныя формы, візуальнымі праявамі якіх стала бела-чырвона-белая сімволіка.

Крытычны патэнцыял актыўнасці, якая выбухнула ў 2020 годзе, назапашваўся з самага пачатку кіравання дзяржавай Лукашэнкам. Можна гэта пабачыць на прыкладзе твораў беларускіх выканаўцаў (Лявона Вольскага і гурта N.R.M., Сяргея Міхалка і гурта Brutto, барда Андрэя Мельнікава і інш.), альтэрнатыўных музычных праектаў (рок-альбом „Народны альбом”, 1996 г.), да якіх гарнуліся “вольныя беларусы” ствараючы тым самым новыя актуальныя тэксты культуры.

Акрамя таго, беларуская ідэнтычнасць супраціўлення, якая ахоплівае ўсё шырэйшыя слаі грамадства, будуецца пры дапамозе лічбавых сродкаў. Можна заўважыць розныя праявы гэтага працэсу, такія як гумар у сацсетках, мастацтва (найчасцей лічбавая графіка, якая выстаўляецца ў інтэрнэт-галерэях) i разнастайныя патрыятычныя адукацыйныя грамадскія ініцыятывы ў Інтэрнэце. Роля культурных інтэрнэт-пляцовак, мабыць, будзе павялічвацца па аб’ектыўных прычынах, галоўнай з якіх з’яўляецца адсутнасць магчымасці дзейнічаць у рэальнай прасторы.

Рэжым Лукашэнкі рэагуе на праявы пратэсту ўсімі магчымымі юрыдычнымі і адміністрацыйнымі сродкамі, намагаецца дыскрэдытаваць актывістаў і прымусіць іх сысці ва ўнутраную і знешнюю эміграцыю. Да такога вываду прыходзяць ­Яанна Гэтка і Ялянта Дарчэўская.

Яанна Гэтка:Контркультурныя дзеянні, якія актывізаваліся ў 2020 годзе, з’яўляюцца своесаблівым вынікам ранейшага вопыту, але яны вылучаюцца сваёй масавасцю і актыўнасцю шырокіх слаёў беларускага грамадства.

Нягледзячы на брутальны контрнаступ улад, які прымусіў удзельнікаў пратэсту зрабіць крок назад і перайсці ў падполле, да шырокіх партызанскіх дзеянняў, пачаты ў 2020 годзе працэс перамен ужо немагчыма затрымаць, а назапашаная энергія зноў выплыве на паверхню як толькі з’явіцца такая магчымасць.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Андрэй Стрыжак: Для Лукашэнкі беларусы — частка савецкага народа

25.11.2021 10:01
Беларусь можа пайсці па ірландскім шляху развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці, калі дзяржава не падтрымае беларускую мову, прагназуе Андрэй Стрыжак, кіраўнік фонда BySol.