Сёння ўсё больш беларусаў прыязджаюць на вучобу і працу ў Польшчу. А палякі ў той жа час імкнуцца адкрыць для сябе Беларусь. А зрабіць гэта без беларускай мовы немагчыма.
Радаслаў Калета — вядомы ў Польшчы беларусіст, паланіст, кіраўнік кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. У прыватнасці, ён даследуе польска-беларускія моўныя кантакты, праблемы выкладання польскай і беларускай моў як замежных (глотадыдактыка). Вучоны адзначае, што беларуская мова і спрыяе і перашкаджае ў авалодванні польскай.
Радаслаў Калета: — Беларуская мова сапраўды дапамагае ў авалоданні польскай да пэўнай ступені. Калі беларус чытае польскі тэкст на пачатковым узроўні, ён можа даволі шмат зразумець. Але ў гэтым ёсць таксама пэўная небяспека — падае матывацыя вывучыць польскую мову на дасканалым узроўні. Вельмі часта, асабліва сярод маладых людзей, папулярнай з'яўляецца думка, што калі разумееш паляка, то ўжо ведаеш польскую мову. Ведаеш, але пасіўна. A мэта вывучэння кожнай мовы — актыўнае валоданне ёю. Ёсць шмат беларусаў, якім здаецца, што яны гавораць па-польску. Яны перакананы, што кожны паляк павінен зразумець сказ кшталту *Ja czytał gazetu. Tак, большасць палякаў зразумее гэты сказ, асабліва калі хтосьці з іх вывучаў раней якую-небудзь славянскую мову. Але трэба разумець, што такі ўзровень «валодання» моваю недастатковы. Згаданы сказ па-польску павінен гучаць Czytałem gazetę. У польскай мове ў дзеяслове прошлага часу канчатак -em азначае першую асобу мужычнскага роду (для жаночага роду — канчатак -am), і таму адпадае неабходнасць ужываць займеннік ja ў гэтым і аналагічных сказах. У назоўніках жаночага роду на -а ў вінавальным склоне выступае канчатак -ę. Гэта адно з першых правіл, якое павінен засвоіць навучэнец.
Беларуская мова (таксама і руская) вельмі падобная да польскай, але не заўсёды падобныя па гучанні канструкцыі азначаюць тое самае ў абедзвюх мовах. Напрыклад, ужыванне дзеясловаў wiedzieć і znać у польскай мове крыxу адрозніваецца, чым ужыванне беларускіх ці рускіх эквівалентаў. Дзеясловы падобныя, але не ва ўсіх кантэкстах, і калі гэтага не ведаць, то яны могуць стаць крыніцай памылак. Падрабязны аналіз цяжкасцей польскай мовы можна знайсці ў маёй кнізе «Польска-беларуская глотадыдактычная ляпсалогія» (2015). Вывады прынамсі два: па-першае, варта заўважыць пазітыўны аспект моўных памылак і выкарыстоўваць іх у дыдактычных мэтах, а па-другое, вывучаць польскую мову — варта!
Варта адзначыць, што беларусы звычайна вельмі добра і xутка вывучаюць польскую мову.
Радаслаў Калета.
Большасць беларусаў гаворыць па-руску. Як руская мова ўплывае на якасць вывучэння беларускай і польскай моў?
Радаслаў Калета: — Часта здараюцца памылкі, якія ўзнікаюць даволі складаным чынам і нярэдка з-за блізкасці беларускай і рускай моў, таму цяжка сказаць, ці памылка ўзнікла пад уплывам беларускай ці рускай мовы, тым больш, што беларусы — двуxмоўныя. Tрэба таксама ўзяць пад увагу пытанне ўплываў рускай мовы на беларускую, а таксама з'яву гэтак званай трасянкі. Усё гэта разам прычыняецца да таго, што даследаванне прычын узнікнення моўных памылак беларусаў, якія вывучаюць польскую мову, не з'яўляецца лёгкай задачай, а ключавое ў такіх даследаваннях пытанне польска-беларуска-рускай інтэрферэнцыі. Сацыялінгвістычная сітуацыя ў Беларусі, а таксама з'ява двуxмоўя беларусаў — гэта нялёгкія мовазнаўчыя пытанні, якія ўскладняюць працэс даследавання памылак, што робяцца пры вывучэнні польскай мовы.
Aднак беларусы, нягледзячы на тое, ці штодзень карыстаюцца рускаю ці беларускаю моваю — і так пры вучэнні польскай мовы звяртаюцца (свядома ці не) да беларускай мовы, бо, як сцвярджаюць даследчыкі, у сітуацыях, калі не могуць знайсці польскі адпаведнік, часцей карыстаюцца беларускім словам, а не рускім, бо ў іх свядомасці існуе глыбокае перакананне, што беларуская мова больш падобная да польскай, чым руская.
Палякі, якія раней вывучалі рускую мову, выкарыстоўваюць шмат лексічных і граматычных русізмаў у беларускай мове — ім трэба паступова вучыцца адрозніваць рускую ад беларускай, а гэта не так лёгка на пачатковым этапе.
Ёсць словы, якія ў польскай літаратурнай мове зніклі (chutki), а ў беларускай, запазычаныя з польскай, жывуць. Радаслаў Калета таксама вывучае паланізмы-архаізмы ў беларускай мове.
Радаслаў Калета: — Слова chutki ў польскім кантэксце ў мяне больш асацыіруецца з дыялектамі або кашубскай мовай... Але сапраўды, у беларускай мове выкарыстоўваюцца такія словы, якія ў польскай мове лічацца ўжо архаізмамі, напр. экскурсія (польск. ekskursjа), віншаваць (польск. winszować), снедаць (польск. śniadać), аўтамабіль (польск. automobil), цытата (польск. cytata), канікулы (польск. kanikuła), вячэра (польск. wieczerza), марка (польск. marka). Калі беларусы выкарыстоўваюць такія словы ў сваёй польскай мове, то гэта можна лічыць стылістычнай памылкай, якая дае камічны эфект, бо сёння палякі так не гавораць.
Але і ў беларускай мове ёсць паланізмы, якія раней лічыліся нейтральнымі, а сёння ўжо характарызуюцца як стылістычна афарбаваныя. Прыклады такіх паланізмаў дае выдадзены ў 2007 годзе «Слоўнік архаізмаў і гістарызмаў (па творах беларускай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі», напр. пляц (сёння плошча), амбасадар (сёння пасол), беларусін (сёння беларус), гарбата (сёння чай).
Адначасова трэба адзначыць, што не заўсёды лексема падобная да польскай мусіць быць адразу архаізмам, напр. кругавід (гэта архаізм) — сёння гарызонт, параўн. польск. horyzont.
Ёсць таксама лексемы, якія ў абедзвюх мовах з’яўляюцца архаізмамі, напр. каліта (сёння: кашалёк), дыярыуш (сёння: дзённік), дысцыпліна (сёння: рамень, бізун), амбарас (сёння: турботы).
Гэта з'ява вынікае з гісторыі развіцця блізкароднасных беларускай і польскай моў, моўных уплываў, а таксама запазычанняў. Варта адзначыць, што адрозненні ў стылістыцы беларускай і польскай моў могуць быць крыніцай не толькі гістарычнай і этымалагічнай інфармацыі, але таксама дапамогай пры сінхранічным вывучэнні і даследаванні беларускай і польскай моў.
Віктар Корбут
Слухайце гукавы файл