Беларуская Служба

Зянон Пазняк: Усе нашы праблемы — і моўныя, і эканамічныя існуюць толькі таму, што існуе Расія, але яе распад малаверагодны

06.04.2023 16:01
Зянон Пазняк напамінае, што немцы ў XVIII ст. рэарганізавалі Расійскую імперыю, што дапамагло ёй захапіць ВКЛ — так Беларусь трапіла пад Расію.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". З.Пазняк пра імперыялізм РФ і лёс РБ.
        .
Зянон Пазняк у офісе фонду “Беларускі дом у Варшаве”. https://www.facebook.com/photo?fbid=528371276071564&set=pcb.528371519404873&locale=ru_RU

Вайна Расіі супраць Украіны пачалася не ў 2022 і не ў 2014 годзе. Яна доўжыцца вякамі. Гэтак жа, як і супраць Беларусі, а яшчэ раней — супраць ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пра тое, у чым яе сутнасць, тлумачыць адзін з заснавальнікаў сучаснага беларускага нацыянальнага руху Зянон Пазняк.

У апошні час у офісе фонду “Беларускі дом у Варшаве” нярэдка можна ўбачыць Зянона Пазняка. Тут ён выступае з лекцыямі, сустракаецца з прыхільнікамі. Падчас аднаго са спатканняў ён падзяліўся сваім поглядам на вытокі і сучасную сутнасць рускага імперыялізму, а таксама будучыню нашага свету — з Расіяй побач або без яе.

Звяртаючыся да гісторыі, Зянон Пазняк прапанаваў шукаць корань сучаснага рускага імперыялізму ў XVIII стагоддзі, у часы праўлення Расійскай імперыяй немкі Кацярыны II.

Зянон Пазняк:Кацярына II якраз гэтую імперскую палітыку давяла да абсурду. І яна працягваецца дагэтуль. Вось гэтая спадарыня царыца, народжаная немка Сафія Фрыдэрыка Аўгуста Ангальт-Цэрбсцкая (нарадзілася ў Штэціне, цяпер Шчэцін у Польшчы, яе бацька Крысціян Аўгуст Ангальт-Цэрбсцкі паходзіў з цэрбст-дорнбургскай лініі Ангальцкага дома. — Рэд.), пад іменем Кацярыны стварыла тое, чаго не стварыў ні вар'ят Пётр I, ні рускія цары раней. Яна стварыла ідэалогію імперыі. Раней усё гэта мела стыхійны характар, з мангольскіх часоў.

Прыйшлі немцы, якія стварылі на прускі ўзор войска ў Расіі. Бо раней гэта было не войска, а арда. Таксама немцы адпаведным чынам стварылі бюракратыю на нямецкі ўзор і г.д.

Праўда, удалося мала. Калі Кацярына II толькі прыйшла да ўлады, то ў першыя пяць гадоў начыталася Вальтэра і мела намер правесці на высокім узроўні рэформы ў Расійскай імперыі. Яна нават сабрала камісію па ўкладанні законаў — 572 дэпутаты ад усёй Расіі, ад усіх саслоўяў, акрамя сялян, — дваране, купцы, мяшчане. І была пастаўлена задача стварыць заканадаўства, каб рэфармаваць Расію, ператварыць яе ў імперыю новага тыпу. Два гады працавала група з 572 дэпутатаў — і не напісалі ні радка. Яны былі настолькі тупыя, што не разумелі, што ад іх хочуць. Якое заканадаўства? Гэта як папуасам даць напісаць заканадаўства ЕС.

І скончылася ўсё тым, што Кацярына ІІ зразумела: нічога з гэтага не выйдзе. Група была распушчана. А Кацярына II занялася сексам і геапалітыкай. І, як той казаў, і там і там яна мела поспех.

Але жарты і іронію ў бок! Для нас гэта абярнулася вельмі сур'ёзнай небяспекай. Бо нямецкая арганізацыя расійскага грамадства, у якім застаўся ранейшы ардынскі імпэт, прывялі да агрэсіі Расіі. У выніку перастала існаваць Вялікае Княства Літоўскае, была падзелена Рэч Паспалітая, а ўся Беларусь трапіла ў склад Расійскай імперыі.

Палітыка, падрыхтаваная Кацярынай II, пачынала працаваць. І вось гэтая палітыка па знішчэнні культуры пачалася менавіта з часоў Кацярыны II, гэта яна яе прыдумала, гэта яна яе стымулявала.

Зянон Пазняк пра гэта піша і гаворыць з 1990-х гг. Здавалася б, гэтыя факты вядомыя. Аднак, мабыць, не ўсім.

Зянон Пазняк:Але калі ў 1990-я гг. я пісаў пра гэта і артыкулы, і кнігі, гэта не даходзіла... Бо гэта былі абстрактныя развагі. А цяпер прыйшоў час паўтарыць гэта ва ўвесь голас зноў, бо прыйшла практыка: людзі ўбачылі, што такое Расія, што такое рускі фашызм, як яны паводзяць сябе на Украіне, як яны ставяцца да ўсіх народаў.

Вы паглядзіце на іх дзеячаў культуры! Што яны робяць з тымі адзінкамі, якія паўсталі супраць таго, што адбываецца — як, напрыклад, паўстала Ахеджакава. Яны гатовы іх знішчыць, забіць, апляваць! Гэта тое грамадства, якое засталося ад той імперыі: яно засталося ў стане імперыі.

Імперыі характэрна экспансіўнае развіццё. Яны, імперыі, не накіраваны на ўнутранае развіццё, на сацыяльнае развіццё, а — на агрэсію, захоп тэрыторый, павелічэнне тэрыторый.

І калі ў кагосьці ёсць ілюзіі, што разам і побач з Расіяй нешта можна зрабіць, і што ў Расіі будзе нейкая дэмакратыя, то не раю так думаць. Таму што гэта абернецца няшчасцем вашых дзяцей.

Зянон Пазняк бачыць толькі адну добрую перспектыву — свет без імперскай Расіі. Аднак наколькі гэта рэалістычны варыянт? Палітык улічвае розныя магчымыя сцэнарыі.

Зянон Пазняк:Трэба маліцца, каб Расія пацярпела паражэнне ў цяперашняй вайне, каб яна рассыпалася. Бо толькі з паражэннем Расіі ў гэтай вайне многія выкліканыя ёю праблемы перастануць існаваць.

Усе нашы праблемы — і моўныя, і сацыяльныя, і культурныя, і эканамічныя, і газавыя, і нафтавыя існуюць толькі таму, што існуе гэты Мордар, які праводзіць гэтую палітыку.

І калі гэты Мордар застанецца пасля вайны і будзе вісець над намі як скала, усе праблемы, якія мы перажываем цяпер, застануцца.

Але калі Мордар здохне, то шматлікія праблемы вырашацца самі сабой. Мы будзем вольныя, мы будзем самі сабой, мы будзем ствараць супольнасць з суседзямі — Усходнюю Еўропу.

Але распад Расіі малаверагодны. На жаль, яна, верагодна, захаваецца, хоць і ў аслабленым стане. Гэтага хоча Еўропа, ды і Амерыка не супраць. І Кітай.

Але калі нават Расія распадзецца, то сумняваюся, што вялікую ролю ў гэтым працэсе будзе іграць нацыянальна-этнічны фактар. Хоць могуць праявіць сябе Татарстан, Башкартастан, Каўказ.

Распад Расіі можа адбыцца паводле мафіёзнага прынцыпу. Тыя людзі, якія скралі шмат грошай, мусілі б пайсці пад суд. Але ў іх будзе выйсце, і яны ўжо пра гэта гавораць: стварыць якую-небудзь навасібірскую рэспубліку, як гэта было ў 1919-1920 гг., калі ў Расіі ішла Грамадзянская вайна. Калчак і іншыя тады стваралі буферныя рэспублікі, выпускалі свае грошы. Гэта ўжо Расія праходзіла, калі тады распадалася.

Мабыць, найлепшым варыянтам было б знешняе кіраванне Расіяй. Як гэта было пасля паражэння Германіі ў Другой сусветнай вайне, калі яе тэрыторыі знаходзіліся пад знешнім кіраваннем — амерыканскім, англійскім, савецкім, пакуль не быў апублікаваны план Маршала па аднаўленні Германіі. Можа быць і так.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Зянон Пазняк: Калі пераможа Украіна, з’явіцца перспектыва і ў Беларусі

09.02.2023 15:11
Зянон Пазняк лічыць, што тыя, хто абараняе Украіну ў палку імя Каліноўскага, — гэта будучая палітычная эліта Беларусі.

Зянон Пазняк: Будзе беларуская мова, будзем на ёй гаварыць — будзе жыць нацыя

09.03.2023 15:06
Зянон Пазняк лічыць, што ў вольнай Беларусі дзяржаўнай павінна быць беларуская мова, але беларусам трэба даць магчымасць свабодна гаварыць па-руску.