Украінскія жаўнеры ўзялі ў палон паўночнакарэйскага вайскоўца. Выведка Паўднёвай Карэі паведамляе, што ён адзін з некалькіх тысяч вайскоўцаў з Поўначы, адпраўленых сёлета на ўкраінскі фронт. Дакладнае месца яго захопу не паведамляецца.
«Дзякуючы абмену інфармацыяй з разведвальным агенцтвам краіны-саюзніка, было пацверджана, што адзін паранены паўночнакарэйскі салдат быў узяты ў палон», - гаворыцца ў заяве Нацыянальнай разведвальнай службы Паўднёвай Карэі.
Некалькі дзён таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў, што амаль 3000 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў былі забітыя або параненыя падчас баёў на ўкраінскім фронце. Раней паўднёвакарэйская разведка ацэньвала колькасць забітых і параненых прыкладна ў 1000 чалавек.
Пры гэтым адзначалася, што такія вялікія страты абумоўлены няведаннем поля бою і адсутнасцю магчымасці супрацьстаяць атакам беспілотнікаў. Паўночнакарэйскія салдаты таксама часта выкарыстоўваюцца ў якасці «штурмавых падраздзяленняў першай лініі», што цягне за сабой вялікія страты.
ПР/юл